Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 красавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Страсбур

Пра тое, як абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі ў рамках Палітычнага Камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, якая скончыла працаваць 30 красавіка ў Страсбуры, мы ўжо інфармавалі. Аднак узьнікае пытаньне: а што будзе далей? Што можа зрабіць Парлямэнцкая Асамблея ў дачыненьні да Беларусі?

За тыя два дні, што прайшлі пасьля завяршэньня слуханьняў па Беларусі, я здолеў паразмаўляць амаль зь дзесяцьцю асобамі, якія ў той або іншай ступені маюць дачыненьне да гэтага пытаньня. Калі падсумаваць іх выказваньні, дык верагоднасьць разьвіцьця падзеяў выглядае гэткім чынам: напрыканцы траўня адбудзецца чарговае паседжаньне Палітычнага Камітэту, які ўзначальвае швэйцарац Віктор Руфі і ў склад якога ўваходзяць аж 69 парлямэнтароў з розных краінаў Эўропы. Да гэтага часу будзе падрыхтаваная стэнаграма праведзеных слуханьняў.

Амаль беспамылкова можна прагназаваць, што Палітычны Камітэт вырашыць накіраваць сваю дэлегацыю ў Беларусь для вывучэньня становішча непасрэдна на месцы. Але паколькі статус нашае краіны як адмыслова запрошанай у Парлямэнцкую Асамблею прыпынены Бюро гэтай асамблеі, дык менавіта яно павінна пацьвердзіць рашэньне Палітычнага Камітэту. Гэтае правіла будзе выкананае.

Далей — дэлегацыю Рады Эўропы будзе даручана ўзначаліць справаздаўцу па Беларусі Вольфгангу Бэрэнту. Згодна з пратаколам ягоны статус прыраўноўваецца да пасады міністра замежных справаў эўрапейскай краіны. Больш таго, ёсьць традыцыя, што калі місія на чале з справаздаўцам прыяжджае рэвізаваць тую або іншую краіну, яе абавязкова прымае першая асоба дзяржавы.

Дарэчы, візыт папярэдняга справаздаўцы па Беларусі — Робэрта Антрэтэра — некалькі разоў адкладаўся менавіта з-за таго, што прэзыдэнт Лукашэнка адмаўляўся яго прымаць. Міністэрству Замежных Справаў Беларусі ў свой час давялося прыкласьці шмат намаганьняў, каб пераканаць Лукашэнку ў неабходнасьці такой сустрэчы.

Цяпер аб тэрмінах. Эўрапейскія чыноўнікі звычайна ня вельмі сьпяшаюцца, але дадзены выпадак хутчэй за ўсё будзе выключэньнем. Усе мае суразмоўцы далі ясна зразумець — візыт Бэрэнта ў Менск павінен адбыцца і завяршыцца да 20 ліпеня. Толькі ў такім выпадку Рада Эўропы пазьбегне сытуацыі, калі яе прыезд у Беларусь ня будзе выглядаць як прызнаньне легітымнасьці паўнамоцтваў Лукашэнкі. Таму хутчэй за ўсё місію Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы трэба будзе чакаць у Менску ў другой палове чэрвеня.

Паводле маіх суразмоўцаў, місія Бэрэнта павінна будзе дакласьці Палітычнаму Камітэту, ці магчыма ўвогуле весьці дыялёг з нашай краінай. Пры станоўчым адказе сп. Бэрэнт павінен будзе даць свае прапановы аб канкрэтных накірунках такой працы. На думку Віктора Руфі, калі гэтага не зрабіць, дык можа паўтарыцца сытуацыя 1997 году, калі праводзіліся першыя слуханьні па Беларусі. Тады спроба арганізаваць дыялёг уладаў і апазыцыі пад эгідай эўраструктураў пацярпела крах. Віктор Руфі такога паўтарэньня не жадае.

Але калі падыходзіць да сытуацыі «па вялікім рахунку», Парлямэнцкая Асамблея практычна ня мае рэальных рычагоў узьдзеяньня на становішча ў Беларусі. У гэтым сэнсе шмат хто з маіх суразмоўцаў літаральна казаў наступнае: «Вы ў Беларусі павінны зразумець: бамбаваць Менск з-за Лукашэнкі ніхто ня будзе». Эканамічных рычагоў узьдзеяньня Парлямэнцкая Асамблея таксама ня мае, і таму адзінае, чым яна можа паўплываць на сытуацыю — гэта папярэдзіць афіцыйныя ўлады Беларусі: без прыняцьця ў Раду Эўропы немагчымы ўваход краіны ў Эўразьвяз, той самы Эўразьвяз, які мае велізарныя сродкі і які можа накіраваць іх у разьвіцьцё эканомікі той або іншай краіны.

XS
SM
MD
LG