Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 траўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Увечары 7 траўня ў Менску зьнік былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка. Вядомы апазыцыянер паставіў машыну на стаянку і пайшоў дадому, і дагэтуль пра яго нічога не вядома. Жонка Захаранкі ўпэўненая, што зьнікненьне мужа зьвязанае зь яго палітычнай дзейнасьцю. Яна не выключае найгоршых варыянтаў далейшага лёсу былога міністра. З афіцыйных крыніцаў інфармацыі пра тое, дзе цяпер знаходзіцца Юры Захаранка, дагэтуль няма. Пошукамі былога міністра ўнутраных справаў займаецца спэцыяльная служба пошуку гарадзкой міліцыі.

За мінулы месяц гэта ўжо чацьвертае надзвычайнае здарэньне ў асяродзьдзі вядомых супраціўнікаў беларускага рэжыму. Арышт Міхаіла Чыгіра, сьмерць Генадзя Карпенкі, уцёкі Тамары Віньнікавай і вось зараз — зьнікненьне Юрыя Захаранкі.

Што ж вядома пра здарэньне з былым міністрам унутраных справаў? Распавядае жонка Юрыя Захаранкі Вольга Барысаўна:

(В.Захаранка:) «Увечары каля дзясятай патэлефанаваў муж і сказаў, што ён ужо на падыходзе да дому. Я яго чакала. І зьнік. Да гэтага за ім ужо два дні сачылі».

Аказваецца, Захаранка паставіў машыну на стаянцы на вуліцы Прыгожай і пехатою адправіўся дадому на вуліцу Жукоўскага. Гэта прыблізна 15 хвілінаў хады. Але дадому Захаранка не вярнуўся. «Прайшла ноч, я абтэлефанавала ўсё, што магчыма, але вбезвынікова, і тады напісала заяву ў міліцыю пра зьнікненьне мужа. Цяпер яго шукае аддзел пошукаў гарадзкой міліцыі», — кажа жонка Захаранкі. Загадчык гэтай службы Валеры Федарэнка пацьвердзіў мне, што цяпер займаецца справай зьнікненьня Захаранкі, але ад больш падрабязнай гутаркі пакуль ухіліўся.

Жонка Захаранкі дадала, што апошнім часам Юрыя Мікалаевіча шмат разоў папярэджвалі, што аддадзены загад на любой падставе распачаць супраць яго крымінальную справу і затрымаць. «Зьяжджайце хоць куды», — нібыта папярэджвалі былога міністра, але ён зноў і зноў паўтараў, што ў сваёй Беларусі мае права хадзіць з высока паднятай галавой. «Наіўны чалавек. Яму ўсе казалі, што гэтыя людзі яму адпомсьцяць за тое, што не пагаджаўся быць такімі самымі злачынцамі, як яны», — кажа Вольга Барысаўна. Яна ўжо тры ночы не спала і знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. «Я не выключаю, што зь Юрам ужо зрабілі самае горшае. Безумоўна, гэта палітычная расправа, рашэньне аб якой прымалася на вельмі высокім узроўні», — заяўляе Вольга Захаранка.

Яна адкідае як сьмешныя вэрсіі пра зьнікненьне мужа зь нейкіх пабытопвых або асабістых прычынаў. Паводле Вольгі Барысаўны, Юры Захаранка або прыйшоў бы дадому, або яго варта шукаць у матчынай хаце ў вёсцы Васілевічы Рэчыцкага раёну. «Мама Юры ледзь жывая, калі даведалася, што ён зьнік. Яна таксама ня верыць, што ён мог проста так зьнікнуць. У мужа заўсёды быў з сабой пісталет, на які ён меў дазвол. Так што ад хуліганаў мой муж бы адбіўся», — упэўненая жонка Захаранкі.

Адкідае яна і вэрсію, згодна зь якой былы міністар быў затрыманы і адвезены ў Гомлю, дзе супраць яго спрабавалі распачаць крымінальную справу. «Сёньня я зьвязалася з адвакаткай Юрыя ў Гомлі, і тая сказала, што справа супраць яго спыненая. Адвакатка сьцьвярджае, што мужа ў Гомлю не прывозілі». — сказала нашаму радыё Вольга Захаранка.

Мае спробы даведацца з афіцыйных крыніцаў пра тое, дзе цяпер знаходзіцца былы міністар унутраных справаў, аказаліся безвыніковымі. Прэсавыя службы КГБ, Рады Бясьпекі і Міністэрства Ўнутраных Справаў сьцьвярджаюць, што Захаранкі ў гэтых установах няма і пра яго ўвогуле нічога не вядома. «Мы ведаем ня больш за Вас», — адказалі напрыклад у прэсавай службе міліцыі.

Дарэчы, непадобна на тое, каб свайго былога кіраўніка міліцыянты актыўна шукалі. Напрыклад, супрацоўнікі гарадзкога ДАІ сёньня выйшлі на праверку аўтамабіляў на дарогах сталіцы, нават ня ведаючы, што з Захаранкам нешта здарылася. Няма зьвестак пра зьніклага экс-міністра і ў міліцыянтаў, што дзяжураць на вакзалах. Падобна на тое, што Захаранку шукаюць гэтаксама, як ужо месяц шукаюць Тамару Віньнікаву.

XS
SM
MD
LG