Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 траўня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Чаму выбарчая кампанія гэтак няўпэўнена стартавала ў сталічнай вобласьці? Учора наш карэспандэнт знаходзіўся ў штабе Менскай абласной камісіі і гутарыў зь яе старшынём Валянцінам Баранавым.

Прысталічныя рэгіёны маюць праблемы з правядзеньнем выбараў. Так, кіраўнік гарадзкой камісіі з Маладэчна Тадэвуш Усьціцкі даклаў: у яго няма шмат чаго з неабходнага рыштунку, а таму актывісты аніяк ня могуць распачаць справу. Не ўключылася ўчора ў выбары і Вілейка.

Пачынаючы зь 9 гадзінаў вечара, у штаб-кватэры стаў бясспынна званіць тэлефон. Рэгіёны дакладалі аб выніках першага дню. Барысаў, Мар'іна Горка, Слуцк і гэтак далей. Нарэшце пасьля 22 гадзінаў Валянцін Баранаў паведаміў:

(Баранаў:) "Дадзеныя пакуль яшчэ ня ўсе сабраныя, але прыкладна каля аднаго адсотка выбаршчыкаў ужо прагаласавала".

(Карэспандэнт:) Вы так мяркуеце, што гэта - нармальнае становішча, калі мець на ўвазе, што 10 дзён доўжацца выбары?

(Баранаў:) "Магчыма, не. Мы лічым, што выбары набяруць свой тэмп і адбудуцца. Па тэрыторыі Менскай вобласьці па сьпісах ёсьць 1 147 000 выбаршчыкаў".

(Карэспандэнт:) Не было ніякіх паведамленьняў адносна затрыманьняў, перашкодаў і гэтак далей?

(Баранаў:) "Пакуль такіх зьвестак яшчэ не было".

(Карэспандэнт:) Вядома, што кандыдат у прэзыдэнты Зянон Пазьняк патрабуе, каб адбыліся выбары на падставе безумоўнага выкананьня Канстытуцыі 1994 года без хаджэньня са скрынямі...

(Баранаў:) "Патрабаваньне Зянона Станіслававіча, безумоўна, законнае. І сябры Менскай абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта з павагаю ставяцца да гэтых патрабаваньняў спадара Пазьняка. Але мы падпарадкоўваемся пастанове Вярхоўнага Савету і Цэнтравыбаркаму, якія даюць сваё тлумачэньне адпаведнаму заканадаўству і ўлічваючы існуючыя палітычныя ўмовы, у якіх адбываюцца гэтыя выбары".

Ваялнцін Баранаў заўважыў, што хібы ў матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньні ўчастковых камісіяў Маладэчна і Вілейкі будуць зьліквідаваныя цягам бліжэйшых дзён. Спадар Баранаў ухваліў тактыку сваіх актывістаў, якія спачатку высьвятляюць настрой канкрэтных выбаршчыкаў, а затым па гэтых адрасах праводзяць галасаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG