Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 траўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Грамадзкая камісія ў справе расьсьледаваньня зьнікненьня Юрыя Захаранкі накіравала заяву ў Міжнародную Лігу Правоў Чалавека аб распачацьці расьсьледаваньня зьнікненьня Захаранкі. Камісія вядзе самастойныя пошукі, але выніку яны пакуль не даюць.

«Тыдзень пошукаў былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі ня даў ніякіх вынікаў», — паведамляе старшыня грамадзкай камісіі Алег Волчак. Камісія зьбірае інфармацыю ад сьведкаў па тэлефоне 263-04-82, праводзіць абсьледаваньне раёну магчымага зьнікненьня Захаранкі, прыкладвае намаганьні, каб арганізаваць афіцыйныя пошукі. Рэч у тым, што крымінальная справа паводле факту зьнікненьня Захаранкі дагэтуль ня ўзбуджаная. Вось чаму ў чацьвер сябры камісіі дапамаглі скласьці адпаведную заяву жонцы Захаранкі Вользе Барысаўне і завезьлі заяву ў пракуратуру краіны.

Алег Волчак перакананы, што ўзбуджэньне справы павялічыць эфэктыўнасьць пошукаў Юрыя Захаранкі. Паводле ягоных словаў, камісія таксама накіравала заяву аб расьсьледаваньні зьнікненьня Захаранкі ў Міжнародную Лігу Правоў Чалавека пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Алег Волчак сьцьвярджае, што шырокая міжнародная агалоска справы Захаранкі падштурхне беларускія ўлады да больш актыўных дзеяньняў па пошуках экс-міністра.

Тым часам прэсавая служба Міністэрства Ўнутраных Справаў сьцьвярджае, што пошукі Юрыя Захаранкі вядуцца ў адпаведнасьці з законам і сытуацыяй. Гэта азначае, сказалі ў прэсавай службе, што калі будуць пэўныя падставы — будзе ўзбуджаная крымінальная справа. Якія падставы патрэбныя сьледчым — прэсавая служба МУС не патлумачыла. Было сказана толькі: «Гэта праблема спэцыялістаў».

Тым часам стала вядома, што ў менскім сьледчым ізалятары сёньня спыніў галадоўку былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў. Пра гэта паведаміла адвакат Лявонава Вольга Зудава, якая наведала вязьня ў ізалятары. Лявонаў галадаваў з 25 красавіка. Ён дамагаўся прызначэньня яму лячэньня ва ўмовах стацыянару. Ці дасягнуў былы міністар сваёй мэты — адвакат яшчэ ня ведае. Паводле Зудавай, Лявонаў спыніў галадоўку на настойлівую просьбу турэмных дактароў, якія сьцьвярджаюць, што ў вязьня пачалося захворваньне нырак і далейшая галадоўка прывяла б да непазьбежнай сьмерці.

«Цяпер Лявонаў адчувае сябе вельмі дрэнна, аднак маральна ён ня зломлены. Гэта вельмі мужны чалавек. Ён ведае пра ўсё, што адбываецца на волі, у тым ліку і пра Юрыя Захаранку. Лявонаў прасіў перадаць родным Захаранкі словы маральнай падтрымкі. Ён вельмі непакоіцца за лёс гэтага выдатнага чалавека і ўпэўнены, што ў рэшце рэшт Захаранка знойдзецца і зь ім усё будзе добра», — паведамляе Вольга Зудава.

Што да справы самога Лявонага, адвакатка ня ведае, калі пачнецца яе разгляд у Найвышэйшым Судзе. Зудавай толькі стала вядомае прозьвішча судзьдзі, які будзе разглядаць справу — Віктар Чартовіч. Адвакатка не выключае, што суд адбудзецца не раней, чым за некалькі месяцаў, паколькі зараз прыйдзецца чакаць, пакуль уступіць у законную сілу прысуд над былым старшынём акцыйнага таварыства «Расьсьвет» Васілём Старавойтавым.

Патлумачым, што эпізод, паводле якога Лявонава абвінавачваюць у хабарніцтве, выдзелены з справы Старавойтава, таму зараз судзьдзя Чартовіч вымушаны будзе арыентавацца на прысуд Старавойтаву ў дадзеным эпізодзе.

Нагадаю: вэрдыкт Кіраўскага суду ў справе Васіля Старавойтава прагучыць 21 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG