Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 траўня 1999 г.


Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкхард меў сустрэчы з лідэрамі беларускай апазыцыі, у тым ліку БНФ, сацыял-дэмакратычная партыя "Народная грамада" і іншых партыяў і рухаў, а таксама с некаторымі замежнымі амбасадарамі ў Менску.

Адбылася таксама асабістая сустрэча амбасадараў ЗША з жонкай Міхаіла Чыгіра, які зараз знаходзіцца пад вартай. Як вядома, Чыгір выставіў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах, прызначаных Вярхоўным Саветам на 16 травеня. На пытаньне радыё "Свабода" адносна выбараў Дэніэл Спэкхард адказаў.

(Спэкхард:) "ЗША разглядае гэтыя выбары, як палітычнае волевыяўленьне, і мы спадзяемся, што гэтае кампанія пройдзе мірна, і канчатковым вынікам будзе ажыўленьне палітычнай актыўнасьці ва ўсіх сфэрах, што прывядзе да канструктыўнага дыялогу паміж уладай і апазыцыяй".

Дэніэл Спэкхард спыніўся так сама на тэме сустрэчы з першым намеснікам міністра замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым, у часе якой абмяркоўваліся дзвюхбаковыя адносіны і некаторыя важныя аспекты актуальнага палітычнага жыцьця ў Беларусі. Акрамя таго Дэніэл Спэкхард выступіў з заявай.
"Я заклікаў беларускі ўрад да неадкладнага вызваленьня Міхаіла Чыгіра",- сказаў амбасадар ЗША.
"На сустрэчы з Мартынавым,- сказаў Спэкхард,- абмяркоўваліся і некаторыя міжнародныя праблемы, у тым ліку сітуацыя ў Югаславіі."

На пытаньне, ці закраналася, у якім небудзь аспекце, рашэньне Югаславіі далучыцца да Саюзу Беларусі і Расіі, амбасадар адказаў, што гэтая тэма не абмяркоўвалася, паколькі гэтае пытаньне знаходзіцца на самай папярэдняй стадыі. Хаця, дадаў Спэкхард, амэрыканцы вельмі здзіўленыя тым, як гэтае пытаньне разглядалася дагэтуль кіраўніцтвам Беларусі і Расіі. Паводле ягоных словаў, аглядальнікі ЗША не могуць у прыватнасьці зразумець, якую карысьць здольны прынесьці Беларусі саюз з Югаславіяй.

Дарэчы, на брыфінгу ў беларускім МЗС ніякія падрабязнасьці сустрэчы Мартынава са Спэкхардам не паведамляліся. Канцэнтравалася ўвага ў асноўным на сітуацыі ў Косава. Што тычыцца пытаньня амэрыканскай рэзідэнцыі ў Драздах і магчымасьці кампенсацыі, дык гэтая праблема на перамовах у МЗС, як падкрэсліў амбасадар, не абмяркоўвалася.

"Гэтая тэма,- сказаў ён,- яшчэ будзе прадметам перамоваў пазней. Пакуль навае памяшканьне для амэраканскай рэзідэнцыі, якое задавальняла б амэрыканскі бок, яшчэ не знойдзена. Спэкхард звярнуў увагу на тое, што дыпляматычныя санкцыі, уведзеныя ЗША ў адносінах да афіцыйных асобаў Беларусі, у сувязі з парушэньнем Венскай канвенцыі, застаецца ў сіле.

"Але гэтае пытаньне,- сказаў ён,- на сеньняшні дзень не ўвязваецца з іншымі палітычнымі пытаньнямі, у тым ліку пытаньнямі правоў чалавека". Разам з тым, спадар Спэкхард зазначыў:

(Спэкхард:) "На сустрэчах, якія мелі месца, мы заўседы падкрэслівалі, што магчымасьць нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША залежыць ад таго, з якой ступеньню адказнасьці беларускія ўлады будуць падыходзіць да права грамадзянаў выказваць свае меркаваньні, у тым ліку шляхам дэманстрацыяў. Дзеяньні ўладаў Беларусі павінны адпавядаць прынцыпам АБСЭ, - сказаў амбасадар ЗША. Адказваючы на пытаньне, ці есьць разыходжаньні ў падыходах Амэрыкі і Заходняй Эўропы да сітуацыі ў Беларусі, Спэкхард заявіў, што ў адносінах да неабходнасьці вяртаньня яе ў дэмакратычную супольнасьць пазыцыі супадаюць, а што тычыцца шляхоў дасягненьня мэты – яны могуць быць рознымі. Паводле словаў Спэкхарда, розныя вар'янты абмяркоўваліся, ў прыватнасьці, і з некаторымі эўрапейскімі дыпляматамі, з якімі ён сустрэўся гэтым разам ў Беларусі.

Віталь Тарас, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG