Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

За пяць дзён зь 10-дзённага тэрміну галасаваньня ў прэзыдэнцкіх выбарах ужо прыняло ўдзел амаль 23% выбаршчыкаў. Працэс галасаваньня суправаджаецца рэпрэсіўнымі захадамі афіцыйных уладаў.

Колькасьць выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні за 5 дзён выбараў ўражвае. 1 772 042 чалавекі ўжо прагаласавалі ва ўсёй Беларусі на 10 траўня — 22,82% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў. Старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Віктар Ганчар лічыць, што датэрміновае галасаваньне адбываецца па нарастаючай — кожны дзень галасуе больш, чым у папярэдні. Прэсавы цэнтар ЦВК падае сёньня наступныя лічбы тых, хто прыняў удзел у галасаваньні за 5 дзён: у Віцебскай вобласьці — 31,5% (гэтая вобласьць застаецца лідэрам), у Менскай вобласьці — 24,2%, у Гомельскай — 22,9%, у Менску — 21,5%, у Гарадзенскай вобласьці — 20,9% і ў Магілеўскай вобласьці — 19,2%. Як заўважыў сакратар ЦВК Барыс Гюнтэр, у Магілеўскай вобласьці на радзіме прэзыдэнта Лукашэнкі фіксуецца найбольшая колькасьць рэпрэсіяў у дачыненьні да сяброў выбарчых камісіяў. Мы зьвязаліся з намеснікам кіраўніка Цэнтральнай Выбарчай Камісіі зь Віцебску Іосіфам Навумчыкам, які адказаў на пытаньні нашага радыё.

(Карманаў:) Як бы Вы патлумачылі той факт, што менавіта Віцебская вобласьць зьяўляецца лідэрам сярод іншых абласьцей Беларусі па колькасьці тых, хто прагаласаваў?

(Навумчык:) «Тут, можа, ёсьць нейкія арганізацыйныя моманты. Абласной камісіі ўдалося своечасова перадаць у гарады раёнаў участковым выбарчым камісіям (яны створаныя ў нас у большасьці раёнаў) бюлетэні і іншыя дакумэнты, якія патрэбныя для галасаваньня па месцы жыхарства. Па-другое, як і ў іншых рэгіёнах рэспублікі, цярпеньне людзей канчаецца, той стан справаў у эканоміцы, пастаянныя парушэньні законаў, перабоі з харачаваньнем і ўсё іншае, што адчувае на сабе кожны жыхар нашай вобласьці, як і ўсёй рэспублікі — гэта адбіваецца на актыўнасьці людзей. Трэба сказаць, што вельмі многа жадаючых прагаласаваць, і ўзьнікае пытаньне, ці змогуць участковыя камісіі дайсьці да кожнага выбаршчыка за астатні час».

(Карманаў:) 9 траўня супрацоўнікамі Цэнтральнага РАЎСу Віцебску безь ніякіх тлумачэньняў былі затрыманыя і абшуканыя старшыня выбарчай абласной камісіі Васіль Шалуха і сябра Віцебскай гарадзкой камісіі Віктар Жалябаў. Скажыце, калі ласка, спадар Навумчык, ці будуць улічвацца бюлетэні, якія былі канфіскаваныя?

(Навумчык:) «Дабіцца, каб быў складзены пратакол, што ў яго тую ці іншую колькасьць бюлетэней адабралі, канфіскавалі, але на тым пасядженьні Цэнтральнай камісіі, калі мы прымалі рашэньне аб парадку галасаваньня, было дамоўлена, што такія бюлетэні ня будуць улічвацца. Хацеў бы яшчэ сказаць, што ў нас і ў Глыбокім таксама быў арыштаваны, зьняты з аўтобуса старшыня раённай камісіі Ўладзімер Скрабатун — за ім сачылі, і былі канфіскаваныя ў яго 1000 чыстых бюлетэняў. Ён быў у сьледчага, ён быў у пракурора Глыбоцкага раёна Анатоля Цяўрукова. Пракурор у вельмі нетактоўнай форме вёў гутарку. Казаў, што вось вы ніяк ня можаце супакоіцца, толькі калі на вас наручнікі надзенуць, тады вы перастанеце можа гэтым займацца. Вось такія захады ўладных структур, якія не аснаваныя на законах».

Як паведаміў прэсавы сакратар Цэнтарвыбаркаму Аляксандар Коктыш, сёньня вынесенае афіцыйнае папярэджаньне намесьніку кіраўніка Барысаўскай гарадзкой выбарчай камісіі Аляксандру Абрамовічу і сябрам штаба Чыгіра Генадзю Гаўрасёву і Зьміцеру Абрамовічу. А 10 гадзіне ранку іх сёньня выклікалі ў Барысаўскі РАЎС, дзе, паводле словаў Коктыша, паведамілі, што калі яны ня спыняць удзел у выбарах, то зь імі здарыцца тое самае, што і зь Юрыем Захаранкам.

XS
SM
MD
LG