Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня — пяты дзень датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Фактычна палова тэрміна 10-дзённага галасаваньня ўжо прайшла.

1 мільён 379 тысячаў чалавек за чатыры дні датэрміновага галасаваньня ўзялі ўдзел у выбарах прэзыдэнта. Гэта складае амаль 16% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў. Пра гэта нашаму радыё паведаміў сакратар ЦВК Барыс Гюнтэр. У прэсавым цэнтры ЦВК заявілі, што на 10 траўня лідэрам зьяўляецца Віцебская вобласьць, дзе ўжо прагаласавала 21,9% выбаршчыкаў. У Гарадзенскай вобласьці ўзяло ўдзел 16,7%, у Гомельскай — 16,4%, у Магілеўскай — 14,1%, у Менску і Менскай вобласьці прагаласавала па 16,1%.

Пакуль сяброў участковых камісіяў, якія і разносяць скрыні па кватэрах, хапаюць паасобку. Адсутнасьць стацыянарных выбарчых участкаў не дазваляе ўладам надаць рэпрэсіям масавы характар. Учора ў вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёну былі затрыманыя сябры ўчастковай камісіі Андрэй Алейнікаў і Віктар Ляўкевіч. У іх канфіскавалі 90 бюлетэняў і сёньня іх выклікалі на допыт у пракуратуру. Паводле паведамленьня прэсавай службы ЦВК, у сяброў участковай камісіі Крычава Сяргея Няроўскага і Сяргея Баравікова, а таксама ў сяброў Чэрыкаўскай раённай камісіі Генадзя Раўкова і Тацяны Данілавай было канфіскавана амаль 4000 бюлетэняў і шэсьць скрыняў для галасаваньня. У Магілеве затрыманыя сябры камісіі Ігар Хадзько, Анжэла Бакач і Міхаіл Вярбоўскі, у якіх таксама канфіскаваныя скрыні і бюлетэні.

7 траўня ўвечары ўлады канфіскавалі 25 000 бюлетэняў у каардынатара гомельскай выбарчай камісіі Віктара Яўфімава. Яго затрымалі на пасту ДАІ пры выезьдзе зь Менску.

Ацэньваючы дынаміку выбарчага працэсу пяці дзён галасаваньня, старшыня ЦВК Віктар Ганчар заявіў нашаму радыё:

(Ганчар:) «Я задаволены ходам і дынамікай галасаваньня, нягледзячы на пэўныя хібы ў гэтым працэсе».

(Карманаў:) Віктар Іосіфавіч, на суботнім сойме БНФ была прынятая ўхвала, дзе Цэнтральнай Выбарчай Камісіі было прапанавана стварыць выбарчыя ўчасткі 16 траўня. Скажыце, калі ласка, ці будуць створаныя гэтыя стацыянарныя ўчасткі?

(Ганчар:) «Калі пасьля ўхвалы сойму стала пэўнай сытуацыя ў Народным Фронце, я лічу, што цяпер нэгатыўна ўжо нішто ня можа ўплываць на дынаміку выбарчага працэсу. Калі мы паспрабуем пры такім мэханізме галасаваньня стварыць стацыянарныя ўчасткі, то акрамя таго, што гэта немагчыма тэхнічна, гэта немэтазгодна палітычна. Гэта можа негатыўным чынам паўплываць на арганізацыю працэсу, таму што цяпер сябры ўчастковых камісіяў паводле занальнага прынцыпу абыходзяць кватэры, і зразумела, што зараз мы ня пойдзем з усіх гэтых прычынаў на тое, каб накладаць адзін працэс на другі».

(Карманаў:) А як сябры ўчастковых выбарчых камісіяў, якія адначасна зьяўляюцца сябрамі БНФ, выходзяць з сытуацыі, калі Зянон Пазьняк заклікае не прымаць удзел у 10-дзённым пакватэрным галасаваньні?

(Ганчар:) «Ёсьць, зразумела, асобныя меркаваньні паважанага палітыка і кандыдата ў прэзыдэнты Пазьняка, і яны ўплываюць непасрэдна на арганізацыю працэсу. Гэта так, таму што большасьць сяброў адпаведных камісіяў — сябры БНФ. Таму я чакаў рашэньня сойму, бо гэта — прагматычны і адказны падыход. Як сказаў адзін з кіраўнікоў раённай рады, у яго «перасталі плюшчыцца мазгі». І гэта вельмі добра, таму што цяпер ёсьць афіцыйнае рашэньне афіцыйнага воргану, і я лічу, што ўсё гэта здыме штучныя пытаньні».

XS
SM
MD
LG