Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 траўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Добра сплянаванай акцыяй, якую правяло нейкае спэцпадразьдзяленьне, назваў зьнікненьне Юрыя Захаранкі былы сьледчы, дэпутат менскага гарсавету Алег Волчак, які ўзначальвае грамадзкую камісію ў справе пошуку былога міністра ўнутраных справаў. Сёньня сябры грамадзкай камісіі падзяліліся з журналістамі сваімі меркаваньнямі наконт зьнікненьня Захаранкі і распавялі пра захады, якія прадпрымае камісія.

Грамадзкая камісія, якую стварыла Каардынацыйная Рада Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў дзеля пошуку былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, пачала дзейнічаць і інфармуе грамадзкасьць пра першыя вынікі гэтых дзеяньняў. Праведзены агляд магчымага месца здарэньня, шукаюцца сьведкі, абсьледуюцца аб'екты на маршруце Захаранкі, які ўвечары 7 траўня пайшоў з аўтамабільнай стаянкі дадому і зьнік.

Былы сьледчы Алег Волчак, на рахунку якога больш за 40 раскрытых злачынстваў, у тым ліку і крадзяжы людзей, пасьля першых дзён працы ў камісіі схіляецца да меркаваньня, што зьнікненьне Захаранкі арганізавала і правяла нейкая спэцслужба.

(Волчак:) «Гэта ня простае зьнікненьне, а сплянаваная акцыя. Яна праведзеная на высокім узроўні, на які здольныя толькі спэцыяльныя падразьдзяленьні. Звычайныя крымінальнікі хутчэй за ўсё пакінулі б хоць нейкія сьляды, але ніякіх прыкметаў барацьбы, нейкай сутычкі, раненьня, перасьледу намі знойдзена не было. Наколькі мне вядома — міліцыяй таксама. Таму я схіляюся да думкі, што здарэньне адбылося па палітычных матывах».

Паводле Волчака, камісія працягвае настойлівыя пошукі Захаранкі. Яны вядуцца ў двух асноўных кірунках — збор інфармацыі і далейшае абсьледаваньне мясцовасьці. Апроч улётак, якія ўжо расклееныя ў раёне зьнікненьня Захаранкі, добраахвотныя сьледчыя спадзяюцца на эфэкт ад публікацыяў у друку і паведамленьняў радыё. «На жаль, пра здарэньне з Захаранкам паведамілі толькі недзяржаўныя СМІ, а гэтага недастаткова», — заўважыў Алег Волчак. Ён запэўніў, што будзе працягнутае вывучэньне мясцовасьці.

Сёньня сябры камісіі зноў выйдуць на месца магчымага здарэньня і паспрабуюць праверыць калодзежы. Некаторыя зь іх дасягаюць глыбіні 20 мэтраў, таму для іх абсьледаваньня патрэбнае спэцыяльнае абсталяваньне. Яно шукаецца. «Мяркую, два дні на гэта нам хопіць», — падсумаваў кіраўнік грамадзкай камісіі.

Алег Волчак таксама сказаў, што калі згодна з законам праз 10 дзён — да 17 траўня — міліцыя не распачне крымінальнай справы паводле факту зьнікненьня Захаранкі, камісія будзе ініцыяваць распачацьце такой справы ўсімі магчымымі сродкамі. Гэта дазволіць значна актывізаваць пошукі, упэўнены Волчак. «Нашая мэта — ня толькі знайсьці Захаранку, але і прадухіліць магымыя інцыдэнты супраць іншых дзеячоў апазыцыі», — сказаў кіраўнік грамадзкай камісіі.

Што такая пагроза сапраўды існуе — пацьвердзіў лідэр Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Станіслаў Багданкевіч. «Мяне неаднаразова папярэджвалі, што супраць мяне таксама рыхтуецца нейкая акцыя і мне лепш увогуле зьехаць. Хачу заявіць, што я і мае калегі па партыі нікуды зьяжджаць з нашай краіны не зьбіраемся. Ніякімі пагрозамі нас не запалохаць», — заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў штаб-кватэры Міхаіла Чыгіра лідэр АГП Станіслаў Багданкевіч.

На пытаньне журналістаў адносна прычынаў і абставінаў зьнікненьня Захаранкі адказаў і сябра грамадзкай камісіі палкоўнік Уладзімер Барадач. Ён падзяляе меркаваньне, што Захаранку скрала нейкае спэцпадразьдзяленьне, якое хутчэй за ўсё было арганізаванае Радай Бясьпекі. На яго думку, удзел міліцыі ды гэбістаў у такой апэрацыі выключаны, бо ў такім разе немагчыма было б захаваць сакрэтнасьць. Альбо заданьне выканала нейкая група, нанятая за грошы аднаразова, альбо там створаныя спэцыяльныя падразьдзяленьні для ліквідацыі, як там кажуць, праблемных асобаў.

«Наяўнасьць такіх спэцгрупаў, што дзейнічаюць за межамі закону — прыкмета дыктатарскай краіны», — сказаў Уладзімер Барадач. Яго падтрымаў дэпутат Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька. Паводле Лябедзькі, ёсьць безумоўная сувязь паміж рэпрэсіямі ўладаў супраць АГП, сьмерцю Генадзя Карпенкі і зьнікненьнем Юрыя Захаранкі. Дарэчнаю будзе паралель зь некаторымі краінамі Паўдзённай Амэрыкі, дзе дыктатары таксама змагаліся з апазыцыяй злачыннымі мэтадамі. Анатоль Лябедзька заявіў, што дэпутаты Вярхоўнага Савету ад АГП ініцыююць стварэньне парлямэнцкай камісіі для расьсьледаваньня абставінаў сьмерці Генадзя Карпенкі.

Зьнікненьне Юрыя Захаранкі АГП кваліфікуе як выкраданьне вядомага супраціўніка палітычнага рэжыму ў Беларусі. Зробленае гэтае злачынства зь некалькімі мэтамі. Галоўная сярод іх — спыніць дзейнасьць Юрыя Захаранкі ў правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў і арганізацыі Саюзу Афіцэраў Беларусі, запалохаць на ягоным прыкладзе ўсіх змагароў за дэмакратыю і незалежнасьць краіны.

Гэтак думаюць сябры грамадзкай камісіі ў справе пошуку Юрыя Захаранкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG