Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 траўня 1999 г.


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

На фоне рэляцыяў аб пераможным ходзе прэзыдэнцкіх выбараў у Віцебскай вобласьці сытуацыя ў Наваполацку, горадзе, вядомым сваімі дэмакратычнымі традыцыямі, выглядае несамавіта.

Датэрміновыя выбары там ішлі практычна адзін дзень - 8 траўня, а затым выбарчы працэс фактычна спыніўся. Аб прычынах такога стану рэчаў у сераду, 12 траўня, распавёў выканаўца абавязкаў старшыні гарадзкой выбарчай камісіі Ўладзімер Гацкі. На сходзе сябраў мясцовай суполкі Беларускага Народнага Фронту, на якім прысутнічалі чальцы выбарчай камісіі ад БНФ, ён заявіў аб складаньні сваіх паўнамоцтваў і патлумачыў сваё рашэньне красамоўнай фразай: "Дэмакрат тым і розьніцца ад палітычнага прайдзісьвета, што ня хлусіць народу, сусьветнай супольнасьці і сабе самому".

Тое, што адбываецца сёньня на выбарчым фронце, Уладзімер Гацкі назваў прафанацыяй, а галавакружныя лічбы нібыта прагаласаваўшых па Віцебскай вобласьці — палітычнай правакацыяй. "Гарадзкая выбарчая камісія ня мае права быць калектыўнай "ярмошынай" і калектыўна парушаць законы, — сказаў спадар Гацкі ўадначас абвінаваціўшы цэнтральную і абласную выбарчыя камісіі ў тым, што яны не падрыхтавалі выбарчую кампанію. Вобласьці абяцалі даць сьпісы наваполацкіх выбаршчыкаў, але не далі. Замест гэтага прапанавалі везьці ў Віцебск пустыя пратаколы, ня ўпісваючы колькасьць прагаласаваўшых. Пасьля такіх прапановаў, па сьведчаньні спадара Гацкага, ён і вырашыў адмовіцца ад ўдзелу ў выбарчым фарсе.

З падобнымі падыходамі рашуча не пагадзіўся прадстаўнік абласной выбарчай камісіі з Наваполацку сябар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Валеры Шаўчэнка, якога таксама запрасілі на сход. На ягоную думку, гарадзкая камісія фактычна не працавала, а ў такой сытуацыі ня варта лупіць пранікам па вадзе і абвінавачваць ва ўсіх грахах цэнтральную і абласную камісіі. Як бы там ні было, а выбары — ці то прэзыдэнта, ці то мясцовых органаў улады, магчымыя толькі ў прававой дзяржаве, а ў наш час у Беларусі гэтае мерапрыемства, хто б яго ні праводзіў — прэзыдэнцкая вэртыкаль ці апазыцыя, кожнага разу ператвараюцца ў фарс.

XS
SM
MD
LG