Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 траўня 1999 г.


У чацьвер 6 траўня выбары будуць адбывацца ня толькі ў Беларусі. У той самы дзень у двух краях, што складаюць цяперашнюю Вялікабрытанію, - Валіі (Уэльсе) і Шкоцыі (Шатляндыі) – адбудуцца выбары ў ворганы краёвага самакіраваньня – Асамблеі. Працэс дэцэнтралізацыі Вялікабрытаніі, распачаты лейбарысцкім урадам Блэйра балюча адгукаецца ў брытанскай імпэрскай душы. Прапануем Вашай увазе тыповы імпэрскі камэнтар - якіх сёньня зьяўляецца мноства – аўтарства Мары Бэлабі з агенцтва Associated Press.

«Сем стагодзьдзяў таму кароль Эдвард Першы павёў сваіх жаўнераў у крывавую бітву, каб здушыць супраціў валійскай шляхты і падпарадкаваць Валію ангельскай кароне. Ён замацаваў гэтае ярмо, урачыста надаўшы свайму сыну тытул прынца валійскага

Да сёньня шняга дня першы прэтэндэнт на каралеўскі пасад носіць тытул прынца валійскага, а Валія надалей кіруецца з Ангельшчыны – цэнтральнай правінцыі Вялікабрытаніі.

Аднак у гэты чацьвер Валія зноў скаштуе смак незалежнасьці, калі 2 мільёны 200 тысячаў жыхароў краю абяруць 60-асабовую асамблею ў рамках рэвалюцыйнага пляну брытанскага прэм'ера Тоні Блэйра, паводле якога цэнтральны ўрад мае падзяліцца часткаю сваіх паўнамоцтваў.

У адрозьненьне ад Шкоцыі, якая таксама ў чацьвер абірае сваю асамблею, у Валіі гэты гістарычны момант пакуль што ня выклікаў вялікага энтузіязму.

«Я надта пра гэта ня думала, - кажа, паціснуўшы плячыма 70-гадовая Флорэнс Эванс на аўтобусным прыпынку ў прадмесьці валійскай сталіцы Кардыфу, дзе будзе засядаць новая асамблея. – я й ня надта разумею, у чым тут рэч».

Адзіным заданьнем валійскай асамблеі будзе разьмеркаваньне выдзеленага Лёнданам бюджэту памерам 8 мільярдаў фунтаў. Блэйр вырашыў не даваць валійскім заканадаўцам права прымаць новыя законы або павялічваць падаткі – хоць гэткае права дадзенае шкоцкай асамблеі.

Толькі палова валійскіх грамадзянаў з правам голасу бралі ўдзел у рэфэрэндуме 1997 году аб скліканьні асамблеі, і за стварэньне гэтага воргану прагаласавала толькі 50,3% удзельнікаў.

Выбарчая кампанія дагэтуль праходзіла даволі млява.

Прычына гэткай апатыі палягае ня ў тым, што валійцам так добра пад ангельскім панаваньнем, а хутчэй у тым, што пасьля сямі стагодзьдзяў гэтага панаваньня валійская тоеснасьць вызначаецца больш культурнымі, чым палітычнымі адрозьненьнямі.

Валійцы цешаць гасьцей краю рамантычнымі аповесьцямі пра мясцовых герояў, мілагучнасьцю сваёй кельцкай мовы і мноствам нязлосных жартаў пра сваіх суседзяў ангельцаў. Аднак пэрспэктыва палітычнай самастойнасьці выклікае толькі безуважны поціск плячыма,

У гэтай нерашучасьці адлюстроўваецца і традыцыйны недавер валійскамоўнай поўначы да індустрыяльнага поўдня, дзе мала хто гаворыць моваю краю.

Не спрыяе еднасьці і горы, якія ўтвараюць натуральную мяжу паміж поўначчу і поўднем. З сталіцы Валіі –- Кардыфу – лягчэй дабрацца да Лёндану, чым да шмат якіх мястэчак паўночнай Валіі.

«Я веру ў Брытанію, - кажа гандляр Фрэнк Джэнкінс, які жыве пад Кардыфам. – Я сам валіец, але гэта ня значыць, што я хачу неяк адарвацца ад Ангельшчыны».

Нават валійская нацыяналістычная партыя Plaid Cymru, якая змагаецца супраць Блэйравых лейбарыстаў у кампаніі выбараў у Асамблею, пагаджаецца, што Валія пакуль не гатовая адлучыцца ад Брытаніі.

«Мы ўсьведамляем, што мны прывязаныя да Ангельшчыны. Поўная незалежнасьць сёньня была б непрактычнай», - кажа прэсавы сакратар партыі Сіэн Франкан.

Гэткія развагі прумышаюць некаторых валійцаў задумацца – чаму рэгіёну з насельніцтвам у палову Лёндану патрэбная свая асамблея.

«Ці Брытанія і так недастаткова малая краіна?» - кажа фармэр Т.Г.Дэйвіс, шпацыруючы па мястэчку Machynlleth, дзе ў 1404 годзе адзін валійскі шляхціц склікаў паўстанцкі парлямэнт у апошняй спробе вярнуць незалежнасьць.

Некаторыя думаюць, што Асамблея паспрыяе пашырэньню ведаў пра Валію ў шырокім сьвеце.

«У шкотаў ёсьць дуда, у ірляндцаў – гінэс, - кажа Мэры Батл, уладальніца валійскамоўнай кнігарні. – А што людзі ведаюць пра Валію?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG