Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 траўня 1999 г.


Нагадаем, што некалькі тыдняў таму Паўночнаaтлянтычны альянс адзначаў сваё 50-годзьдзе. У рамках сьвяткаваньня адбыўся саміт краінаў НАТO і іншых дзяржаваў Эўропы. Сёньня адзін з удзельнікаў саміту — прэзыдэнт Латвійскай Рэспублікі сп. Гунтіс Ульманіс нанёс візыт у праскую штаб-кватэру Радыё Свабода. Дарэчы, гэта ўжо ня першы раз, калі нашу радыёстанцыю наведваюць вышэйшыя службовыя асобы розных дзяржаваў.

«На працягу дзесяцігодзьдзяў радыё Свабодная Эўропа давала надзею тым, хто падтрымліваў агонь свабоды зь іншага боку жалезнай заслоны», — сказаў прэзыдэнт Латвіі, пачынаючы сваю прамову ў будынку нашага Радыё. Зрэшты, выступ латвійскага лідэра ня быў дзяжурным сьпічам у гонар свабоды слова. Сп. Ульманіс часта адрываўся ад падрыхтаванага тэксту, засяроджваючы сваю ўвагу найперш на праблемах бясьпекі Латвіі, яе дачыненьнях з Захадам і Расеяй. Пераважна прамова сп. Ульманіса была прысьвечаная вынікам саміту краінаў НАТО ў Вашынгтоне, асабліва што да краінаў Балтыйскага рэгіёну.

(Ульманіс:) «Я лічу, што калі толькі дзьве Балтыйскія краіны будуць запрошаныя ў НАТО, гэта аслабіць жаданьне дзяржаваў Балтыі супрацоўнічаць у галіне абароны. Калі будзе адхіленае імкненьне Балтыйскіх краінаў быць у адзінай групе кандыдатаў, гэта падарве існуючы падыход да паступовай інтэграцыі абаронных структураў. У такім выпадку гэтыя краіны вымушаныя будуць павялічваць сваю індывідуальную бясьпеку — у выніку бясьпека тых Балтыйскіх дзяржаваў, якія будуць пакінутыя за межамі працэсу пашырэньня НАТО, паменшыцца».

Зрэшты, прэзыдэнт Ульманіс пераважна аптымістычна ацэньвае вынікі вашынгтонскага саміту. «Быў дадзены ясны сыгнал, што НАТО супрацьстаіць гэтак званай палітыцы чырвонай лініі бясьпекі, — кажа сп. Ульманіс. — Было яшчэ раз падкрэсьлена, што цяпер пытаньне ня ў тым, ці ўступяць краіны Балтыі ў НАТО, а ў тым, калі гэта адбудзецца».

Гэта ўжо ня першае наведаньне кіраўніком дзяржавы праскага офісу нашай радыёстанцыі. Гасьцямі РС былі прэзыдэнты Баўгарыі — Стаянаў, Румыніі — Канстантынэску, прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, Чэхіі — Вацлаў Гавэл. У нашых сьценах таксама выступалі і заходнія палітыкі — прэзыдэнт Нямеччыны Вайцзэкер, дзяржсакратар ЗША Мэдлін Олбрайт, Гілары Клінтан ды іншыя, хто лічыць, што свабода слова — гэта тая каштоўнасьць, якая мусіць перакрочыць з XX-га ў XXI стагодзьдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG