Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 траўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

З Ігналінскай атамнай станцыі, што знаходзіцца на тэрыторыі суседняй Літвы, на Беларусь паступаюць так неабходныя нам энэрганосьбіты. Тэхнічна гэты працэс добра адлажаны. І ўсё было б цудоўна, калі б не адна акалічнасьць.

Беларусь мае вялікую запазычанасьць за электрычнасьць. Па розных падліках, яна складае ад 80 да 100 мільёнаў даляраў. Літва даволі працяглы час мірылася з такім становішчам. Як распавялі мне ў амбасадзе Літвы ў Менску, тое, што мы ня ставілі ультыматумаў, можна патлумачыць як мінімум двума важкімі абставінамі. Па-першае, па-суседзку добрымі адносінамі двух краінаў, па-другое, калі казаць шчыра, Літве няма куды прадаваць тую частку энерганосьбітаў, якую цяпер атрымлівае Беларусь.

Але ж цярпеньне нашых суседзяў ня можа быць бясконцым. Да таго ж, прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай фракцыі Сэйму, пачынаючы са студзеня гэтага году, час ад часу ставяць перад урадам пытаньне: колькі яшчэ Літува будзе фінансваць суседнюю дзяржаву?

У лютым адмысловая дэлегацыя з Вільні начале з міністрам замежных справаў прыязжалу ў Менск, каб дасягнуць хоць нейкіх зрухаў. Тады афіцыйныя беларускія асобы шчыра прызналіся: даляраў няма, а таму адзіным выйсьцем можа быць толькі бартар. Госьці, хоць і пакрывіліся, але вымушаныя былі прыняць правілы, прапанаваныя беларускім бокам. Неўзабаве зь Вільні прыйшлі сьпісы тых тавараў, якія хацелі б мець нашыя суседзі. Гэта - калійныя ўгнаеньні, драўніна, лекі, мэбля ды іншае.

Здавалася, нешта зьменіцца. Аднак, як стала цяпер вядома, з'явілася новая затрымка. Беларускія прадпрыемствы, чыю прадукцыю запрасілі зь Вільні, у сваёй абсалютнай большасьці ня маюць запазычанасьці перад канцэрнам "Белэнэрга". А менавіта гэты канцэрн разьлічваецца з Ліетувай. Таму юрыдычна "Беларуськалій" ды іншыя прадпрыемствы ня выммушаныя выплочваць нешта Ліетуве.

Тады беларускі ўрад адмысловай пастановай ад 24 сакавіка даў таварам, якія патрабавалі нашыя суседзі, статус дзяржаўнага заказу. А ў Ліетуву пайшлі тэлеграмы: цяпер, маўляў, усё будзе ў парадку. Аднак прайшоў яшчэ адзін месяц – становішча не зьмянілася. Беларускім прадпрыемствам невыгодня выконваць нават дзяржзаказ. Іхнія кіраўнікі палічылі, што атрыманых за дзяржзаказ грошай недастаткова, каб пакрыць свае выдаткі.

Вернемся да таго ж "Беларуськалія" альбо аб'яднаньня па вытворчасьці лекаў. Свой дыфіцыт ім куды выгодней прадаць за мяжу за валюту, чым аддаваць яго ў залік дзяржзаказу. І таму вымусіць прадпрыемствы разьлічвацца з Ліетувой можна, фактычна, толькі мацнейшым ціскам на дырэктарскі корпус. Толькі ніхто за "дзякуй" сваю валюту не аддасьць. Таму беларускаму ўраду трэба будзе шукаць, хутчэй за ўсё, нейкае новае выйсьце.

Кажуць, што міністэрства эканомікі прапануе зьняць сыстэму дзяржзаказу, а ўзамен прымусіць прадпрыемствы, якія прадалі сваю прадукцыю за мяжой, перавесьці валюту на адмысловы ліетувісцкі рахунак. Але калі нават такі варыянт і будзе прыняты – грошы на яго не трапяць раней ліпеня. А там, глядзіш, беларускія ўлады прыдумаюць яшчэ нешта – абы толькі затрымаць разьлікі зь Вільні.

XS
SM
MD
LG