Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 траўня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня судовая калегія Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі адхіліла зыскі адразу шасьці незалежных выданьняў да Дзяржкамдруку. Рашэньне прынятае, нягледзячы на адсутнасьць у судзе скарднікаў – газэтаў "Народная воля", "Белорусская деловая газета", "Имя", "Навіны", "Згода" і "Пагоня". "Усе яны былі папярэджаныя ў лютым гэтага году ў сувязі зь інфармацыяй аб маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах у парушэньні закона аб друку ці, больш дакладна, у закліках да захопу ўлады.

Напярэдадні сёньняшняга судовага паседжаньня галоўныя рэдактары названых выданьняў зьвярнуліся ў суд з хадайніцтвамі аб ягоным пераносе. Рэдакцыі "БДГ" і тыднёвіка "Имя", у прыватнасьці, абгрунтавалі просьбу тым, што акурат на гэты дзень, 13 траўня, быў прызначаны ўжо разгляд справы з удзелам гэтых газэтаў у Гарадзкім гаспадарчым судзе Барысава. Калегія ў складзе старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Ўладзімера Бойкі ды судзьдзяў Рыгора Макоўскага і Кацярыны Караткевіч палічылі гэта недастатковай падставай для адкладаньня справы.

Гэтак сама былі адхіленыя хадайніцтвы аб адкладаньні слуханьняў з боку іншых рэдакцыяў, а таксама прадстаўнікоў Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, якія выступалі ў судзе ў якасьці грамадзкіх абаронцаў, але не змаглі сёньня прысутнічаць. На працэсе фактычна быў прадстаўлены толькі адзін бок – у асобах старшыні Дзяржкамдруку Міхаіла Падгайнага ды супрацоўніка гэтага ведамства Ігара Коваля.

Тым ня менш, старшыня суду Ўладзімер Бойка адразу заявіў, што паводле артыкулу 69-га Гаспадарча-працэсуальнага кодэксу Беларусі суд мае права разглядаць справы і без удзелу бакоў. Ён зачытаў абгрунтаваньне зыску гарадзенскай газэты "Пагоня", у якім аспрэчваецца законнасьць папярэджаньня Дзяржкамдруку, паколькі распаўсюджваньне інфармацыі, у тым ліку датычнай прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных Вярхоўным Саветам, зьяўляецца канстытуцыйным правам. Міхаіл Падгайны зноў пацьвердзіў у судзе нязгоду з зыскам газэты і дадаў, што, на ягоную думку, з-за непавагі да дзеючай канстытуцыі "на вуліцах зьявіліся фашыстоўскія малойчыкі з паходнямі".

Паводле інфармацыі Падгайнага, на сёньняшні дзень "Белорусская деловая газета" і "Навіны" маюць па тры папярэджаньні, праўда, на падставе розных артыкулаў закону. А "Народная воля", "Имя", "Пагоня" і "Згода" – па адным. Паколькі на думку судзьдзяў зыскі ўсіх скарднікаў блізкія па зьмесьце, спадар Бойка прапанаваў адказчыку выказаць адносіны да ўсіх – так бы мовіць, скопам. Міхаіл Падгайны настойваў на слушнасьці папярэджаньняў ва ўсіх выпадках без выключэньня.

Затым, пасьля 15-хвіліннага перапынку, Уладзімер Бойка зачытаў рэзалюцыйную частку рашэньня: "На падставе артыкула 75-га Гаспадарча-працэсуальнага кодэксу ў зыску рэдакцыям вышэйназваным газэтам адмовіць. Рашэньне можа быць абскарджанае шляхам звароту ў Генэральную пракуратуру альбо ў Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду". Увесь судовы працэс заняў сёньня менш як гадзіну. Раней суд адхіліў таксама аналягічны зыск тыднёвіка "Свободные новости". Нагадаем вам, што матэрыялы дзьвюх згаданых справаў – газэты "Имя" і газэты "Згода" – былі накіраваныя судом на праверку ў пракуратуру і КДБ. Ад пачатковага намеру зьвярнуцца па дапамогу экспэртаў-мовазнаўцаў ды палітолягаў, якія б маглі вызначыць, ці ўтрымліваліся ў публікацыях газэтаў заклікі да захопу ўлады, суд адмовіўся.

XS
SM
MD
LG