Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 траўня 1999 г.


Аляксандр Лукашэнка зьвярнуўся да прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса з прапановай накіраваць у Менск для лячэньня былога камуністычнага лідара Буракявічуса, які адбывае пакараньне за ўдзел у дзяржаўным перавароце 1991-га году.

Выглядае, што кіраўніцтва РБ імкнецца пераўтварыць Беларусь у сцечную канаву. У Менск, нібыта ў тую варонку, сьцякаюцца ўсе, хто выявіў сябе адыёзным прыхільнікам імпэрыі ды камунізму. З масквы - Антановіч і Сеўрук, з Вільні - генэрал Усхопчык, - той самы, які камандваў дывізіяй, якую называюць "крывавай"… Цяпер вось запрошаны Буракавічус.

Афіцыйная менская прэса падае Буракавічуса як ахвяру дэмакратычнага рэжыму, камуністычнага лідара, якога кінулі за краты. Сапраўды, дзевяць гадоў таму Буракавічус быў першым сакратаром "кампартыі Літвы на плятформе КПСС". У студзені 91-га менавіта ён узначаліў так званы камітэт, які пры дапамозе спецпадразьдзяленьняў КГБ і Савецкай арміі спрабаваў захапіць уладу, распусьціць літоўскі парламант і скасаваць незалежнасьць Літвы.

Буракавічуса асудзілі нават не за тое, што ён жадаў вярнуць Літву ў СССР – такіх жадаючых у той жа Вільні і цяпер хапае, скажам, сярод пэнсіянэраў былых савецкіх Узброеных сілаў. Яго асудзілі за спробу ажыцьцявіць гэтае вяртаньне гвалтоўным чынам - што, дарэчы, прывяло да чалавечых ахвяраў.

Труны забітых пад час штурму вільнюскай тэлевежы ў студзені 1991 года Лукашэнка бачыў на ўласныя вочы, калі ў складзе дэлегацыі Вярхоўнага Савета 12 -га скліканьня наведаў Вільнюс. Пасьля той паездкі Лукашэнка з парляманцкай трыбуны кляйміў ініцыятараў гвалтоўнага захопу ўлады.

Аднак роўна праз тры гады, у студзені 94-га, на зачыненым паседжаньні Вярхоўнага Савета, Лукашэнка з той жа самай трыбуны патрабаваў адстаўкі сілавых міністраў і генэральнага пракурора за тое, што "выдалі" Буракявічуса і Ермалавічуса літоўскім уладам.

Буракавічус сядзіціь у віленскай турме Лукішкі, якая, канечне, не курорт, але мае даволі прыстойныя ўмовы. Літва прытрымліваецца міжнародных стандартаў утрыманьня зьняволеных .

А вось канкрэтнае сьведчаньне пра турмы ў Беларусі: "Я азірнуўся,: праз імгненьне два цяжкія ўдары па сьпіне і нагах кінулі мяне на падлогу, і пачаўся амаль што рык: "Я же тебе, ублюдок, пріказал не оборачіваться!". Тым жа рыкам было зробленае афіцыйнае паведамленьне: "Вы прибыли в Жодинский централ.. Здесь вы-не люди, и мы сделаем всё, чтобы вы почувствовали это… Если к вам обращаются – отвечать полностью. Предупреждаю – за запинку будем бить, за разговоры между собой – будем бить». Начальнік зьмены называў прозьвішчы, ад хваляваньня людзі запіналіся, і іх жорстка зьбівалі. Калі дайшла чарга да Лабковіча, начальнік зьмены зрабіў паведамленьне: "Вніманіе! Сегодня на этапе – бэнээфовцы… Отнеситесь к ним со всем вниманием". Далей Вадзіма некалькі разоў ударылі, было чутно, як ён упаў, за што яго тут жа "перацягнулі" гумаваю дубінкай".

Гэта была цытата з кнігі Аляксея Шыдлоўскага "Ізаляцыя. Успаміны з турэмнага жыцьця", у якой ён распавядае пра ўмовы ўтрыманьня палітычных зьняволеных у вязьніцах цяперашняй Беларусі.

Безумоўна, што такое пэрсаніфікаванае стаўленьне заахвочваецца зьверху.

Лукашэнку не цікавіць здароў'е што васімнаццацігадовага Аляксея Шыдлоўскага, што сямідзесяціпяцігадовага Васіля Старавойтава.

Я думаю нават, што яго не цікавіць і здароў'е таго ж Бурякаявічуса.

Па вялікім рахунку, яго навогул не цікавіць нішто, акрамя здароў'я аднаго-адзінага чалавека.

І дзеля таго, каб гэты самы чалавек мог пагуляць у хакей ці тэніс ля сваёй рэзыдэнцыі, высяляюць амбасадараў з "Драздоў", а дзеці, якія паміраюць ад лейкеміі, не спадзяюцца на лячэньне, бо па ўсёй краіне будуюцца "лядовыя палацы" і тэнісныя корты.

Сяргей Навумчык, Прага

XS
SM
MD
LG