Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 траўня 1999 г.


Спробы некаторых урадаў надаць большыя паўнамоцтвы нацыянальным меншасьцям дзеля таго, каб пазьбегнуць міжнацыянальных канфліктаў, могуць даць адваротны вынік і выклікаць пратэст з боку дамінуючай нацыі. А гэта, у сваю чаргу, прывядзе да яшчэ большых патрабаваньняў з боку меншасьцяў. Такую выснову робіць вашынгтонскі аналітык Радыё Свабода Пол Гоўбл.

У Вялікабрытаніі брытанскі ўрад прэм'ер-міністра Тоні Блэйра ў чацьвер правёў выбары новых рэгіянальных парлямэнтаў — у Шатляндыі й Валіі.

А ў Францыі ўрад прэм'ер-міністра Ліянэля Жаспэна абвясьціў у сераду, што Парыж падпіша Эўрапейскую Хартыю па мовах рэгіянальных і нацыянальных меншасьцяў і гэтым возьме на сябе абавязак дазволіць ужываньне мясцовых моваў у Эльзасе, Баскскім рэгіёне, Брэтані й Корсіцы — у школах, афіцыйных дакумэнтах, сродках масавай інфармацыі і ў мностве сацыяльных інстытуцыяў.

Абедзьве гэтыя акцыі ёсьць часткай новага эўрапейскага пагадненьня пра дэцэнтралізаванае кіраваньне — тое, што многія называюць «Эўропай рэгіёнаў». Абедзьве акцыі імкнуцца задаволіць патрабаваньні этнічных меншасьцяў дзеля большага кантролю над іхным лёсам і большага прызнаньня асобных іхных патрэбаў. Абедзьве скіраваныя на тое, каб аслабіць больш радыкальныя патрабаваньні некаторых меншасьцяў.

Такія падзеі ўжо дазваляюць меркаваць, што гэтыя захады падзейнічаюць на этнічныя меншасьці ў абедзьвюх краінах, хаця б у бліжэйшы час. Шатляндыя зноў займела ўласны парлямэнт пасьля 300-гадовага перапынку, і хаця Лейбарысцкая партыя атрымала большасьць галасоў, Шатляндзкая нацыянальная партыя выйшла на другое месца. У Валіі сытуацыя аналягічная — на другое месца выйшла нацыяналістычная партыя «Плэйд камры» (пасьля лейбарыстаў). Некаторыя назіральнікі лічаць, што гэтыя выбары могуць прывесьці да найбольш істотных, пасьля распаду Брытанскай імпэрыі, канстытуцыйных зьменаў.

Але зь цягам часу гэта можа зьмяніцца, калі ўзяць пад увагу дынаміку самых гэтых пераменаў, а таксама далейшую рэакцыю французаў і ангельцаў на захады ўласных урадаў.

Менавіта з прычыны таго, што новыя парлямэнты ў Шатляндыі й Валіі адчуваюць, што яны становяцца цэнтрам нацыянальнай ідэнтыфікацыі, яны, верагодна, будуць патрабаваць больш улады для шатляндцаў і валійцаў, многія зь якіх цэнтральны ўрад у Лёндане не захоча ці ня зможа выконваць. І такія няўдачы могуць быць выкарыстаныя для нацыяналістычнай агітацыі, нават тымі, хто не зацікаўлены ўласна ў незалежнасьці.

Між тым, здабываючы новыя моўныя правы ў краіне, дзе мова мае ключавое значэньне ў выяўленьні нацыянальнай тоеснасьці, рэгіянальныя этнічныя групы ў Францыі, падобна скарыстаюцца здабыткамі гэтага тыдня, каб запатрабаваць яшчэ больш магчымасьцяў дзеля карыстаньня роднымі мовамі як рэгіёнах, так і ў Парыжы. Гэткім чынам яны паставяць францускі ўрад у такое становішча, калі адмова будзе мець такі самы эфэкт, што й згода.

Але найвялікшы нацыянальна-творны ўплыў гэтых дзьвюх акцыяў адаб'ецца на ангельскіх і францускіх большасьцях. Перад ангельцами ужо стаіць дылема: абмежавацца цяперашнім статусам альбо дамагацца абраньня парлямэнту ўласна Англіі; французскія інтэлектуалы ўстрывожаныя тым, што ўпершыню за стагодзьдзі француская мова страчвае свой прывілеяваны статус — гэтая акалічнасьць можа падштурхнуць іх да нацыяналістычных груповак.

Аднак і Вялікабрытанія, і Францыя зьяўляюцца краінамі з моцным дэмакратычным досьведам і традыцыямі, якія хутчэй за ўсё дапамогуць ім пазьбегнуць этнічнага распаду. Аднак праблемы, якія вынікаюць з апошніх пераменаў у гэтых краінах, прымушацюь задумацца над узаемадзеяньнем этнічных фактараў і улады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG