Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 траўня 1999 г.


Ваенная апэрацыя НАТО, драматычная сытуацыя ўцекачоў, далейшыя наступствы памылковага ўдару па кітайскай амбасадзе ў Бялградзе, а таксама заява двух вядомых палітыкаў-праціўнікаў прэзыдэнта Мілошавіча — асноўныя тэмы сёньняшняга агляду падзеяў вакол Косава.

Мінулай ночы ўжо 47-мы раз запар авіяцыя НАТО атакавала розныя аб'екты на тэрыторыі Югаславіі. Саюз НАТО паведаміў, што дрэннае надвор'е паўплывала на меншую актыўнасьць саюзнае авіяцыі за мінулую ноч. Агулам праведзена толькі 317 вылетаў у параўнаньні з 500 у папярэднюю ноч. Самалёты НАТО гэтым разам не бамбавалі Бялград. У горадзе Ніш самалёты атакавалі лётнішча, вайсковую радыёстанцыю ў горадзе Косаўска Мітравіца, склад паліва ў Прышціне і сэрбскія танкі на тэрыторыі Косава. Паводле НАТО, надвор'е было вырашальнай прычынай адмаўленьня ад налётаў на сталіцу.

Аднак ня выключана, што на паўстрыманьне ад налётаў на Бялград паўплываў нядаўні злашчасны інцыдэнт. Як ужо паведамлялася, у пятніцу авіяцыя НАТО нанесла ўдар па кітайскай амбасадзе ў Бялградзе, у выніку якога тры чалавекі загінулі. Альянс назваў гэты інцыдэнт «трагічнай памылкай» і ўзяў на сябе поўную адказнасьць за яго. Як заявіў міністар абароны Вялікабрытаніі Робэртсан, «кітайская амбасада не была атакаваная наўмысна. Аб гэтым выразна заявіў саюз НАТО і выразна заяўляю я. Тое, што здарылася — гэта памылка, трагічная памылка . Удар не плянаваўся на амбасаду, і нават цяжка сабе уявіць, каб такое магло быць».

Таксама міністар абароны ЗША Коўэн, дырэктар ЦРУ Тэнэт, камандзір сіламі НАТО Кларк і прадстаўнік НАТО Джэймі Шэй прызналі, што атака была вынікам памылковай, устарэлай інфармацыі, атрыманай ад разьведкі пра атакаваны аб'ект. Робэртсан выказаў пры гэтым думку, што памылковае збамбаваньне амбасады не павінна перашкодзіць у пошуках дыпляматычнай разьвязкі канфлікту і прымушэньні Мілошавіча спыніць генацыд касавараў:

«Я думаю, што дыпляматычны працэс з удзелам ААН і розных пасланьнікаў будзе працягвацца, паколькі ў выпадку пашырэньня канфлікту ён будзе мець адмоўныя вынікі ня толькі для Балканаў. Я думаю, што Расея і Кітай разумеюць, якую небясьпеку тоіць у сабе Мілошавіч, калі ня будуць спыненыя праводжаныя ім этнічныя чысткі. Так што побач з ваеннай апэрацыяй павінны быць паскораныя дыпляматычныя намаганьні», — заявіў міністар абароны Вялікабрытаніі.

Прадстаўнік НАТО Джэймі Шэй сказаў, што альянс зробіць усё магчымае, каб такія памылкі, як у выпадку кітайскай амбасады, не паўтарыліся. У лісьце на імя прэзыдэнта Кітаю Цзянь Цзыміня, прэзыдэнт ЗША Клінтан выказаў з гэтай прычыны «глыбокае шкадаваньне». У часе свайго візыту ў Кітай на гэтым тыдн, афіцыйнае прабачэньне з боку НАТО перадсьць кітайскаму боку канцлер ФРГ Шрэдэр.

У адказ Кітай прыпыніў усе свае вайсковыя кантакты са Злучанымі Штатамі і адтэрмінаваў кансультацыі ў такіх пытаньнях, як непашырэньне зброі, кантроль за ўзбраеньнямі і міжнародная бясьпека. Пэкін прыпыніў таксама свой дыялёг з Вашынгтонам у пытаньні правоў чалавека. Некалькі сотняў студэнтаў зноў сабраліся сёньня ля дыпляматычных місіяў у Пэкіне, трэці дзень запар пратэстуючы супраць збамбаваньня сіламі НАТО кітайскай амбасады ў Бялградзе. Ад брытанскай амбасады студэнты перайшлі пад рэзыдэнцыю амбасадара ЗША, аднак паліцыя перагарадзіла ім уваход на тэрыторыю аб'екту. «Кроў за кроў», «Распусьціць НАТО», — выкрыквалі ўдзельнікі пратэсту. Учора дэманстранты закідалі амбасаду ЗША камянямі і рознымі абломкамі. Некаторыя дыплямты здолелі пакінуць будынак толькі пасьля таго, як дэманстранты разыйшліся. Амбасадар ЗША Сассэр заявіў у тэлеінтэрвію, што кітайскія ўлады падахвочваюць да пратэстаў. Бурныя пратэсты мелі месца перад кансулятамі ЗША у іншых гарадох Кітаю, а таксама перад альбанскімі прадстаўніцтвамі. Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў, што сёньня і заўтра амбасада і 4 амэрыканскія консульствы ў Кітаі будуць зачыненыя.

Між тым Расея накіроўвае ў Пэкін свайго балканскага пасланьніка Чарнамырдзіна. Аб мэтазгоднасьці гэтага візыту сёньня ў тэлефанічнай гутарцы дамовіліся прэзыдэнты Цзянь Цзымінь і Ельцын.

Сёньня ў Найвышэйшым Судзе Аб'яднаных Нацыяў пачнуцца слуханьні ў справе заяўкі Югаславіі наконт спыненьня паветраных удараў НАТО. Югаславія цьвердзіць, што ў выніку налётаў загінула каля тысячы чалавек і 4500 паранена. Зьнішчана вялікая колькасьць цывільных аб'ектаў: школы, шпіталі і храмы. Прадстаўнік Югаславіі Рудалюб Эцінскі назваў бамбаваньне Югаславіі ня толькі незаконным, але і актам злачыннага генацыду. Ён падкрэсьліў, што акцыя сэрбскіх сілаў у Косаве накіраваная супраць тэрарызму, і НАТО ня мела права ўмешвацца ў гэты унутраны канфлікт.

Мяркуецца, што Міжнародны Суд Справядлівасьці вынясе свой вэрдыкт на працягу некалькіх тыдняў. Згодна з зыскам Югаславіі, кожная з 10 краінаў НАТО, уцягнутых у ваенную апэрацыю, будзе мець гадзіну на прадстаўленьне сваіх аргумэнтаў. Югаслаўскія прадстаўнікі будуць мець дзьве гадзіны, каб прадставіць сваю пазыцыю. Прадстаўнікі паасобных краінаў будуць даваць свае паказаньні ў альфабэтычным парадку. Аналітыкі лічаць, што разгляд асноўнага пункту зыску: што ўжываючы супраць Бялграду сілу НАТО парушыла міжнароднае права, можа працягвацца гадамі. Экспэрты лічаць, што 152 судзьдзяў Трыбуналу ў Гаазе наўрад ці выкажуцца за спыненьне ўдараў НАТО. Іхныя вэрдыкты абавязковыя і не падлягаюць апэляцыі, але неабавязкова мусяць быць уведзеныя ў сілу. Калі прысуд ня будзе выкананы, тады Міжнародны Трыбунал перадасьць яго ў Раду Бясьпекі ААН, у якой ЗША, Вялікабрытанія і Францыя маюць права вэта.

Дзярждэпартамэнт ЗША назваў заяўку Югаславіі дарэмнай. Прадстаўнік НАТО Шэй дадаў, што гэта цынічная спроба Бялграду зьняць зь сябе адказнасьць за сілавое высяленьне этнічных альбанцаў з Косава. На думку газэты International Herald Tribune, краіны НАТО могуць скарыстаць нагоду і падаць свой зыск супраць Югаславіі, абвінаваціўшы яе ў генацыдзе насельніцтва Косава.

Факты выразна сьведчаць супраць Югаславіі. Сёньня міністар узброеных сілаў Вялікабрытаніі Гэндэрсан паведаміў, што 100 тысячаў этнічных альбанцаў у прызыўным узросьце лічацца прапаўшымі бязь весткі, а 4,500 чалавек — як паведамляецца — былі расстраляныя.

Агенцтва ДПА цытуе сьведчаньні касавараў, якія знайшлі прытулак у Нямеччыне. Адзін з уцекачоў, Акіф Морына, расказаў, што ўжо ў верасьні мінулага году сэрбы ўварваліся ў іхную вёску каля Прышціны і загадалі выбірацца адтуль. Затым дарэшты зьнішчылі вёску. Людзі вандравалі ад вёскі да вёскі у пошуках сваіх блізкіх. Нарэшце ягоная сям'я сабралася разам у лягеры ў Македоніі і адтуль трапіла у Гамбург. «Я ўдзячны Нямеччыне за прытулак, але я хачу вярнуцца дамоў і пачаць усё нанава», — сказаў Акіф Морына.

Між тым ускладняецца становішча ўцекачоў на мяжы з Македоніяй. Міністар замежных справаў ФРГ Ёшка Фішэр заявіў сёньня ў часе візыту ў Македонію, што ў адказ на павелічэньне замежнай дапамогі Скоп'е павінна прыняць большую колькасьць альбанскіх уцекачоў. Ведамства ААН у справах уцекачоў заявіла, што будзе працягваць ціск на ўлады Македоніі, каб яны дазволілі пабудаваць дадатковыя лягеры для ўцекачоў. Прадстаўнік ведамства Рон Рэдмонд выказаў занепакоенасьць тым, што з часу закрыцьця ў сераду мяжы з Косавам, Македонія не дазволіла перайсьці сваю мяжу ніводнаму ўцекачу на пераходным пункце ў Блачэ.

У часе сёньняшняга брыфінгу ў Лёндане генэрал Майкл Джэксан паведаміў, што Вялікабрытанія накіроўвае ў Македонію дадатковы кантынгент дзеля падрыхтоўкі лягероў для наступнай хвалі ўцекачоў.

«Я не кажу, што там будзе чарговая хваля ўцекачоў, але што можа быць. Гэтага немагчыма прадбачыць. Гэта будзе залежаць ад сытуацыі ў Косаве, але мы павінны быць падрыхтаваныя», — заявіў брытанскі генэрал.

Ведамства ААН у справах уцекачоў расьсьледуе выпадкі злачыннага вымагальніцтва грошай ад косаўскіх уцекачоў. Прадстаўнік ведамства Крыс Яноўскі паведаміў, што крымінальмікі ў лягерах у прыватнасьці дамагаюцца грошай за ўнясеньне людзей у сьпісы тых, хто мае быць вывезены за мяжу. Ён прызнаў, што такія адмоўныя зьявы непазьбежныя пры такім вялікім згуртаваньні ўцекачоў. Цяпер на тэрыторыі Македоніі іх каля 220 тысяч.

Учорa з супольнай заявай на старонках газэты International Herald Tribune выступілі прэзыдэнт Чарнагорыі Дзюканавіч і лідэр апазыцыйнай Дэмакратычнай Партыі Сэрбіі Джынджыч. У ёй гаворыцца: «Мы выступаем за інтэграцыю Югаславіі ў Эўропу. Толькі шлях у Эўропу дапаможа нашай краіне разьвязаць ейныя праблемы і устанавіць мір і стабільнасьць у рэгіёне». На іх думку, міжнародная супольнасьць павінна адназначна і канкрэтна заявіць, што дэмакратычная і эканамічная рэканструкцыя зьяўляецца яе афіцыйнай пазыцыяй. Дзеля гэтага сьвет павінен зрабіць болей, чымсі толькі разьвязаць крызыс у Косаве. У прыватнасьці эканамічная рэканструкцыя на Балканах, магчыма, будзе патрабаваць ад Захаду нечага накшталт «пляну Маршала». Такія заявы і абяцаньні дапамогі зьмякчылі б настроі ў самой Югаславіі ды падахвоцілі б да трансфармацыі і зьмены паліычнага ляндшафту. Толькі дэмакратычная і стабільная Югаславія можа забясьпечыць стабільнасьць на Балканах. На іх думку, дэмакратыя можа ўсталявацца толькі шляхам палітычнай трансфармацыі ў Сэрбіі і ўсёй Югаславіі. Гэта будзе залежаць ад свабодных і справядлівых выбараў, умацаваньня сэрбскай дэмакратычнай апазыцыі, цеснага супрацоўніцтва з урадам Чарнагоры, а таксама поўнай ізаляцыі антыдэмакратычных сілаў і ўсталяваньня зьнешняга назіральнага воргану за палітычнымі зьменамі. Джынджыч і Дзюканавіч адначасова падкрэсьлілі, што дэмакратычнай апазыцыі вельмі цяжка прыйсці да голасу ў часе, калі НАТО працягвае бамбаваньне, разбурае масты, дарогі, фабрыкі і калі гінуць нявінныя людзі. Джынджыч і Дзюканавіч заявілі, што мусіць наступіць прарыў у зачараваным коле палітыкі, якая на працягу апошніх 10 гадоў прынесла краіне трагедыю. На руінах старога Мілошавіч не пабудуе новае. На іх думку, калі вайна закончыцца подпісам Мілошавіча, які будзе заставацца пры ўладзе, трагедыі і гвалты будуць працягвацца.

XS
SM
MD
LG