Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня, 6-е траўня, сталася першым днём, калі выбаршчыкі Беларусі атрымалі магчымасьць прагаласаваць за Зянона Пазьняка альбо Міхаіла Чыгіра — кандыдатаў у Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, што выбары ў Прэзыдэнты Вярхоўны Савет Беларусі 13-га скліканьня прызначыў на 16 траўня. Аднак згодна з пастановай Цэнтральнай камісіі па выбарах прэзыдэнта Беларусі грамадзяне, у адпаведнасьці з заканадаўствам, маюць права, у неабходных выпадках, прагаласаваць датэрмінова — ад 6 па 15 траўня. Працэдура датэрміновага галасаваньня няновая — яна ўжывалася і ў 1994 годзе падчас выбараў першага прэзыдэнта Беларусі.

Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах распачалося ў другой палове дня. Сябры ўчастковых камісіяў, па два чалавекі, са скрыняй і выбарчымі бюлетэнямі, пачалі абход кватэраў, які будзе доўжыцца 10 дзён. У выбарчым бюлетэні, які складзены па-беларуску, два прозьвішчы — Зянона Пазьняка (на першым месцы) і Міхаіла Чыгіра (на другім). Двое сяброў участковай камісіі, прадстаўнікі БНФ Вера Краўчанка і Алесь, якія паводле зразумелых прычынаў не пажадаў назваць свайго прозьвішча, накіраваліся на вуліцу Зьмітрака Бядулі ў дом № 6, дзе а 16-й гадзіне і распачалося галасаваньне. Сябры камісіі размаўляюць па-беларуску. Гаспадыня кватэры на пятым паверсе расчыняе дзьверы і нечакана гасьцінна запрашае ў хату. "Вы так адразу расчынілі дзьверы — Вы ўжо ведалі, хто да Вас прыйдзе?.." — "У мяне такое было ўражаньне, што вы зьявіцеся менавіта сёньня." — "Скажыце калі ласка, а Вы не баіцеся прымаць удзел у гэтым галасаваньні?" — "Не, таму што мой муж аддаў свой подпіс і, такім чынам, нам няма чаго баяцца — усе, каму патрэбна было пра гэта ведаць, ужо ведаюць. Я зараз не працую, я юрыст па сваёй асноўнай прафэсіі." — "Калі не сакрэт, то за каго Вы будзеце галасаваць?" — "Я буду галасаваць за Міхаіла Чыгіра."

Зь іншым імпэтам адрэагавала на зьяўленьне сябраў участковай камісіі жыхарка гэткага ж пад'езду. "Скажыце калі ласка, ці ведалі Вы што-небудзь пра гэтыя выбары, якія праводзяцца сёньня?" — "В общем-то нет, в первый раз слышу." — "Вы аддалі свой голас, тым ня менш, за Міхаіла Чыгіра. А, скажыце, чым Вас задавальняе гэты кандыдат?" — "Я читала в газете его биографию и про его жену тоже, я более-менее знакома с ним и предпочла его." — "Скажыце, Вы ведаеце, што ён зараз утрымліваецца за кратамі?" — "Да."

Галасаваньне, як гавораць сябры ўчастковай камісіі, адбываецца ў поўнай адпаведнасьці з законам. Падсумоўваючы першыя вынікі галасаваньня, сябра ўчастковай камісіі Вера Краўчанка
заявіла: "Ніхто не адмаўляецца, актыўна ўсе галасуюць." — "Скажыце, а за каго найбольш аддаюць свае галасы?" — "За Чыгіра." — "Ці ёсьць верагоднасьць таго, што сябраў участковых камісіяў будуць затрымоўваць разам з выбарчымі скрынямі? Ці ёсьць у Вас нейкі плян на той выпадак, калі будзеце затрыманыя?" — "Запатрабую, каб склалі пратакол, каб падлічылі ўсе мае лісты, галасы, бюлетэні. Больш ня ведаю, што змагу зрабіць." — "Скажыце, а Вы не баіцеся самі?" — "Ня вельмі," — заявіла Вера Краўчанка.

Галасаваньне ў 6-м доме на вуліцы Зьмітрака Бядулі прайшло без эксцэсаў. Менш пашанцавала двум хлопцам у Завадзкім раёне Менску. Як паведаміў толькі што нашаму радыё прэсавы сакратар ЦВК Аляксандар Коктыш, у невядомым накірунку зьніклі двое сяброў камісіі — Зьміцер Шыракапытаў і Сяржук Далькевіч, якія выйшлі з выбарчай скрыняй. Мяркуецца, што яны затрыманыя міліцыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG