Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 траўня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Прадстаўнікі НАТА ацанілі вынік апошніх паветраных атакаў мінулага дня супраць сэрбскіх ваенных аб'ектаў як добрыя. Ня гледзячы на хмарнае надвор'е, зноў былі абстраляныя ваколіцы Бялграду — Панчава і Батайніца, дзе знаходзяцца ваенныя заводы і аэрапорт. Некалькі ракетаў трапілі ў будынак сэрбскага тэлебачаньня ў горадзе Нові Сад. У Косаве натаўская авіяцыя працягвала налёты на сэрбскія войскі, якія намагаюцца зьнішчыць атрады Арміі Вызваленьня Косава ў раёне гораду Янік.

Ваенны прэсавы сакратар НАТА гэнэрал-маёр Вальтер Ертц паведаміў, што на працягу мінулага дня авіяцыя НАТА зрабіла 327 баявых вылетаў. Самалёты Саюзу знаходзіліся ў паветры на працягу ўсіх 24 гадзінаў мінулага дня. Найбольш моцнымі былі налёты на сэрбскія войскі ў раёне ракі Савы. Тут, акрамя амэрыканскіх зьнішчальнікаў-бамбавікоў тыпу Ф-16, у налётах удзельнічалі 36 штурмавікоў А-10, якія атакавалі бронетэхніку сэрбаў з малых вышыняў. У налётах бралі ўдзел таксама брытанскія "харыеры", францускія "этандарды" і "ягуары". Упершыню, падчас кампаніі дзённых паветраных налётаў, эскадрыльля цяжкіх амэрыканскіх бамбавікоў Б-52 з ангельскіх ваенна-паветраных базаў правяла так званае дывановае бомбаскіданьне каля гораду Янік. Гэта былі звычайныя бамбы, а не спэцыяльныя з лазерным навядзеньнем. Бамбаваліся не паасобныя аб'екты, а цэлы раён, дзе знаходзіліся сэрбскія войскі.

Падобная тактыка выкарыстоўвалася спэцыяльна дзеля таго, каб затрымаць наступ сэрбскага войска на пазыцыі Арміі Вызваленьня Косава каля гораду Янік. Сэрбы намагаюцца пазбавіць альбанскіх паўстанцаў апошняга суцэльнага рэгіёну Косава, які знаходзіцца пад кантролем альбанскіх паўстанцаў. Калі б сэрбам удалося дасянуць гэтай мэты і выйсці каля Яніку на мяжу з Альбаніяй, гэта б пазбавіла асобныя атрады Арміі Вызваленьня Косава, якія знаходзяцца ў сярэдзіне кріаны, шляхоў забяспечэньня і спрыяла б іхнаму зьнішчэньню. Вось чаму НАТА так моцна бамбуе прымежныя раёны.

Адной з прычынаў, якая спрыяе сэрбам у змаганьні з альбанскімі паўстанцамі, з'яўляецца адсутнасьць адзінства сярод альбанцаў. Акрамя Арміі Вызваленьня Косава, супраць сэрбаў змагаюцца таксама ўзброеныя сілы іншых палітычных партыяў. Акрамя таго, у палітычным сэнсе, АВК зусім ня самая моцная сіла ў краіне. Але цяпер ідзе вайна і неабходнае як найхутчэйшае аб'яднаньне ўсіх праціўнікаў сэрбскай таталітранай улады. Вось чаму амбасадар ЗША ў Македоніі Крыстафер Хіл наступным чынам пракамэнтаваў неабходнасьць аб'яднаньня ўсіх палітычных сілаў косаўскіх альбанцаў.

(Хілл:) "Я думаю, што мы павінны падтрымліваць кантакты з усімі сіламі і мы падобныя кантакты падтрымліваем. Але мы зусім не займаемся пашырэньнем кантактаў з адным бокам за кошт другога. Мы хочам, каб усе сілы альбанскага народу працавалі разам. Гэта надзвычай важны момант для косаўскіх альбанцаў і я мяркую, што яны дасягнуць значна большага, калі будуць змагацца разам, чымся будуць крытыкаваць адзін аднаго. У іх яшчэ будзе шмат часу ў будучыні для ўзаемнай крытыкі".

Цяпер у апэрацыях НАТА ўдзельнічае ў два разы болей самалётаў, чымся на пачатку кампаніі. І з кожным днём паветраныя ўдары па сэрбскіх ваенных аб'ектах будуць узмацняцца. НАТА цяпер атрымала магчымасьць праводзіць налёты з тэрыторыі Турэччыны і Вугоршчыны. У Вугоршчыну на наступным тыдні прыбывае эскадрыльля амэрыканскіх самалётаў Ф-18, якія будуць актыўна ўдзельнічаць у налётах. На турэцкіх ваенных базах цяпер і так шмат самалётаў НАТА якія дагэтуль выкарыстоўваліся для патруляваньня паветранай прасторы Іраку. Цяпер яны праз тэрыторыю Баўгарыі будуць лётаць у Сэрбію.

