Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 траўня 1999 г.


Асноўнай падзеяй беларускага палітычнага жыцьця застаецца зьняцьцё лідэрам Беларускага Народнага Фронту Зянонам Пазьняком сваёй кандыдатуры з галасаваньня на выбарах прэзыдэнта.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, дасланай факсам з Варшавы. Сваё рашэньне лідэр БНФ аргумэнтаваў тым, што правядзеньне выбараў праходзіць з грубымі парушэньнямі Закону аб выбарах прэзыдэнта, у прыватнасьці галасаваньне ідзе ў 10-дзённы тэрмін і па месцы жыхарства выбаршчыкаў, хоць, згодна з законам, павінна праводзіцца ў прызначаны дзень 16 траўня.

Зьвесткі, якія прыводзіць цэнтральная камісія ў выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Зянон Пазьняк назваў «фальсыфікацыяй і цынічным адкрытым падманам грамадзкасьці, крымінальным парушэньнем закону».

Рашэньне Зянона Пазьняка аб зьняцьці сваёй кандыдатуры выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў кіраўніцтва Цэнтарвыбаркаму, шмат якіх іншых палітычных сілаў, таму мы палічылі неабходным даць магчымасьць Зянону Пазьняку больш падрабязна патлумачыць ягоную пазыцыю.

(Пазьняк:) «Я абсалютна перакананы, што зрабіў вельмі правільны крок. Іншая справа, што некаторыя аспэкты гэтага кроку будуць зразуметыя пазьней, як, на жаль, часта бывае.

Я ведаю палітычныя і эканамічныя арганізацыі, якія ў Маскве даюць грошы, ведаю ланцужок, які за гэтым стаіць, і канкрэтных людзей у канцы ланцужка. Так што сытуацыя абсалютна зразумелая: і спадар Чыгір і спадар Ганчар выконваюць заказ Масквы, які заключаецца ў тым, каб стварыць прамаскоўскую, маргінальную, як я кажу, апазыцыю Лукашэнку на Беларусі. Сваю апазыцыю, якая магла б быць пад уплывам Масквы. Бо Фронт некіраваны, фронт — антырасейскі».

(Радкевіч:) Зянон Станіслававіч, прашу прабачэньня, я Вас перапыню. Вы пра гэта пісалі ў сваёй заяве пад назовам «Праект Чыгір». І, тым ня менш, Вы ўзялі ўдзел у гэтай кампаніі і зьнялі сваю кандыдатуру ўсяго за некалькі дзён да заканчэньня галасаваньня. То бок, мы ня можам лічыць, што вось гэтая Вашая інфармацыя наконт таго адкуль ідуць грошы — ёсьць асноўнай прычынай, чаму Вы зьнялі сваю кандыдатуру. Вы ўсё ж удзельнічалі ў гэтай кампаніі ведаючы гэта.

(Пазьняк:) «Безумоўна. Гэта была ўвогуле не прычына. Я вымушаны быў удзельнічаць у гэтых выбарах, і гэта было ня толькі маё рашэньне, а рашэньне прынятае пасьля кансультацыі з усімі маімі намесьнікамі, зь кіраўніцтвам Фронту. Яны прыяжджалі да мяне. Дык вось, удзельнічаць трэба было, таму што калі ня ўдзельнічаць, гэта было б больш небясьпечна. Небясьпечна, таму што і дэмагогія, і сродкі масавай інфармацыі, і грошы, якія за гэтым стаялі, маглі зрабіць вельмі разбуральную справу на Беларусі, выкарыстаўшы антылукашэнкаўскія настроі. Гэтыя настроі праяўляюцца, часам, у формуле: абы зваліць, абы пазбавіцца. Аргумэнтацыі пра тое, чаму мы ня ўдзельнічаем, было б малавата і не было б магчымасьці яе давесьці. Маглі б раскалоць структуры Фронту і дэзарыентаваць. Фактычна ўжо на першым этапе зьнішчыць вызвольную апазыцыю. Таму мы ўключыліся ў барацьбу. Я сьвядома пайшоў змагацца. Пры якіх умовах я пайшоў на выбары. Адна ўмова. Толькі адна: гарантыі, што выбары будуць адбывацца па закону «Аб выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Строга па закону! Гарантыі былі дадзеныя. А потым гэты закон пачаў парушацца ўвесь час. Спачатку быў поўнасьцю парушаны мэханізм выбараў. Потым выявілася, што ідзе фальсыфікат. Прытым фантастычны. Падаюцца мільёны выбарцаў, якія ўжо прагаласавалі, а на самой справе максымум можа пару дзясяткаў тысяч. Я гэтую сытуацыю добра ведаю, бо я асабіста перагаварыў зь кіраўнікамі абласных і раённых камісіяў і знаю сытуацыю. Гэта значыць, што ўсе камісіі, якія існуюць зараз, і ўвесь Фронт ператварыліся ў гарматнае мяса. Яны ўжо непатрэбныя гэтым самым архітэктарам. Яны патрэбныя толькі каб існавалі і рабілі выгляд, што тут адбываюцца быццам бы выбары».

(Радкевіч:) Зянон Станіслававіч, многія сябры апазыцыі, тое, што называецца: аб'яднанай апазыцыі, сыходзяцца на тым, што адзіная задача і ў Фронту і ва ўсіх астатніх партыяў, якія, магчыма, ідэалягічна не ва ўсім сыходзяцца з Фронтам, задача цяпер адна: разбурэньне існуючага рэжыму. У дадзеным выпадку, так бы мовіць, зрыў выбарчай кампаніі на карысьць рэжыму Лукашэнкі. Такія закіды гучаць з боку іншых палітычных лідэраў. Што б Вы маглі адказаць на гэта пытаньне?

(Пазьняк:) «Па-першае, гэтая выбарчая кампанія маім зыходам не зрываецца. Ганчар яе давядзе да канца, калі застанецца толькі паўкамісіі на ўсю Беларусь. Але, справа ў іншым, справа ў прынцыпе. Бачачы такую сытуацыю, што ўсё ўжо вырашана і йдзе брудны фальсыфікат, у арышт ідуць фронтаўцы. Фактычна ідзе спаленьне структураў Фронту, бо ўсе рэпрэсіі абрынуліся на Фронт і цяжкія рэпрэсіі. Фронтаўцы робяць гераічныя высілкі дзеля абсалютна пустой справы. Дзеля фальсыфікату. Вось таму я зьвярнуўся да Фронту выходзіць з гэтай справы. Трэба ратаваць людзей. Мне задалі пытаньне: а Вы як? Людзям цяжка зразумець: яны выходзяць, каб ня ўдзельнічаць у гэтай фальсыфікацыі і ня быць ахвярамі, а я застаюся. Я ня мог заставацца. Такім чынам гэтыя выбары, як працэс, яны застаюцца. Але сутнасьць глыбей, сутнасьць у тым, што стварэньнем фантомаў, стварэньнем пасьмешышча, стварэньнем фальсыфікату ніякіх палітычных мэтаў дасягнута ня можа быць. Гэта маскоўская палітыка, гэта іхны ўзровень. І самае страшнае, што мне давялі ўжо адпаведныя палітыкі на Захадзе (я меў спратканьне ня толькі са Спэкхардам) што гэтыя выбары міжнародная супольнасьць ня прызнае. Таму што яны бачаць што гэта такое, на якіх падставах гэта робіцца і як гэта робіцца. Мы прапаноўвалі зусім другі прынцыповы падыход, як да палітычнага сур'ёзнага працэсу: толькі на законнай аснове. І былі магчымасьці гэта рабіць. Так, рэжым забараніў бы, але выбары не спыніліся б, працэс не спыніўся б. Ён доўжыўся б даўжэй, але ён прывёў бы да рэальных вынікаў. А цяпер гэта створаная фальшыўка, якая ня дасьць ніякіх ні маральных, ні палітычных, ні юрыдычных падстаў спрачацца з рэжымам».

(Радкевіч:) Зянон Станіслававіч, у сувязі з тым, што Вы зьнялі сваю кандыдатуру і што сябры Фронту пачалі выходзіць з гэтых камісіяў, спыняецца сама агітацыя, сама прапаганда, а гэты працэс быў якраз на карысьць — і на карысьць Фронту ў тым ліку.

(Пазьняк:) «Справа ў тым, што не было якраз агітацыі і прапаганды. Гэта было толькі ў асобных раёнах. А на самой справе кіраўніцтва ЦВК не было зацікаўленае ў арганізацыі гэтых выбараў. Важна было арганізаваць іхную форму: атрымаць чыстыя пратаколы. А астатняе — даваць рэляцыі. Скажам, па Віцебскай вобласьці, якая лідыруе (там 44% прагаласавалі) там да ўчорашняга дня, а можа быць і сёньня, увогуле ніякага галасаваньня не праводзілася. Там толькі ўчора завезьлі бюлетэні ў раённыя камісіі — па 500 штук. Там ужо Віцебск сьмяецца. І што, на гэтай аснове вы хочаце рабіць прапаганду? Ня можна трымаць народ за дурака. Ні ў якім разе».

(Радкевіч:) Але ёсьць рашэньне Сойму БНФ. Сойм — гэта вышэйшы ворган Беларускага Народнага Фронту. І ёсьць рашэньне ў выбарах удзельнічаць і працягваць выбарчую кампанію. Гэта йдзе ў разрэз з вашым рашэньнем і з вашым заклікам да сяброў БНФ ня ўдзельнічаць у кампаніі.

(Пазьняк:) «Рашэньне Сойму БНФ, праект рашэньня, узгадняўся са мной. І там усё правільна. Фронт удзельнічае ў выбарах, выконвае толькі законныя дзеяньні і не падпарадкоўваецца ніякім структурам, якія спрабуюць талкаваць закон. Там выразна пра гэта сказана. Трэба ўмець чытаць гэтую пастанову. Так што супярэчнасьцяў я тут ня бачу. А па-другое, я зьяўляюся старшынём Фронту і кандыдатам у прэзыдэнты. У гэтай сытуацыі, калі я бачу адкрытую, яўную фальшыўку — я прымаю рашэньні як асоба, як кандыдат. Я ня буду дыскутаваць гэта два тыдні па-пустому, калі паляцца структуры, калі ідзе кампрамэтацыя ўсяго, і таму рашэньне маё — абсалютна правільнае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG