Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 траўня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Салігорск – Ігумен — Менск

Крытычная абстаноўка з заканчэньнем выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі склалася і ў рэгіёнах Меншчыны.

Як паведаміў карэспандэнту "Радыё Свабода" ўчора ў штаб-кватэры Беларускага Незалежнага Прафсаюзу старшыня БНП, ён жа прэзыдэнт Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед, апошнімі днямі ў Салігорску літаральна затакавалі ягоны офіс. Людзі шукаюць месца, дзе можна прагаласаваць. На жаль, у Салігорску, паводле Віктара Бабаеда, выбарчая кампанія амаль не праводзіцца. Прынамсі, на кватэру спадара Бабаеда ды іншых лідэраў арганізацыі Незалежнага прафсаюзу актывісты ад ўчастковых камісіяў з урнамі дзеля галасаваньня не завітвалі.

Да Віктара Бабаеда тэлефануюць шахцёры і таксама абураюцца тым, што ня могуць ажыцьцявіць сваё волевыяўленьне. Адказваючы на маё пытаньне, актывіст БНФ і БНП Міхась Казак паведаміў, што ўжо некалькі дзён ня бачыў лідэра мясцовай Рады Народнага Фронту і старшыню Гарадзкой камісіі па выбарах прэзыдэнта Анатоля Лобана. Як мне сёньня адказалі па тэлефоне дзеці Анатоля Лобана, ён цяпер шчыруе на загарадным лецішчы.

Але калі Салігорская гарадзкая камісія яшчэ фармальна дзейнічае, то Нясьвіская ды Ігуменская раённая ўжо склалі свае паўнамоцтвы. Паводле сябры Ігуменскай камісіі Вольгі Назарчук, чый муж Генадзь Назарчук ёсьць старшынём гэтага асяродку і актывістам БНФ, яе калегам проста надакучылі пастаянныя тэлефанаваньні сакратара Ўправы Народнага Фронту Анатоля Крыварота ды розныя факсы з так званымі парадамі партыйных функцыянэраў скласьці паўнамоцтвы. Да ўсяго з такімі ж патрабаваньнямі да іх пастаянна зьвяртаюцца й сілавыя структуры.

Ідуць пагрозы ня толькі аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці, але і пра выкідваньне актывістаў з працы. Так ужо абыходзяцца з настаўніцай Ледзяшчанскай школы Сьвятланай Бабіч, якой кіраўніцтва райаддзела адукацыі абвясьціла, каб тая падавала заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. Гэтая жанчына – інвалід, маці траіх дзяцей – мае права тут працаваць усяго да 31 траўня.

Карыстаючы раскол у шэргах арганізатараў прэзыдэнцкіх выбараў, рэгіянальныя ўлады, працадаўцы, міліцэйскія аддзелы ўмацнілі свой уціск на актывістаў тых камісіяў, якія працягваюць сваю справу. Так, ужо трэці дзень запар кіраўніцтва Менскага раённага аддзела адукацыі робіць непрыхаваны ўціск на завуча адной з Бараўлянскіх школаў — сябра БСДГ Валянціну Анкуд, якая, між іншым, мае званьне выдатніка асьветы Беларусі. Яна павінна зрабіць выбар – сысьці або з камісіі, або са школы. Як паведаміла мне спадарыня Анкуд, яна выбірае апошняе.

Паводле Валянціна Баранава, старшыні Менскай абласной камісіі, учора мела месца канфіскацыя чыстых блянкаў, бюлетэняў для галасаваньня і ў кіраўніка Слуцкай гарадзкой камісіі Аляксандра Качарова. Але ні сам Валянцін Баранаў, ні ягоныя калегі зьліквідоўваць абласную камісію не зьбіраюцца, хаця яе кіраўнік ёсьць актывістам Беларускага Народнага Фронту. Паводле Валянціна Баранава, пачатую справу трэба завяршаць прыстойна і годна – у гэтым заключаецца гонар ды сумленьне дэмакрата.

XS
SM
MD
LG