Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 траўня 1999 г.


Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла зьвярнулася да народу Беларусі з заклікам ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

"Згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, на якой прэзыдэнт Рэспублікі Аляксандар Лукашэнка прысягаў пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, тэрмін улады цяперашняга прэзыдэнта канчаецца 20 ліпеня 1999 г., - адзначаецца ў Звароце. - Таму прэзыдэнцкія выбары, якія праводзіць паміж 6 і 16 травеня Вярхоўны Савет Х!!! скліканьня, мусяць адбыцца. А абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ёсьць прыняць удзел у гэтых выбарах.

Трэба памятаць, што Лукашэнку дапамагае КДБ і камуністы з маскоўшчыны, якія зьбіраюцца ў Горадні ў днях ад 10 да 12 травеня, каб замацаваць працэс інтэграцыі Беларусі з Ресеяй. Гаворачы зразумелай для ўсіх мовай, яны гэтым робяць паховіны незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, якраз у тым горадзе, дзе ў 1795 годзе Расея правяла акцыю падзелу Рэчы Паспалітай і гвалтоўнага паняволеньня Вялікага Княства Літоўскага - гэта значыць, сёняшняй Беларусі. Дык вось і цяпер Масква, пры дапамозе дыктатара Лукашэнкі, ліквідуе незалежную Рэспубліку Беларусь.

Цяперашнія ўлады ня дбаюць аб дабрабыце беларускага народу. Аб гэтым сьведчыць хоць бы факт, што калі грамадзяне жывуць у галечы, Лукашэнка высылае грузавікі так званай гуманітарнай дапамогі - харчы, палаткі, вопратку і коўдры - дыктатару Мілошавічу ў Югаславію.

Дарагія суродзічы, заклікаю вас ад імя Рады БНР браць удзел у выбарах новага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, арганізаваных Вярхоўным Саветам Х!!! скліканьня, якія цяпер адбываюцца. Гэта ваш апошні шанец захаваць незалежнасьць беларускай дзяржавы - наш Беларускі Дом, аднавіць гаспадарку ды выратаваць нашую культуру, нашую мову, нашую беларускасьць.

За выбарамі ў Беларусі сочаць дэмакратычныя дзяржавы сьвету, а менавіта дзяржавы Эўропы і Амэрыкі. Няхай яны бачаць, што Вы змагаецеся за незалежнасьць Беларускай дзяржавы, за правы чалавека, за канец ізаляцыі Беларусі ад цывілізаванага сьвету.

Памятайце, што маскоўскія калябаранты імкнуцца адбудаваць імпэрыю з усімі ейнымі атрыбутамі. Памятайце пра Курапаты, пра мільёны нашых братоў і сёстраў, косьці якіх раскіданыя па тэрыторыі гулагаў Сібіры ды Расеі.

Гэта ўсё зноў пагражае вам і наступным пакаленьням. Цяпер час абвесьціць сьвету, што мы горды народ і што ў няволю дабраахвотна ня пойдзем. Маеце нагоду гэта даказаць, бяручы ўдзел у выбарах, якія праводзіць Вярхоўны Савет Х!!! скліканьня.

Прашу, не прапусьціце гэтай нагоды! Галасуйце!

Жадаю вам усяго найлепшага! Жыве Беларусь!".

XS
SM
MD
LG