Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 траўня 1999 г.


Максім Лукашэвіч, Прага

Незалежная арганізацыя "Камітэт абароны журналістаў", сядзіба якой знаходзіцца ў Злучаных Штатах, апублікавала сьпіс дзесяці лідараў краінаў - найбольшых ворагаў прэсы ў сьвеце. Аляксандра Лукашэнкі сёлята ў гэтым сьпісе няма.

Паводле Каміэтэту абароны журналістаў, у Югаславіі рэпрэсіі ў дачыненьні да прэсы праводзяцца мэтадамі запалохваньня, нападак, вялізнага аштрафаваньня і адмовы выдачы ліцэнзіяў. Усе гэтыя мэтады былі санкцыянаваныя новым "драконаўскім законам адносна сродкаў масавай інфармацыі, уведзеным у мінулым кастрычніку".

Прыкметна адсутнічае ў сьпісе ворагаў прэсы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які тут фігураваў на працягу апошніх гадоў. Паводле Хрысьціны Лапічак, каардынатара Камітэту абароны журналістаў ў справах краінаў Цэнтральнай ды Усходней Эўропы і былых савецкіх рэспублікаў, адсутнасьць Лукашэнкі ў гэтым сьпісе ў ніякім выпадку не азначае, што ў Беларусі палепшыліся ўмовы для прэсы.

У гутарцы з нашым карэспандэнтам спадарыня Лапічак сказала, што сытуацыя прэсы ў Беларусі "вельмі адмоўная", і што Лукашэнка застаецца "сур'ёзным парушальнікам прэсавых свабодаў".

Прадстаўнік Камітэту абароны журналістаў Хрысьціна Лапічаку, аднак, дадала, што сёлета гэтая арганізацыя хацела зьвярнуць увагу на тыя краіны, дзе назіраецца "сур'ёзнае пагаршэньне ў галіне свабоды прэсы і працоўных умоваў журналістаў".

(Лапічак:) "Штогод мы засяроджваем увагу на тых краінах, дзе, на нашую думку, адбылося найбольшае зьніжэньне ва ўзроўні прэсавай свабоды. Сёлета мы жадалі паставіць націск на Украіну, асабліва ў сувязі з тым, што адбылося ў час леташніх выбараў і закрыцьцём шмат якіх апазыцыйных СМІ. У сувязі з усімі праблемамі, зь якімі сутыкаюцца журналісты на Украіне, а таксама ў сувязі з надыходзячымі прэзыдэнцкімі выбарамі мы сапраўды былі вымушаныя падкрэсьліць сёлятні заняпад".

Іншыя лідары ў сьпісе дзесяці "найгоршых ворагаў прэсы", паводле гэтай арганізацыі - прэзыдэнт Кітаю Чжан Цзымінь, прэзыдэнт Кубы Фідэль Кастра, прэзыдэнт Дэмакратычнай рэспублікі Конга Ларан Кабіла, прэмьер-міністр Эфіёпіі Малес Зінаві, прэзыдэнт Тунісу Баналі, прэмьер-міністр Малайзіі Маххамэд, ды прэзыдэнт Перу Альберта Фуджыморы і прэзыдэнт Егіпту Мубарак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG