Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 траўня 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

Распачаўся сёмы тыдзень вайсковай апэрацыі НАТО супраць Югаславіі. Паветраныя ўдары ўзмоцніліся, цяпер яны вядуцца фактычна 24 гадзіны на суткі, штодня адбываецца каля 600 баявых вылетаў. Заходнія саюзьнікі вычарпалі ўжо амаль палову зь першапачатковага сьпісу 500 аб'ектаў, аднак нягледзячы на некаторыя дыпляматычныя пэрспэктывы, кіраўніцтва НАТО вызначыла яшчэ некалькі сотняў аб'ектаў бамбаваньня, прадбачаючы працяг апэрацыі як найменей яшчэ на некалькі месяцаў.

Пачатак сёмага тыдня югаслаўскага канфлікту пазначыўся інтэнсыфікацыяй паветраных удараў НАТО. Тым часам штораз болей паглыбляецца гуманітарная катастрофа. Брытанская газэта Independent паведамляе пра новыя акты тэрору супраць этнічных альбанцаў у Косаве.

Жах застыў на тварах дзясяткаў жанчын і дзяўчат, якія ўчора прыбылі чародным канвоем у бясьпечную Альбанію. Даючы волю сьлязам, дзеці, жонкі і сёстры распавядалі пра тое, як сэрбскія салдаты забівалі іх мужчынаў. «Сэрбы былі ў масках, яны забілі майго брата проста побач са мною, - расказала 22-гадовая Нэрджывана Герджалію. - Усё адбылося вельмі хутка. Яны пачалі біць нашых мужчынаў, а пасьля страляць. Нават ніяк ня строілі, а выцягнулі з трактароў і забілі». Усяго было выцягнута з канвою і забіта больш за 100 чалавек. Адбылося гэта на дарозе паміж вёскамі Верхняе і Ніжнае Студымэ каля мястэчка Вучытрн. Гэта толькі адзін характэрны эпізод кампаніі этнічных чыстак, якія працягваюць адбывацца ў Косаве.

Распавядаючы пра апошнюю хвалю бамбаваньня, прадстаўнікі НАТО паведамілі, што за апошнія суткі былі нанесеныя ўдары па сарака адным нерухомым аб'екце і па гэткай самай колькасьці рухомых. Былі збамбаваныя пяць аэрадромаў, радары, аб'екты нафтавай прамысловасьці, камандныя пункты, артылерыйскія пазыцыі і лініі камунікацыі. Удары ў Косаве канцэнтраваліся на пазыцыях 125-тай матарызаванай брыгады Югаслаўскага войска на захадзе краю і 243-яй брыгады на ўсходзе. Абодва гэтыя злучэньні абвінавачваюцца ва ўчыненьні зьверстваў супраць мясцовага альбанскага насельніцтва, а іхныя камандзеры залічаныя ў складзеным Дзярждэпартамэнтам ЗША сьпісе ваенных злачынцаў.

Учора недалёка ад басьнійскай мяжы быў зьбіты югаслаўскі самалёт-зьнішчальнік тыпу МіГ-29 — адной ракетай, запушчанай з самалёта F-16. Гэта быў ужо шосты югаслаўскі самалёт савецкай вытворчасьці, зьнішчаны сіламі НАТО ад пачатку кампаніі.

Разам з тым прэсавы сакратар НАТО Джэймі Шэй абвергнуў цьверджаньні Югаславіі аб зьнішчэньні ў панядзелак авіяцыяй НАТО аўтобуса з альбанскімі ўцекачамі, у выніку чаго загінула 20 чалавек. Рэпартаж зь месца здарэньня паказвала сэрбская тэлевізія. Аднак, паводле прадстаўніка НАТО, з графіку палётаў вынікае што ніводзін натаўскі самалёт ня мог мець дачыненьне да гэтага выпадку. Характар пашкоджаньняў аўтобуса, на думку натаўскіх экспэртаў, сьведчыць, што ён мог быць падбіты з гранатамёта або іншай пальнай зброі блізкага абсягу дзеяньня.

Тым часам выглядае, што апошнім часам пазыцыі заходніх дзяржаваў і Расеі ў косаўскім крызысе істотна зблізіліся, хоць паміж імі яшчэ застаюцца вялікія разыходжаньні ў найважнейшых пытаньнях.

Заўтра міністры замежных справаў краінаў Вялікай Сямёркі і Расеі сустрэнуцца недалёка ад Бону на сваю першую сустрэчу ад пачатку паветранай кампаніі супраць Югаславіі. Паводле заходніх дыпляматаў, удзельнікі сустрэчы маюць падпісаць супольную заяву з заклікам увесьці ў Косава ўзброены міжнародны кантынгент для гарантыі вяртаньня дадому ўсіх уцекачоў, вывесьці з краю сэрбскія вайсковыя сілы і усталяваць у Косаве тымчасовую міжнародную адміністрацыю.

Гэтае пагадненьне мае стацца прэлюдыяй да абавязковай для выкананьня рэзалюцыі ААН аб умовах мірнага пагадненьня, аднак для яе прыняцьця спатрэбіцца яшчэ шмат працы.

Выступаючы сёньня на брыфінгу міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Робін Кук між іншага сказаў:

«Мы заўсёды выразна давалі зразумець, што мы вітаем удзел у міратворчых сілах Расеі ды іншых краінаў, Расея пасьпяхова супрацоўнічае з намі ў Босьніі ў складзе сілаў бясьпекі СФОР. Я таксама вітаю факт зьмены расейскай пазыцыі. Яшчэ тры тыдні таму ў Осла яны адмаўляліся нават абмяркоўваць вайсковую прысутнасьць у Косаве. А цяпер яны ўжо пагаджаюцца зь неабходнасьцю гэткай прысутнасьці, і мы спадзяемся пераканаць іх у тым, што гэта павінна быць надзейная вайсковая прысутнасьць. У нас будуць для гэтага розныя нагоды — заўтра адбудзецца сустрэча краінаў Вялікай Сямёркі й Расеі, а зь міністрам замежных справаў Расеі Ігарам Івановым мы бліжэйшым часам правядзем фармальныя й нефармальныя перамовы ў Лёндане. Я хацеў бы спадзявацца, што ў працэсе адкрытага абмену думкамі, у супольнай працы з Расеяй мы здолеем запоўніць тыя прагалы, што падзяляюць нашыя пазыцыі. Апошнімі тыднямі мы ўжо дасягнулі значнага посьпеху, спадзяюся, што мы будзем рухацца ў гэтым кірунку і далей».

Паводле дыпляматаў, нягледзячы на плянаванае пагадненьне, паміж краінамі НАТО і Масквою ўсё яшчэ застаюцца істотныя разыходжаньні: — наконт складу і мандату міжнародных сілаў, якія, на думку НАТО, мусяць быць добра ўзброеныя і дзейнічаць пад эгідай НАТО; — наконт таго ці сэрбскія сілы павінны выйсьці з Косава цалкам або часткова і як гэты вывад мусіць быць зьвязаны з спыненьнем бамбаваньня і ўводам міратворчага кантынгенту; — наконт таго весьці адпаведныя перамовы зь Мілошавічам ці навязаць свае ўмовы Бялграду; — урэшце наконт таго, хто мае ачоліць тымчасовую адміністрацыю ў Косаве і з каго яна мае складацца.

Заходнія ўрады за 10 дзён пасьля юбілейнай сустрэчы ў Вашынгтоне пастараліся зрабіць усё магчымае, каб Расея наблізілася да пазыцыі НАТО, хоць Бялград увесь гэты час прадпрымаў намаганьні, каб перацягнуць Маскву на свой бок.

Лідэры краінаў НАТО надалей спадзяюцца, што інтэнсыфікацыя паветраных удараў па Югаславіі і дыпляматычны ціск на Мілошавіча змусяць Бялград здацца, што б скасавала неабходнасьць пасылкі ў Косава наземных вайсковых сілаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG