Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Паводле зьвестак Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, у выбарах прэзыдэнта на 11 траўня ўзялі ўдзел амаль 32% выбаршчыкаў. Кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту ставіць гэтыя лічбы пад сумнеў — на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі было заяўлена, што яны значна завышаныя.

2 400 949 чалавек прыняло ўдзел у галасаваньні на 11 траўня, паводле дадзеных Цэнтральнай Выбарчай Камісіі — 31,82 %. Дынаміка галасаваньня па абласьцях Беларусі застаецца ранейшай — лідэрам зьяўляецца Віцебская вобласьць — 41,9 %, аўтсайдэрам — радзіма прэзыдэнта Магілеўшчына, дзе прагаласавала 26,7 %.

Гэтыя лічбы ўразілі сёньня ня толькі журналістаў, але і кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту, якое правяло адмысловую прэсавую канфэрэнцыю, на якой выказала сумневы адносна пададзеных у ЦВК лічбаў. Кіраўніцтва БНФ лічыць гэтыя лічбы значна завышанымі. Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі паведаміў, што ўчора сустракаўся ў Варшаве з кандыдатам у прэзыдэнты Зянонам Пазьняком і пададзеныя ў ЦВК лічбы ўспрымаюцца імі з гумарам. Зянон Пазьняк сустрэўся ў Варшаве з амбасадарам ЗША Дэніэлам Спэкхардам, які заявіў яму, што вынікі галасаваньня прызнаныя ня будуць.

Паводле словаў намесьніка кіраўніка Фронту Сяргея Папкова, ЦВК і абласная камісія фальсыфікуюць адсоткі прыняўшых удзел у галасаваньні, у прыватнасьці, па Магілеўскай і Берасьцейскай абласьцях. Акрамя таго, як паведаміў Папкоў журналістам, сяброў абласных камісіяў прымушаюць падпісваюць пустыя бюлетэні. Канкрэтныя зьвесткі аднак прыведзеныя не былі.

ЦВК не выконвае ўзятыя на сябе абавязкі па забесьпячэньні ўчастковых выбарчых камісіяў выбарчымі скрынямі, а таму, як паведаміў Лявон Баршчэўскі, Лунінецкая выбарчая камісія, якая складаецца зь сяброў БНФ, адмовілася праводзіць выбары. Галоўнай прэтэнзіяй кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту па-ранейшаму застаецца тое, што ня створаныя і ня будуць створаныя 16 траўня стацыянарныя выбарчыя ўчасткі для галасаваньня.

Дыямэтральна супрацьлеглую пазыцыю выказаў на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні Фронту Юры Хадыка, які заявіў, што БНФ зрывае выбарчую кампанію, а Сяргей Папкоў, насуперак рашэньню Сойму БНФ, рассылае загады не праводзіць выбары ў рэгіёны Беларусі. Юры Хадыка лічыць, што прэзыдэнцкія выбары зьяўляюцца найперш выразам недаверу цяперашняму прэзыдэнту Беларусі, і трэба зрабіць усё, каб яны адбыліся. Гэта будзе сьведчыць пра патэнцыял беларускай апазыцыі. Паводле словаў Хадыкі, ЦВК, а не БНФ нясе адказнасьць за лічбы прагаласаваўшых.

Хутчэй за ўсё, гэтая сытуацыя будзе абмяркоўвацца на сустрэчах кіраўніцтва Фронту і Цэнтральнай Выбарчай Камісіі з прадстаўнікамі Парлямэнцкай Асамблеі Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, якія прыяжджаюць у Беларусь у гэтую суботу. Як паведамілі нашаму радыё ў прадстаўніцтве АБСЭ ў Менску, Беларусь наведае старшыня працоўнай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Андрыян Сэвэрын, а таксама ў складзе дэлегацыі прадстаўнік Нямеччыны прафэсар Вайскурхен і прадстаўнік Фінляндыі спадар Кільёнэн. Акрамя таго, Беларусь гэтымі выходнымі наведае місія Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Замежныя назіральнікі будуць адсочваць працэс галасаваньня, апошні дзень якога прыпадае на 16 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG