Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 30 красавіка 1999 г.


Апошнімі днямі ўзмацніліся намаганьні самых розных грамадзкіх і палітычных сілаў у спробах мірнага ўрэгуляваньня косаўскага канфлікту. Пры гэтым, калі да дзеяньняў Расеі ў гэтым кірунку, здаецца, усе даўно прызвычаіліся, то візыт у Бялград амэрыканскіх грамадзскіх і рэлігійных дзеячоў зьяўляецца даволі нечаканым.

Прадстаўнікі югаслаўскага ўраду афіцыйна віталі айца Джэсі Джэксана разам з групай амэрыканскіх хрысьціянскіх, мусульманскіх і іўдзейскіх лідэраў, забясьпечыўшы ім экскортнае суправаджэньне ад харвацкай мяжы да Бялграду і паабяцаўшы сустрэчу з прэзыдэнтам Мілошавічам і трыма палоннымі амэрыканскімі салдатамі. Дэлегацыя ў складзе 19 чалавек, візыт якіх у Югаславію раззлаваў адміністрацыю Клінтана, была відавочна ўзрадаваная такім прыёмам. Рэлігійныя лідэры ЗША кажуць, што спадзяюцца пераканаць Мілошавіча выпусьціць салдатаў у якасьці акту добрай волі, што можа прывесьці да дыпляматычнага разьвязаньня ў Косаве. Перад ад'ездам з Вашынгтону дэлегацыя сустрэлася з дараднікам па нацыянальнай бясьпецы ЗША Сэнды Бэргерам, які выказаў заклапочанасьць Клінтанавай адміністрацыі тым, што гэтая паездка можа быць выкарыстаная Мілошавічам як інструмэнт прапаганды. Бэргер папярэдзіў, што іхная місія прывядзе толькі да працягу вайны. Адміністрацыя таксама заявіла, што ня бачыць у трох палонных салдатах матэрыял для нейкіх абменных зьдзелак.

Таксама працягваецца місія адмысловага пасланьніка Расеі Віктара Чарнамырдзіна, які наведвае Рым і Бон у пошуках новых магчымасьцяў для мірнага ўрэгуляваньня. Па выніках сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Герхардам Шрэдэрам Чарнамырдзін сказаў: гэта прагрэс, але не прарыў. Шрэдэр яшчэ раз паўтарыў пазыцыі НАТО, што любы міжнародны міратворчы кантынгент войскаў у Косаве павінен грунтавацца на сілах альянсу, тым часам як Расея настойвае на мандаце ААН над гэтымі сіламі і ўключэньні туды значнай часткі расейскіх войскаў.

Выглядае, што місія Чарнамырдзіна паўстане перад сур'ёзнымі цяжкасьцямі ў заплянаваным візыце ў Бялград. Былы расейскі прэм'ер павінен пераканаць Мілошавіча ня толькі пачаць вывад прыблізна 40 тысячаў спэцыяльных войскаў з Косава, але і згадзіцца на тое, што яны будуць замененыя войскамі тых дзяржаваў, якія бамбардуюць ягоную краіну.

НАТО працягвае патрабаваць, каб Мілошавіч вывеў усе войскі з Косава, дазволіў сотням тысячам альбанцаў вярнуцца ў свае дамы і пагадзіўся на высадку ваеннага кантынгенту на чале з натаўскімі злучэньнямі. «Нашыя мэты не мяняліся, не мяняюцца і ня зьменяцца», — сказаў намесньнік дзяржсакратара Тэлбат.

Цяпер, больш чым празь месяц пасьля пачатку югаслаўскай вайны, усё большая ўвага зьвяртаецца на праблему коштаў косаўскага канфлікту. Днямі высокія чыноўнікі ўрадаў краінаў НАТО, Эўракамісіі і Міжнароднага Валютнага Фонду выказалі засьцярогі наконт патэнцыйных эканамічных наступстваў працягу канфлікту. Вайна аказвае фінансавы ўплыў у трох кірунках: па-першае, кошты для краінаў НАТО бамбаваньня сэрбскіх аб'ектаў, па-другое, наступствы авіяўдараў для эканамікі балканскіх краінаў, і нарэшце, плата за абарону і ўладкаваньне ўцекачоў, а таксама аднаўленьне эканомікі Сэрбіі і суседніх краінаў пасьля заканчэньня вайны.

Пакуль што кошт апэрацыяў натаўскіх паветраных сілаў застаецца даволі памяркоўным. Альянс патраціў толькі каля мільярду даляраў ад пачатку авіяўдараў 24 сакавіка. Як вядома, амэрыканскі бюджэт зараз мае перавышэньне прыбыткаў над выдаткамі, таму грошаў на працяг вайсковай кампаніі дастаткова. Для многіх эўрапейскіх краінаў, аднак, вельмі важна, як будуць падзеленыя выдаткі на апэрацыю ў Косаве паміж яе ўдзельнікамі. «НАТО яшчэ ня вырашыла, ці выдаткі будуць падзеленыя пароўну, альбо частка фінансавага цяжару павінна быць заплачаная тымі дзяржавамі, якія наўпрост ня ўдзельнічалі ў апэрацыі», — заявіў прадстаўнік Вялікабрытаніі.

Італьянскі ўрад, які ўжо патраціў каля 85 мільёнаў даляраў на забесьпячэньне косаўскіх уцекачоў, выказвае на гэты конт усё большую заклапочанасьць. Занепакоеная Італія і ўплывам канфлікту на ўласную эканоміку, асабліва зьмяншэньнем патоку турыстаў і закрыцьцём некаторых аэрапортаў. Што да памежных краінаў, то, паводле ацэнак МВФ, Альбанія, Босьнія, Баўгарыя, Харватыя, Македонія і Румынія паўстануць перад сур'ёзнымі макраэканамічнымі наступствамі агульным коштам каля палутара мільярдаў даляраў. Але найбольшыя затраты чакаюцца на пасьляваеннае аднаўленьне Югаславіі. ЭЗ ацэньвае гэтыя выдаткі на 30 мільярдаў даляраў, югаслаўскія ўлады называюць лічбу 100 мільярдаў. У любым выпадку, МВФ лічыць, што агульны кошт аднаўленьня эканомік краніаў рэгіёну падвоіцца, калі канфлікт працягнецца да восені.

XS
SM
MD
LG