Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 траўня 1999 г.


Марыя Шыманоўская, Гомель

У Гомельскай і Магілеўскай абласьцях сытуацыя з прэзыдэнцкімі выбарамі бадай найгоршая — як у сэнсе ўдзелу выбаршчыкаў, так і ў сэнсе запалохваньня актывістаў прэзыдэнцкай кампаніі. Пры гэтым акцыі застрашваньня арганізатараў прэзыдэнцкіх выбараў у двух абласных цэнтрах адбываюцца паводле аднаго сцэнару.

Сёньня а 14 гадзіне ў кватэру старшыні тэрытарыяльнай раённай камісіі Савецкага раёну Гомеля Ўладзімера Шыцікава пазванілі двое ў цывільным. На пытаньне «хто» — адказалі: «Міліцыя». Тады Шыцікаў, навучаны горкім вопытам зносінаў з гэтай установай — бо давялося ўжо адседзець трое сутак літаральна нізавошта, калі папрысутнічаў на сустрэчы са старшынёй Цэнтарвыбаркаму Віктарам Ганчаром — адказаў, што міліцыю не выклікаў. Міліцыянты настойвалі: «Ідзе праверка пашпартнага рэжыму». Шыцікаў параіў у такім разе весьці яе ў пашпартным стале і адыйшоў ад дзвярэй, але праз колькі хвілінаў загучаў тэлефонны званок — пыталіся спадара Шыцікава. Гэта тыя ж самыя міліцыянты дайшлі да суседзяў і ад іх непакоілі Ўладзімера Іванавіча. Паклаўшы трубку Ўладзімер Іванавіч зірнуў у вакно. Двое ягоных візіцёраў стаялі пад вокнамі і зьдзіралі з дошкі аб'яваў, на якой звычайна домакіраўніцтва апавяшчае жыхароў аб зьменах у водазабесьпячэньні, а таксама пагражае рознымі карамі за запазычанасьць па плацяжах, паведамленьне пра выбары прэзыдэнта 16 траўня.

Акуратна склаўшы аб'яву, міліцыянты надзіва не кранулі перадвыбарчы плякат Зянона Пазьняка, з чым і сыйшлі з двара — пэўна да наступнага адрасу праверкі пашпартнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG