Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 траўня 1999 г.


Сёньня кандыдат ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Зянон Пазьняк накіраваў ліст да сябраў БНФ, копію якога перадаў і ў беларускую рэдакцыю "Свабоды". Урыўкі зь ліста прагучалі ў нашай праграме.

"У пачатку выбарчай ініцыятывы ў лісьце "Праект "Чыгір" я папярэджваў аб сутнасьці гэтага маскоўскага праекту. Ужо тады было вядома аб мэтах гэтай задумы і аб фінансаваньні абодвух яго выканаўцаў (Чыгіра і Ганчара) з палітычна-фінансавых колаў Расеі. Цяпер стала вядома значна больш і аб ролях выканаўцаў, і аб ланцугу фінансава-палітычнага ўплыву на іх, і нават – хто ў Маскве пэрсанальна стаіць у канцы ланцуга. Гэта, у прынцыпе, не з'яўляецца для ўсіх нас нечаканасьцю, не зьмяняе нашых ведаў і нашых адносінаў да вядомай нам справы.

Мы бачым, што людзі, якія прывялі да ўлады Лукашэнку і служылі рэжыму, хочуць любымі шляхамі зноў вярнуцца ва ўладу і адпомсьціць свайму былому паплечніку і цяперашняму крыўдзіцелю.

Тым ня менш, разумеючы небясьпеку маскоўскага праекту для ўсяго вызвольнага руху, мы згадзіліся прыняць удзел у выбарах, а я – выставіць сваю кандыдатуру. Але пры адной умове: строгага, абавязковага і скрупулёзнага выкананьня выбарчага заканадаўства і Канстытуцыі 1994 года з боку старшыні ЦВК В.Ганчара. На гэта В.Ганчар пагадзіўся, і гэта нас задавальняла".

У лісьце адзначаецца, што "пастанова ЦВК №192 "Аб парадку галасаваньня па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 16 траўня 1999 года", прынятая 28 красавіка, поўнасьцю перакрэсьліла закон "Аб выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь". Пастанова грунтуецца не на Законе, а на нейкіх неакрэсьленых "прынцыпах правядзеньня выбараў". Пры гэтым мяркуецца, што сябры ўчастковых камісіяў (якіх ЦВК яшчэ не стварыла) будуць на працягу 10 дзён хадзіць са скрынямі для галасаваньня па дамах і прапаноўваць выбаршчыкам галасаваць. Грубыя парушэньні Закону і авантурызм тут відавочныя…."

"Пры ідэальнай (і нерэальнай) сытуацыі, за адзін дзень магло б прагаласаваць каля ста тысячаў выыбаршчыкаў. За 10 дзён (што ізноў жа – нерэальна) – каля мільёна. Усіх жа выбаршчыкаў у нас – больш за 7 мільёнаў…"

"Пакватэрны мэханізм "усеагульных выбараў" нават чыста тэхнічна – невыканальны. (Я ўжо не кажу пра поўнае абмежаваньне волі выбаршчыкаў."

"Пакватэрнага мэханізму ўсеагульных выбараў нідзе ў заканадаўстве не існуе. На што ж тады разьлічваюць ініцыятары такой справы? На адно з двух: альбо на палітычнае самазабойства, альбо (як і Лукашэнка) – на фальсыфікацыю (коштам Народнага Фронту) і на маніпуляцыю палітычнымі вынікамі афёры, якія яны "зробяць", як захочуць".

"Я мяркую, што кіраўніцтву ЦВК яшчэ засталося крыху часу, каб падумаць і вярнуцца да Канстытуцыі і Закону. Калі ж у бліжэйшы час яна ня вернецца на шлях законнасьці, то парушэньне заканадаўства (незалежна ад таго, хто яго парушае: ці Лукашэнка, ці Ганчар, ці шарэцкі, ці хто іншы) ніколі не павінна сыходзіць з рук яго парушальнікам.

Мы прапаноўвалі дзейнічаць толькі па закону, стварыць выбарчыя ўчасткі для галасаваньня (мэханізм быў прапанаваны) і галасаваць нармальна, у адзін дзень. Кіраўніцтва ЦВК да гэтага часу не стварыла ўчастковых выбарчых камісіяў, не падрыхтавала сьпісаў выбаршчыкаў, але спадар В. Ганчар ужо з 6-га траўня аб'явіў (незаконна) пачатак пакватэрнага ўсеагульнага галасаваньня. Хто будзе яго ажыцьцяўляць, калі няма ўчастковых камісіяў? А як быць з агітацыяй за кандыдатаў? Па Закону на гэта даецца 20 дзён. Але па Закону ў час галасаваньня не дазволеная ніякая агітацыя, а тэарэтычнае галсаваньне "па Ганчару" павінна пачацца з 6-га траўня. Юрыдычна безадказнае становішча, якое стварыў з выбарамі В.Ганчар, паказвае, што кіраўніка ЦВК за правальваньне выбарчай кампаніі цяпер трэба тэрмінова здымаць і прызначаць іншага. Але апазыцыйны фантом пад назвай "Вярхоўны Савет" ў стане нават сабрацца, і замест гэтага яго Прэзыдыюм піша блюзьнерчы зварот, лепятаньне да беларускага народу, дзе аб'яўляе, што "ЦВК знайшла адзіны правільны выхад: даць магчымасьць выбаршчыкам прагаласаваць па месцы жыхарства" напрацягу 10 дзён".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG