Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

За тры дні да завяршэньня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах кампанія апынулася на мяжы зрыву. Беларускі Народны Фроны сёньня пачаў масава адклікаць сваіх сяброў з выбарчых камісіяў у знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Паводле зьвестак Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, у датэрміновым галасаваньні на 12 траўня ўзяло ўдзел 38% выбаршчыкаў.

Скандал, ініцыяваны кіраўніцтвам Беларускага Народнага Фронту ў сувязі з магчымай фальсыфікацыяй лічбаў тых, хто прыняў удзел у галасаваньні, не зьмяніў пазыцыю Цэнтральнай Выбарчай Камісіі. Сёньня прэсавы цэнтар ЦВК абвесьціў колькасьць тых, хто прыняў удзел у выбарах на 12 траўня — 2 902 825 чалавек (38,5% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў). Лідэрам паводле зьвестак ЦВК надалей застаецца Віцебская вобласьць, дзе ўжо прагаласавала 44,3%. На апошняе месца выйшла Берасьцейская вобласьць, дзе ў выбарах узялі ўдзел 32,5% выбаршчыкаў.

Нязгода кіраўніцтва БНФ з гэтымі лічбамі сёньня ператварылася ў масавы сыход сяброў БНФ з выбарчай кампаніі. Менавіта сябры БНФ складаюць аснову выбарчых камісіяў. Як паведамілі ва ўправе БНФ, сёньня фронт адклікаў сваіх сяброў у 12 гарадах Беларусі — Нясьвіжы, Чэрвені, Лунінцы, Берасьці, Ганцавічах, Гомлі, Дзяржынску, Ляхавічах, Клімавічах, Пінску, Баранавічах, Мсьціславе.

Рэгіянальныя рады складаюць заявы паводле аднаго ўзору. Я цытую заяву Гомельскай абласной рады БНФ:

«ЦВК па выбарах прэзыдэнта не стварае ўмоваў, неабходных для правядзеньня галасаваньня ў адпаведнасьці з законам, бярэ на сябе неўласьцівыя ёй паўнамоцтвы па інтэрпрэтацыі гэтага закону. Больш за тое — кіраўніцтва ЦВК апошнім часам стала на шлях фальсыфікацыі ходу і вынікаў галасаваньня. Неаднаразовыя звароты кандыдата ў прэзыдэнты Зянона Пазьняка да ЦВК з прапановай вярнуцца на шлях законнасьці — не пачутыя. Не пачутыя і звароты Сойму БНФ «Адраджэньне» да ЦВК прысьпешыць прызначэньне канкрэтных месцаў для галасаваньня ў дзень выбараў 16 траўня.

Гомельская Рада БНФ зьвяртаецца з прапановай да ўсіх сяброў БНФ заявіць аб сваім выхадзе з складу тэрытарыяльных камісіяў і скласьці свае паўнамоцтвы. Гомельская гарадзкая рада БНФ зьвяртаецца таксама да Зянона Пазьняка з прапановай зьняць сваю кандыдатуру і адмовіцца ад удзелу ў кампаніі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Нагадаю, што яшчэ ўчора намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што намесьнік кіраўніка фронту Сяргей Папкоў рассылае ў рэгіёны Беларусі загады ня ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Апошні сойм БНФ вырашыў, што сябры фронту ўдзельнічаюць у гэтых выбарах.

Камэнтуючы экстрэмальную сытуацыю старшыня ЦВК Віктар Ганчар заявіў нашаму радыё:

(Ганчар:) «Я магу выказаць толькі зьдзіўленьне і такога роду заявамі і такога роду дзеяньнямі. Што тычыцца заяваў адпаведных рад, то да мяне таксама даходзіць інфармацыя аб такіх заявах, якія робяцца пад моцным уціскам асобных кіраўнікоў фронту. Гэта зноў выклікае толькі зьдзіўленьне, таму што ніхто не адмяняў адпаведнага рашэньня сойму.

Мяне сапраўды зьдзіўляе тое, што пэўныя асобы бяруць на сябе адказнасьць камэнтаваць дзеяньні дзяржаўнага воргану. Такога роду заявы ў звычайных умовах маглі б за сабой цягнуць нават адказнасьць.

Дзіўная сытуацыя, калі кандыдат у прэзыдэнты чамусьці ўдзельнічае паводле яго ўласнага меркаваньня ў незаконнай кампаніі. Больш таго — ну няўжо не зразумела, што гэтыя дзеяньні ў гэтай сытуацыі зьяўляюцца найлепшым падарункам Лукашэнку».

(Карманаў:) Віктар Іосіфавіч, калі я Вас правільна зразумеў, то Вы ўсё ж разглядаеце варыянт зрыву гэтай выбарчай кампаніі?

(Ганчар:) «Учора рэзка ўпала актыўнасьць дзейнасьці камісіяў, тым нмя менш у мяне няма аніякіх падставаў лічыць, што гэта адаб'ецца на кампаніі якім-небудзь крытычным зьніжэньнем тэмпаў і ходу галасаваньня. Такі варыянт разьвіцьця падзеяў я выключаю».

Заўтра ў Беларусь адсочваць працэс галасаваньня прыяжджае дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

XS
SM
MD
LG