Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 траўня 1999 г.


Як выглядае сытуацыя ў Беларусі звонку? Сваё меркаваньне мы папрасілі выказаць вядомага расейскага інтэлектуала, праваабаронца, пісьменьніка Ўладзімера Букоўскага, які ўжо шмат гадоў жыве й працуе ў Кембрыджы. Уладзімер Букоўскі знаходзіцца ў Празе, ён даў інтэрвію нашай праграме.

(Букоўскі:) «Факт застаецца фактам — сытуацыя ў Беларусі, нягледзячы на яе ўяўную стабільнасьць, скрайне нестабільная. І зьмены там магчымыя ў любы момант.

Што да беларускай апазыцыі, дык я шмат каго зь іх ведаю і стаўлюся да іх зь вялікай павагай. У іх ёсьць некалькі праблемаў, якія ім трэба вырашыць, у прыватнасьці — праблема адзінства. Вось у той сытуацыі, у якой яны цяпер апынуліся, пры дыктатарскім урадзе, пры недэмакратычным рэжыме, быць расколатым нельга. Нават калі для гэтага ёсьць сур'ёзныя падставы, нават калі ёсьць супярэчнасьці, здавалася б, невырашальныя, абавязак апазыцыі ў сёньняшніх умовах — выпрацаваць здольнасьць арганізавацца і аб'яднацца. Гэта тое, што я ведаю і заўсёды стараюся неяк пра гэта зь імі гаварыць.

Гэтак званыя «ценявыя выбары», задуманыя апазыцыяй — гэта даволі дасьціпны крок. Ён сапраўды вельмі дасьціпны і, як я разумею, пакуль што пасьпяховы. Колькасьць людзей, якія ў гэтым узялі ўдзел, вельмі значная — большая, чым маглі меркаваць самі арганзіатары. Гэта якраз і ёсьць форма згуртаваньня, гэта й ёсьць арганізацыйная форма, даволі дасьціпна прыдуманая, якая дапамагае і людзям выявіць сябе, і ўмацаваць апазыцыю і яе аўтарытэт. Так што ў прынцыпе гэты крок мне падабаецца».

(Радкевіч:) Вы думаеце, што ў апазыцыі ёсьць рэальны шанец зьмяніць сытуацыю ў краіне?

(Букоўскі:) «Мне здаецца, што ўсё залежыць ад дзейнасьці апазыцыі. Я лічу, што яны маюць рэальны шанец зьмяніць сытуацыю ў краіне. Яны маюць значную падтрымку, асабліва сярод моладзі, а гэта вельмі важна. І рост іхнага ўплыву, кансалідацыя іхных сілаў, лепей арганізаваная дзейнасьць раней або пазьней прывядуць да сытуацыі, калі нават узброеных і паліцэйскіх сілаў будзе ўжо відавочна недастаткова, каб даць рады ўсё больш моцнай апазыцыі. Тым болей, паўтараю, калі апазыцыя будзе працаваць мірна, негвалтоўна. Бо самы вялікі інструмэнт улады ў руках прэзыдэнта Лукашэнкі — узброеныя сілы і паліцыя, якіх, як мне здаецца, болей у працэнтным дачыненьні ў Беларусі, чым у любой эўрапейскай краіне. Ён на іх відавочна абапіраецца, і калі апазыцыя неяк зробіць гэтую зброю нядзейснай, яна будзе весьці негвалтоўную барацьбу, дзе ўжыць войска або паліцыю цяжка — яны будуць неадэкватныя — то яна гэтым набярэ значна большы ўплыў і зробіць кіраваньне Лукашэнкі немагчымым. Яму давядзецца раней ці пазьней прыбягаць да нейкай формы зьмякчэньня рэжыму — выбараў, дэцэнтралізацыі — штосьці яму давядзецца рабіць. Бо краіна, калі яна будзе падтрымваць апазыцыю, зробіцца для яго некіравальнай. Скажам, такі крок як ценявыя выбары — тут ужо сілы не працуюць. Бачыце, яны знайшлі добры прыём, дзе яны мацнейшыя за рэжым менавіта таму, што яны не даюць рэжыму ўжыць самую яго магутную зброю. Разумееце? Вось што трэба рабіць».

(Радкевіч:) Цяпер аднак чуецца шмат закідаў у бок Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, сфармаванай апазыцыяй, наконт таго, што магчымая фальсыфікацыя бюлетэняў падчас гэтых выбараў. Сэнс майго пытаньня, беручы пад увагу менавіта гэты прыклад — ці ўсе сродкі магчымыя ў барацьбе з рэжымам?

(Букоўскі:) «Не, я лічу, што гэта абсалютна недапушчальна. Калі гэткае дазволіць сабе апазыцыя — яна гэтак сама страціць маральны аўтарытэт, як яго страціў Лукашэнка. Гэтага рабіць ні ў якім разе нельга. Хай будзе той вынік, які ёсьць на самой справе. Хай людзі маюць права сказаць тое, што яны хочуць сказаць. Толькі так вы можаце ўмацоўваць ідэю дэмакратыі, прынцыпы дэмакратыі і саму апазыцыю. Любая фальсыфікацыя — гэта самагубства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG