Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 траўня 1999 г.


Як кіраўніцтва ЦВК ацэньвае пачатак выбарчай кампаніі? На гэтае пытаньне адказвае старшыня выбарчай камісіі Віктар Ганчар.

(Ганчар:) "Улічваючы добрую падрыхтоўку гэтага працэсу, я лічу што для пачатку гэта добры старт. Што тычыцца канкрэтных вынікаў першага дня галасаваньня, то мы ўжо заўтра атрымаем дакладную інфармацыю. Я зьвяртаю на гэта ўвагу, таму што па зразумелых прычынах найбольшая актыўнасьць працы сёньня будзе прыходзіцца на час паміж 18-цю і 22-ма гадзінамі. І мы арыентавалі ўсе ўчастковыя камісіі на тое, каб яны выкарыстоўвалі нават кожную гадзіну, якая выпадае на гэтыя дзесяць дзён. Таму зразумела, што сёньня, улічваючы і старт, і тое, што сёньня звычайны працоўны дзень, то мы якраз плянуем найбольшую актыўнасьць на той час, які прыпадае пасьля заканчэньня працоўнага дня.

Што тычыцца пазыцыі Цэнтральнай камісіі, то яна бездакорна акрэсьленая ў нашай пастанове. Я хачу ў гэтай сувязі зьвярнуць увагу на тое, што толькі Цэнтральная камісія, у адпаведнасьці з законам, можа даваць абавязковыя рэкамэндацыі па прымяненьні дзеючага заканадаўства. І камісія выканала сваю ролю, і ўлічваючы, што закон павінен прымяняцца заўсёды, нават тады, калі дзеючая ўлада тарпэдуе выкананьне гэтага закона, то зразумела, што Цэнтральная камісія, выконваючы закон, дзейнічае рашуча й прагматычна.

Што да чарговых заяваў Зянона Станіслававіча Пазьняка, то мы вырашылі на паседжаньні камісіі, што мы, зважаючы на напружанасьць працы, ня маем часу для таго, каб рэагаваць на чарговыя заявы аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты. Тым ня менш, улічваючы, што зараз пачынаецца найбольш актыўны, найбольш важкі і найбольш адказны момант выбарчай кампаніі, я, зразумела, лічу, што гэтая чарговая заява ні да месца і шкодзіць працы".

XS
SM
MD
LG