Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 30 красавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Страсбур

З просьбай ацаніць пэрспэктывы ўступленьня Беларусі ў Раду Эўропы мы зьвярнуліся да аднаго з самых кампэтэнтных спэцыялістаў у праблемах нашай краіны ў гэтай міжнароднай арганізацыі — дарадцы Палітычнага Дэпартамэнту Рады Эўропы Івана Каержыкава.

Сп. Каержыкаў вітаў той факт, што беларускія парлямэнтары зьявіліся ў Радзе Эўропы, дзе, паводле ягоных назіраньняў, пра Беларусь не было чуваць больш за паўгоду. Аднак гэта, на яго думку, не дае падставаў лічыць, што такая сустрэча хоць бы на крок наблізіла сёньняшнюю Беларусь да ўступленьня ў Раду Эўропы.

(Каержыкаў:) «Доўгатэрміновая, дальняя мэта Рады Эўропы — безумоўна мець Беларусь сваім паўнапраўным сябрам у адпаведнасьці з сваімі статутнымі патрабаваньнямі. Калі Беларусь будзе да гэтага падрыхтаваная — Рада Эўропы сваю частку справы зробіць. Але пакуль нават не стаіць пытаньне пра тое, каб вярнуцца да разгляду заяўкі Беларусі, бо гэтага не дазваляе ўнутраная сытуацыя ў вашай краіне».

Сп. Каержыкаў таксама сказаў, што заяўка Беларусі аб уступленьні ў Раду Эўропы была адкладзеная ўбок, а наша краіна пазбаўленая статусу адмыслова запрошанай паводле рашэньня найвышэйшага кіраўніцтва Рады Эўропы — з многіх прычынаў. Сярод іх — утварэньне нелегітымнага заканадаўчага воргану замест Вярхоўнага Савету, які дзейнічае ў адпаведнасьці з прызнанай у Эўропе Канстытуцыяй 1994 году. Таксама — невыкананьне правілаў роўнасьці галінаў улады. І нарэшце — шматлікія парушэньні палітычных правоў грамадзянаў, што дарэчы выявілася і падчас апошніх муніцыпальных выбараў — зазначыў Каержыкаў. Таму ён і ня можа зрабіць аптымістычны прагноз адносна ўступленьня Беларусі.

(Каержыкаў:) «У Радзе Эўропы вымушаныя канстатаваць, што ўсе нэгатыўныя зьявы ў палітычным жыцьці вашай краіны, якія прывялі да замарожваньня заяўкі, застаюцца, і таму нават ня ставіцца пытаньне аб тым, каб зноў вярнуць Беларусі статус адмыслова запрошанай краіны і пачаць разгляд вашай заяўкі аб устпленьні. Думаю, што гэта яшчэ дастаткова далёкая пэрспэктыва».

Паводле інфармацыі сп. Каержыкава, у траўні на паседжаньні Камітэту Міністраў — найвышэйшага кіраўнічага воргану Рады Эўропы — прагучыць інфармацыя пра вынікі слуханьняў у Палітычным Камітэце Парлямэнцкай Асамблеі. Толькі пасьля гэтага будуць прынятыя нейкія рашэньні адносна Беларусі.

XS
SM
MD
LG