Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 траўня 1999 г.


Улады Злучаных Штатаў загадалі выслаць на акцыю ў Югаславію новыя самалёты, тым часам як дыпляматы з заходніх краінаў і Расеі рыхтуюцца да выпрацоўкі дэталяў пляну вырашэньня косаўскага канфлікту. Гэты загад быў дадзены ў той момант, калі авіяцыя НАТО атакавала родны горад прэзыдэнта Мілошавіча і разбурыла мост на галоўнай чыгуначнай лініі, што зьвязвае краіну з Румыніяй. Адбылося гэта ў 44-тую ноч паветранай кампаніі альянтаў.

На двух бялградзкіх інтэрнэтных сайтах, якія зьмяшчаюць паведамленьні грамадзянаў аб пашкоджаньнях ад натаўскага бамбаваньня, зьявілася інфармацыя аб выбухах у мястэчку Пожарэвац у Паўночнай Сэрбіі, адкуль паходзіць Слабадан Мілошавіч і дзе, як кажуць, ягоны сын валодае найбольшай у Югаславіі дыскатэкай.

Міністар абароны ЗША Ўільям Коўэн загадаў выслаць у Эўропу яшчэ 176 самалётаў для ўдзелу ў кампаніі супраць Югаславіі. Пра гэта ў чацьвер паведаміў Пэнтагон.

Гэтыя самалёты, улучна з супрацьтанкавымі А-10 ды іншымі зьнішчальнікамі, а таксама 80 заправачнымі самалётамі, далучацца да 639 амэрыканскіх самалётаў, якія сёньня бяруць удзел у кампаніі супраць Бялграду.

Гэткая пастанова была прынятая пасьля таго, як у чацьвер дзяржавы вялікай сямёркі й Расея прыйшлі да пагадненьня наконт стратэгіі вырашэньня косаўскага крызысу на сваёй першай сустрэчы ад моманту, калі шэсьць тыдняў таму НАТО пачало бамбаваць Югаславію.

Міністры замежных справаў заходніх дзяржаваў і Расеі заклікалі югаслаўскае войска пакінуць Косава, каб у гэты край маглі ўвайсьці міжнародныя сілы бясьпекі.

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан вітаў згоду Расеі на прысутнасьць у Косаве міжнародных сілаў бясьпекі і зазначыў, што гэта быў важны крок да вырашэньня канфлікту.

Аднак Клінтан заявіў, што НАТО не мяняе сваёй стратэгіі і разам з дыпляматычнымі намаганьнямі будзе працягваць і ваенныя дзеяньні.

«Важна тое, што расейцы ўпершыню публічна заявілі, што яны падтрымваюць ідэю разьмяшчэньня ў Косаве міжнародных сілаў бясьпекі», - сказаў Клінтан на заканчэньне свайго двухдзённага візыту ў Нямеччыну.

«Гэта істотны крок наперад, і я асабіста ім вельмі задаволены», - зазначыў Клінтан пасьля таго, як краіны сямёркі й Расея заклікалі падтрымаць ухвалены Арганізацыяй Аб'еднаных Нацыяў плян ўвядзеньня ў Косава кантынгенту міжнародных сілаў бясьпекі.

Аднак міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў заявіў, што ў склад такіх сілаў не павінны без дазволу Бялграду ўваходзіць вайсковыя аддзелы НАТО, як гэтага патрабуе Паўночнаатлянтычны альянс.

«Пакуль яшчэ зарана гаварыць аб прарыве, аднак ужо можна сказаць пра крок наперад», - заявіў Іваноў, выступаючы перад журналістамі.

Разам з тым у Рыме памяркоўны косаўскі лідэр Ібрагім Ругова заявіў, што вывад з Косава сэрбскага войска і разьмяшчэньне там міратворчых сілаў абсалютна неабходныя для таго, каб уцекачы маглі вярнуцца дадому.

Што ж пра вывад войска з Косава думаюць самі сэрбы? Паводле вынкаў апытаньня, надрукаванага ў афіцыёзе бялградзкіх уладаў газэце ПОЛИТИКА, выяўляецца, што 43% югаславаў пагадзіліся б на нейкую форму вываду войска, тым часам як супраць гэтага выступаюць 44,2%.

Тым часам, паводле цьверджаньняў НАТО, у выніку бамбаваньня ужо зьнішчана 20% танкаў і артылерыі, а таксама больш за 50% складоў амуніцыі Югаслаўскага Войска ў Косаве.

У першай дэтальнай справаздачы аб выніках кампаніі ў Косаве прадстаўнік НАТО генэрал-маёр Ўолтэр Джэрц паведаміў у Брусэлі, што НАТО стаіць ужо зусім блізка да таго, каб спыніць этнічныя чысткі ў краі.

Што да плянаў ізаляцыі Сэрбіі, дык паводле Джэрца НАТО зьнішчыла 29 з агульнай колькасьці 31 моста праз Дунай.

Былі зьнішчаныя нафтаперапрацоўчыя аб'екты Югаславіі, а разам зь імі 70% запасаў нафты і траціна нафтавых рэзэрвуараў.

Як паведаміла Арганзіацыя Аб'еднаных Нацыяў, у чацьвер Бялград ухваліў прыезд у краіну гуманітарна-ацэначнай місіі ААН.

Каардынатар гуманітарнай дзейнасьці НАТО бразылец Сэржыў Віейра дзі Мэлу, які ўзначаліць місію, у якую ўвойдуць прадстаўнікі дзясятку агенцтваў ААН, сустрэўся ў чацьвер з упаўнаважаным у справах Югаславіі Уладыславам Яванавічам, які і паведаміў яму пра згоду Бялграду на прыезд місіі.

А ў Вашынгтоне Палата Прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу ухваліла надзвычайнае фінансаваньне ваеннай кампаніі супраць Югаславіі сумаю каля 13 мільярдаў даляраў.

Тым часам у самым Косаве растуць шэрагі ваяўнікоў Косаўскага Вызвольнага Войска, якое, паводле зьвестак Пэнтагону, налічвае ад 8 да 10 тысячаў чалавек, што на некалькі тысячаў болей, чым у пачатку кампаніі 24 сакавіка. Прадстаўнік Пэнтагону Кенэт Бэкан зазначыў, што косаўскае войска папаўняецца за кошт добраахвотнікаў спаміж косаўскіх уцекачоў у Альбаніі.

Міністар унутраных справаў Нямеччыны паведаміў, што ягоная краіна гатовая прыняць яшчэ 10 тысячаў уцекачоў з Македоніі.

У тым самым часе Ўсясьветны Банк ухваліў выдзяленьне Альбаніі крэдыту памерам 30 мільёнаў даляраў на вырашэньне праблемаў, зьвязаных з наплывам уцекачоў з Коса

У Страсбуры дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі аддаць Мілошавіча міжнароднаму трыбуналу за ягоную палітыку масавых дэпартацыяў.

Што да пэрспэктываў вырашэньня косаўскага канфлікту, вернемся да міратворчых плянаў, ухваленых краінамі вялікай сямёркі й Расеяй. Гэтым плянам прадугледжваецца перамагчы Мілошавіча і гарантаваць спакутаваным альбанскім уцекачам бясьпечнае вяртаньне дадому.

Нягледзячы на засьцярогі некаторых амэрыканскіх кангрэсмэнаў, амаль ніхто не сумняваецца, што ў складзе будучых сілаў бясьпекі ў Косаве значную ролю адыграе амэрыканскі кантынгент, як, прыкладам, у суседняй Босьніі.

Першапачаткова плянаваная колькасьць сілаў бясьпекі — 28 тысячаў чалавек — цяпер выглядае занадта малой, каб наглядаць за паваенным вяртаньнем да нармальнага жыцьця. Гэтая колькасьць можа вырасьці да 60 тысячаў, адпаведна і амэрыканскі ўдзел будзе прапарцыйна большы, чым плянаваныя першапачаткова 4000 чалавек.

Аднак у камюніке, выдадзеным пасьля сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў вялікай сямёркі і Расеі, гаворка ідзе пра «эфэктыўную цывільную і вайсковую міжнародную прысутнасьць» безь ніякіх непасрэдных згадак пра НАТО.

Цалкам верагодна, што ў склад міратворчых сілаў увойдуць вайсковыя аддзелы з Расеі, Украіны ды іншых прыязных Югаславіі краінаў, магчыма таксама, што і зь некаторых краінаў НАТО — гэткіх як Грэцыя або Партугалія, якія не бяруць актыўнага ўдзелу ў паветранай кампаніі супраць сэрбаў.

Тым часам Мілошавіч памалу выходзіць з глухой апазыцыі да ідэі ўвядзеньня міратворчых сілаў у Косава. Пад ціскам няспынных удараў НАТО прэзыдэнт Югаславіі заявіў, што гатовы падумаць пра разьмяшчэньне няўзброенага міратворчага кантынгенту або ўзброенага лёгкім узбраеньнем. Ён таксама надалей настойвае на тым, што ў Косаве мусіць заставацца 11 тысяч югаслаўскіх вайскоўцаў.

Злучаныя Штаты дагэтуль адхіляюць абедзьве гэтыя прапановы.

Сяргей Шупа, Прага

XS
SM
MD
LG