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага Дэпартаманту ЗША Джэймс Рубін пракамэнтаваў удзел у ваенных дзеяньнях Турэччыны і Вугоршчыны наступным чынам:

(Рубін:) Вугоршчына і Турэччына, як сябры НАТА, актыўна ўдзельнічаюць у ваенных апэрацыях. Гэта ўключае размяшчэньне на іхнай тэрыторыі ваенных матэрыялаў і аб'ектаў. Я не магу расказаць пра ўсе аператыўныя падрабязнасьці, аднак дзякуючы іхнаму ўдзелу, дачы імі сваёй паветранай прасторы, мы цяпер здольныя атакаваць Сэрбію 24 гадзіны ў содні на працягу ўсіх дзён тыдня і з усіх бакоў 360 градусаў гарызонту.

360 градусаў вельмі важныя, таму што гэта робіць заданьне і так ужо моцна пашкоджанай сэрбскай супроцьпаветранай абароны яшчэ больш цяжкім. Гэта моцна ўскладняе магчымасьці сэрбаў арганізоўваць абарону".

Аб тым, што паветраныя атакі НАТА прыносяць вынікі сьведчаць і прызнаньні самога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча. Упершышю пасьля пачатку канфлікту ён публічна прызнаў вялікія страты сэрбскага войска і паліцыі ад налётаў. Пасля цырымоніі ўзнагароджаньня паліцыянтаў якія вызначыліся ў баях, Мілошавіч заклікаў ушанаваць памяць усіх тых, хто загінуў у часе баёвых дзеяньняў. Прамова Мілошавіча была на наступны дзень апублікаваная ў газэтах, і многія палітычныя камэнтатары (у тым ліку і сэрбскія) ацанілі яе, як знак гатовасьці югаслаўскіх уладаў зьмяніць сваю дасюль непрымірымую пазыцыю.

Калі гэта так, дык яшчэ больш узрастае роля Расеі ў якасьці магчымага мірнага пасярэдніка. Тым больш, што зусім нядаўна, у часе паседжаньня міністраў замежных справаў Вялікай Васьмёркі, былі распрацаваныя галоўныя прынцыпы, на якіх можна будзе будаваць мір у Косаве. Але ў Расеі цяпер чарговая зьмена ўлады. Ці не паўплывае яна на пазыцыю Расеі ў вырашэньні косаўскага канфлікту? Намесьнік міністра абароны Вялікай Брытаніі Джон Спеллар пракамэнтаваў новую сытуацыю наступным чынам:

(Спеллар:) "Мірныя прапановы Вялікай Васьмёркі вельмі важныя і мы ня маем ніякіх сьведчаньняў таго, каб нейкія ўнутраныя перамены ў Расеі (тыя, пра якія ўжо абвешчана і тыя, што будуць) маглі паўплываць на цьвёрдае жаданьне Расеі адыгрываць ролю ў дасягненьні міжнароднага пагадненьня, заснаванага на прынцыпах, распрацаваных на сустрэчы Вялікай Васьмёркі".

Неспакой у сувязі з адстаўкай расейскага прэм'ера Яўгена Прымакова выказваюць і ў ЗША. У Маскве цяпер знаходзіцца намесьнік дзяржаўнага сакратра Строб Тэлбат, дзе ён вядзе інтэнсыўныя перамовы ў справе мірнага ўрэгуляваньня ў Косаве. Сюды сёньня таксама прыехаў і прэзыдэнт Францыі Жак Шырак. Мэта ягонага візыту зразумелая – пераканаць расейскае кіраўніцтва ўзмацніць свае міратворчыя высілкі. Захад не без падставаў спадзяецца, што толькі Расея здольная пераканаць Мілошавіча затрымацца і пайсьці на мірнае ўрэгуляваньне.

Між тым, у Сэрбіі інфармацыя аб зьменах на палітычнай арэне Расеі была ўспрынятая зь вялікім пэсымізмам. Адстаўка расейскага ўраду – гэта для сэрбаў знак таго, што расейцы пад цяжарам унутраных праблемаў больш ня ў стане актыўна займацца праблемай вырашэньня косаўскага крызысу, а тым больш неяк эфэктыўна дапамагчы Югаславіі.

Між тым у самім Косаве сэрбскія ўлады пайшлі на зусім неспадзяваны крок. Галоўнакамандуючы сэрбскімі войскамі ў Косаве гэнэрал Уладзімір Лазарэвіч склікаў у Прышціне спэцыяльную прэсавую канфэрэнцыю для ўсіх заходніх карэспандэнтаў якія там працуюць. І тут, пасьля абвешчаньня аб частковым вывадзе сэрбскіх войскаў з Косава, журналістаў пасадзілі ў машыны і накіравалі ў раён прыгранічнага гарадка Вестерн, дзе прадэманстравалі групу жаўнераў, якія выводзяцца з правінцыі. Паводле заявы гэнэрала Лазарэвіча, усяго на сёньня выведзена 250 вайскоўцаў. Ці ж гэта не яшчэ адно сьведчаньне аслабленьня пазыцыяў югаслаўскага рэжыму?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG