Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 траўня 1999 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

7 сутак адміністрацыйнага арышту – такі прысуд быў вынесены ў Драгічыне старшыні раённай камісіі па выбарах прэзыдэнта Васілю Пракопчыку і сябру гэтай камісіі Кастусю Масьліўцу.

Як ужо паведамляла "Радыё Свабода", на пачатку гэтага тыдня спадары Пракопчык і Масьлівец былі затрыманыя міліцыянтамі ў цэнтры Драгічына падчас абыходу кватэраў грамадзянаў пры датэрміновым галасаваньні. У сябраў камісіі былі канфіскаваныя 270 выбарчых бюлетэней, а самі яны дастаўленыя ў мясцовы РАУС, дзе быў складзены адпаведны акт. Але на гэтым справа ня скончылася. Раніцай наступнага дня Пракопчыка і Масьліўца зноў выклікалі ў міліцэйскі пастарунак, дзе пратрымалі амаль да вечара, а потым адвезьлі ў суд. Разгляд справы не зацягнуўся — абодвум актывістам прэзыдэнцкай кампаніі прысуджана па 7 сутак арышту.

Перасьлед сябраў участковых выбарчых камісіяў працягваецца і ў іншых рэгіёнах Берасьцейшчыны. У Кобрыні, напрыклад, справа не абмяжоўваецца візытамі міліцыянтаў у кватэры арганізатараў выбарчай кампаніі з мэтаю праверкі пашпартнага рэжыму. Учора, 12 траўня, сябра гарадзкой участковай камісіі Стася Чарніцкага, які працуе на мясцовым масласырзаводзе, выклікала да сябе галоўны інжынэр прадпрыемства Вольга Янкоўская. Неардынарнасьць гэтага выкліку ў тым, што спадар Чарніцкі зараз хварэе і мае адпаведны бюлетэнь з мэдычнай установы. Не зважаючы на гэта, начальніца запатрабавала ад Чарніцкага тэрмінова выйсьці на працу, бо ён быццам бы сымулюе хваробу, дзеля таго, каб прымаць актыўны удзел у арганізацыі прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў горадзе. Пры гэтым спадарыня Янкоўская заявіла, што выдадзены мэдыкамі бюлетэнь, які пацьвярджае дрэнны стан здароўя Стася Чарніцкага, не зьяўляецца сапраўдным, і таму яна гэты бюлетэнь лічыць ануляваным.

Між тым, выбарчая кампанія на Берасьцейшчыне працягваецца. Як заявіў сеньня сябра Цэнтарвыбаркаму, каардынатар па Берасьцейскай вобласьці Генадзь Самойленка, адкліканьне Беларускім Народным Фронтам сваіх сябраў з тэрытарыяльных камісіяў ня спыніць гэты працэс. Больш за тое, па словах спадара Самойленкі, многія сябры Фронту не жадаюць выходзіць са складаў камісіяў і працягваюць у гэтыя дні працу па правядзеньні датэрміновага галасаваньня.

Спадар Самойленка таксама заўважыў, што акрамя шматлікіх зваротаў выбаршчыкаў, якія зьвяртаюцца да сябраў камісіяў з прапановай наведаць іхныя кватэры, каб правесьці датэрміновае галасаваньне, таксама тэлефануюць і тыя берасьцейцы, якія запрашаюць сябраў камісіяў прыйсьці ў працоўныя калектывы з выбарчымі скрынямі і бюлетэнямі. Пры гэтым тыя, хто запрашае арганізатараў вабарчай кампаніі, гарантуюць актыўны удзел людзей у галасаваньні. З гэтых фактаў сябра Цэнтарвыбаркаму Генадзь Самойленка робіць выснову, што значная колькасьць берасьцейцаў жадае зьмены ўлады ў краіне і таго, каб гэты працэс адбываўся цывілізаваным дэмакратычным шляхам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG