Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 10 траўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

У панядзелак 10 траўня сябры тэрытарыяльнай камісіі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь наведалі дом на вуліцы Рафіева ў Менску, у якім жыве старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня Сямён Шарэцкі. Сьпікер і ягоная жонка апусьцілі свае бюлетэні ў скрынку, пасьля чаго сп. Шарэцкі даў эксклюзіўнае інтэрвію нашаму радыё.

(Глод:) Сямён Георгіевіч, як вядома, за чатыры дні ўжо больш за мільён выбаршчыкаў удзельнічаюць у выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Як Вы ацэньваеце гэты факт?

(Шарэцкі:) «Я над гэтым вельмі доўга думаў. Я добра ведаю гэтую лічбу. Як мы і думалі — факт, які сьведчыць аб тым, што ўсё гэта была хлусьня, што нібыта прэзыдэнта падтрымлівае большасьць насельніцтва. Я думаю — пройдуць выбары, і мы будзем мець другі факт, яшчэ больш сур'ёзны: прэзыдэнт пасьля 20 ліпеня будзе ня толькі дэмакратычна не абраным прэзыдэнтам, але й выбары пацьвердзяць, што ён ня мае ніякай апоры ў большасьці насельніцтва рэспублікі».

(Глод:) Вас добра ведаюць людзі ў твар, і таму, можа, у Вас ёсьць нейкія ўражаньні, можа, за гэтыя дні да Вас нехта падыходзіў, выказваў меркаваньні... Што думаюць людзі наконт выбараў?

(Шарэцкі:) «Калі раней людзі пыталіся — а што там? ці як? — нават гаварылі некаторыя, што мы ня ведаем, што будуць выбары, то сёньня амаль кожны чалавек, я думаю, ведае, што ідуць ужо выбары, і шукае той скрынкі, куды можна апусьціць свой бюлетэнь. Калі я выходжу на вуліцу, то людзі падыходзяць і гавораць: «Колькі нас будуць падманваць? Мы прымем удзел у выбарах...»»

(Глод:) Па гэтых размовах — як складаецца ў Вас уражаньне — ці мяняецца стаўленьне да Лукашэнкі, скажам, у параўнаньні з падзеямі трохгадовай даўнасьці?

(Шарэцкі:) «Ведаеце, ня двух-трохгадовай, а нават з падзеямі двух-трохмесячнай даўнасьці, мяняецца думка народу аб гэтым рэжыме. Вы ж паглядзеце на цэны — яны ж кожны дзень павялічваюцца, і чалавеку ўжо проста нельга жыць. Ужо ж стала так, што за пэнсію можна пражыць тыдзень максымум, а як астатнія тры тыдні жыць чалавеку? І колькі ж людзі будуць цярпець? Я больш таго скажу — гэта трэба быць нейкім злачынцам, каб давесьці працавітую Беларусь да таго, што вясною прадаецца ў крамах 1-працэнтнае малако! Замест малака на самой справе прадаецца вада. Гэтая розьніца — гэта тыя грошы, якія йдуць на тое, каб трымаць гэты жандармскі апарат, які сёньня робіць уціск на людзей».

(Глод:) Сямён Георгіевіч, ці можаце Вы сёньня з усёй упэўненасьцю сказаць, што палова выбаршчыкаў прыйдзе на гэтыя выбары?

(Шарэцкі:) «Я думаю, што абсалютная большасьць выбаршчыкаў прыме ўдзел у выбарах і тым самым пакажа, што яна выступае супраць рэжыму».

(Глод:) Што будзе рабіць Вярхоўны Савет пасьля таго, як пройдзе 16 траўня і адбудуцца выбары?

(Шарэцкі:) «Будзе дзейнічаць згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь».

XS
SM
MD
LG