Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 траўня 1999 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Першы дзень датэрміновага галасаваньня на Магілеўшчыне прайшоў бясплённа — галасаваньне не адбылося. Але не з-за арганізатараў выбараў. Учора ўвечары, 5 траўня, недалёк ад Магілева супрацоўнікі абласной аўтаінспэкцыі спынілі машыну, на якой ехаў намесьнік старшыні Магілеўскай абласной камісіі па выбарах Прэзыдэнта Беларусі Анатоль Фёдараў. Далейшыя падрабязнасьці ў паведамленьні Аляксандра Сердзюкова.

Спадар Фёдараў вяртаўся з паседжаньня Цэнтарвыбаркама і вёз з сабой звыш 42 000 бюлетэняў з указаньнем прозьвішчаў кандыдатаў у Прэзыдэнты. Як вядома, выбары Прэзыдэнта пачыналіся 6 траўня, і бюлетэні былі патрэбныя сябрам участковых камісіяў, як паветра. Спадара Фёдарава чакалі каля дзесяці аўтаінспэктараў. "Гэта была сапраўдная аблава," — у інтэрвію карэспандэнту Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ўзгадаў Анатоль Фёдараў. — Яны не прад'явілі дакумэнтаў і адмовіліся абшукваць машыну на месцы затрыманьня." У суправаджэньні інспэктараў намесьніка старшыні камісіі накіравалі ў Магілеўскі раённы аддзел унутраных справаў, дзе і агледзелі машыну.

Міліцыянэры канфіскавалі бюлетэні і, пратрымаўшы актывіста прэзыдэнцкай кампаніі больш за тры гадзіны, склалі адпаведны пратакол. Ноччу, у дзьве гадзіны, спадар Фёдараў быў адпушчаны дахаты. Аднак факт ёсьць фактам — сябры ўчастковай камісіі, якія 6 траўня плянавалі пачаць галасаваньне і наведаць кватэры, жыхары якіх па той ці іншай прычыне ня могуць прыйсьці на выбары 16 траўня, засталіся бяз працы.

Дзякуючы намаганьням міліцыі першы день галасаваньня па выбарах Прэзыдэнта на Магілеўшчыне не адбыўся. Такія дзеяньні органаў ўнутраных справаў сьведчаць пра тое, што ўлады спрабуюць сарваць выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG