Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 траўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня Вярхоўны Савет Беларусі на пашыраным паседжаньні Прэзыдыюму падцьвердзіў законнасьць вызначанай Цэнтральнай выбарчай камісіяй працэдуры прэзыдэнцкіх выбараў. Нагадаем, што ўчора Сойм БНФ перадаў зварот да Вярхоўнага Савета, у якім выказаў сумнеў адносна законнасьці вызначанай працэдуры. Але цяпер, пасьля рашэньня Вярхоўнага Савета, вырашана, што выбары на Беларусі распачнуцца 6-га і закончацца 16-га травеня.

За два дні да пачатку галасаваньня Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету падцьвердзіў законнасьць працэдуры галасаваньня. паводле пастановы Цэнтравыбаркаму, выбары будуць цягнуцца дзесяць дзён, з 6 па 16 травеня, і сябры ўчастковых камісіяў будуць абыходзіць кватэры выбаршчыкаў. Стацыянарных выбарчых участкаў, куды б выбаршчыкі маглі зьвярнуцца самастойна, створана ня будзе.

Гэткім чынам Вярхоўны Савет адказаў на запыт кандыдата ў Прэзыдэнты Зянона Пазьняка, які ставіў пад сумнеў законнасьць вызначанай працэдуры.

Як паведаміла нашаму радыё кіраўнік Сакратарыяту Вярхоўнага Савету Валянціна Сьвяцкая, у прынятым Вярхоўным Саветам Звароце да выбаршчыкаў гаворыцца:

"Улічваючы немагчымасьць арганізацыі галасаваньня ў спецыяльна адведзеных і абсталяваных дзеля гэтага памяшканьнях у прызначаны дзеля гэтага дзень 16 травеня 1999 году, і дзеля таго, каб забясьпечыць грамадзянам рэспублікі іх канстытуцыйнае права на абраньне Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная выбарчая камісія знайшла адзіна правільнае выйсьце: даць магчымасьць выбаршчыкам галасаваць па месцах жыхарства, а паколькі гэта немагчыма зрабіць у адзін дзень, то выбаршчыкам даецца і магчымасьць выкарыстаць сваё выбарчае права у любы дзень, але не раней, чым за 10 дзён да 16 травеня 1999 года, што таксама не парушае Закона аб выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. паважаныя выбаршчыкі! Памятайце, што толькі сам народ, як адзіны носьбіт улады можа вызначыць выбар сёняшнягя і будучага краіны, і, адпаведна, і свой лёс. Удзел у выбарах Прэзыдэнта 16 травеня 1999 года - гэта і ёсьць наш сапраўдны выбар".

У Звароце да выбаршчыкаў, як паведаміла спадарыня Сьвяцкая, таксама адзначаецца, што "прэзыдэнт Лукашэнка пайшоў на крайнія меры, каб сарваць выбары. Заарыштаваў кандыдата ў Прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра і не забясьпечыў другому кандыдату ў Прэзыдэнты Зянону Пазьняку бясьпечнае вяртаньне ў Беларусь.Рэжым разгарнуў сапраўдную барацьбу супраць уласнага народу, адбіраючы канстытуцыйнае права кожныя пяць гадоў абраць кіраўніка сваёй дзяржавы. Пяцігадовы тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі завяршаецца 20 ліпеня".

Нягледзячы на немагчымасьць кандыдатаў у Прэзыдэнты весьці перадвыбарчую кампанію ў Беларусі, перадвыбарчыя штабы кандыдатаў праводзяць агітацыю. Беларускі Народны фронт распаўсюджвае ўлёткі з праграмай Зянона Пазьняка. Штаб Міхаіла Чыгіра сустракаецца з выбаршчыкамі.

Як паведаміла Юлія Чыгір, сёньня сустрэча з выбаршчыкамі адбываецца ў Лідзе. Аднак спадзяваньняў на тое, што Міхаіл Чыгір прыме ўдзел у галасаваньні, няма. Гэтую выснову Юлія Чыгір зрабіла пасьля сёняшняй сустрэчы з Міхаілам Чыгіром у вязьніцы. Жонка Міхаіла Чыгіра паведаміла:

(Юлія Чыгір:) "Ён ні на што не скардзіўся, і на сёняшні дзень ён мне больш спадабаўся, чым у апошні раз. Ніякіх сьледчых дзеяньняў ня робіцца, яго на допыты не запрашалі, і ён адмаўляецца навогул размаўляць пра гэтую справу. Да сёняшняга дня адваката няма. Мяне не дапускаюць да справы".

(Карэспандэнт:) Пад час галасаваньня Міхаіл Чыгір будзе знаходзіцца за кратамі. Ці абмяркоўвалі Вы зь ім гэтую сытуацыю?

(Юлія Чыгір:) "Сытуацыю па выбарах мы пастараліся абыйсьці, бо я амаль што ўпэўненая, што нас слухалі, і таму я не хацела даваць ніякай інфармацыі".

Юлія Чыгір лічыць, што травеньскія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ўсё ж адбудуцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG