Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Вусная заява Зянона Пазьняка аб зьняцьці сваёй кандыдатуры з прэзыдэнцкіх выбараў ня спыніць выбарчай кампаніі, у якой ужо ўзяло ўдзел 44% выбаршчыкаў. Пра гэта нашаму радыё паведамілі ў Цэнтарвыбаркаме. Да моманту атрыманьня пісьмовай заявы ад сп. Пазьняка і пасяджэньня ЦВК ён будзе лічыцца кандыдатам у прэзыдэнты.

Скандалы апошніх дзён ніяк не паўплывалі на дынаміку датэрміновага галасаваньня. Гэта вынікае зь лічбаў, якія сёньня падае Цэнтральная Выбарчая Камісія за восем дзён галасаваньня. Па ўсёй Беларусі, як лічыць ЦВК, прагаласавала 3 320 716 чалавек — 44% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў. Каб выбары адбыліся, трэба, каб у іх прыняло ўдзел крыху больш за 3 з паловай мільёны выбаршчыкаў. Гэта азначае, што ўжо, паводле зьвестак ЦВК, выбарчая кампанія выйшла на фінішную прамую. Лідэрам зьяўляецца Віцебская вобласьць, дзе ў галасаваньні ўзяло ўдзел 47,5% выбаршчыкаў. На апошнім месцы Магілеўская вобласьць — 39,4%.

Разам з тым у Беларускім Народным Фронце, сябры якога складаюць аснову выбарчых камісіяў, паведамілі, што ўчора распачаўся і сёньня працягваецца масавы сыход з выбарчых камісіяў сяброў БНФ. Гэты працэс, паводле зьвестак штаб-кватэры БНФ, сёньня адбываецца ў 20 гарадах Беларусі. Масавы сыход асабліва яскрава назіраецца ў Берасьцейскай вобласьці, дзе аднак, як падае ЦВК, учора прагаласавала 7% выбаршчыкаў.

Выхад Беларускага Народнага Фронту з выбарчай кампаніі напрасткі зьвязаны з заявай Зянона Пазьняка аб зьняцьці сваёй кандыдатуры ў знак пратэсту супраць фальсыфікацыяў і парушэньня Цэнтральнай Выбарчай Камісіяй законаў. Аднак, як высьвятляецца, закон гаворыць, што вуснай заявы Зянона Пазьняка для зьняцьця сваёй кандыдатуры недастаткова. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар ЦВК Аляксандар Коктыш.

(Коктыш:) «Працэдура даволі простая, але вуснай заявы аб зьняцьці сваёй кандыдатуры з выбарчага маратону недастаткова. Павінна быць пісьмовая заява, прычым ня ў факсавым выглядзе ці нейкім іншым, а менавіта арыгінальны аркуш паперы, дзе паставіў подпіс кандыдат у прэзыдэнты. І толькі тады, калі гэты ліст будзе дастаўлены ў Цэнтральную Выбарчую Камісію, яна на сваім паседжаньні разгледзіць гэтую заяву і потым прыме рашэньне аб зьняцьці кандыдата з прадвыбарчага маратону. Да гэтага часу кандыдат застаецца ў сваім амплуа».

(Карманаў:) Калі я Вас слушна зразумеў, да 16 траўня правілы гульні Цэнтральнай Выбарчай Камісіі мяняцца ня будуць, у бюлетэнях для галасаваньня застаюцца два паўнавартасныя кандыдаты ў прэзыдэнты — Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір.

(Коктыш:) «Вы абсалютна слушна зразумелі. Я хацеў бы заўважыць, што нават калі мы атрымаем тэкст заявы, правядзем усе неабходныя юрыдычныя працэдуры — нават тады, калі засдтанецца адзін кандыдат, выбары ня будуць спыненыя. Яны могуць быць спыненыя толькі ў тым выпадку, калі абодва кандыдаты здымаюць свае кандыдатуры».

Пра тое, што выбарчая кампанія працягваецца, сьведчаць нават не працэнты Цэнтарвыбаркаму, а рэпрэсіі супраць удзельнікаў кампаніі. Сёньня быў схоплены і дагэтуль знаходзіцца ў пракуратуры сябар Цэнтарвыбаркаму зь Берасьця Генадзь Самойленка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG