Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 красавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня старшыня ЦэнтарВыбарКаму Віктар Ганчар на ўласнай кватэры правёў прэсавую канфэрэнцыю, на якой патлумачыў дэталі прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, якая распачнецца 6 траўня і будзе доўжыцца да 16-га.

Віктар Ганчар паведаміў, што галасаваньне будзе доўжыцца 10 дзён. Ва ўсёй Беларусі сфармавана 2300 участковых камісіяў. 14000 сяброў участковых камісіяў па два чалавекі будуць абыходзіць з выбарчай скрыняй кватэры й хаты. Для таго, каб выбары адбыліся, трэба, каб у іх узяло ўдзел 3,5 мільёны чалавек — 50% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў. Ужо цяпер аддрукавана 4 мільёны бюлетэняў, у якія ўнесеныя прозьвішчы кандыдатаў Чыгіра і Пазьняка. Калі зьявіцца неабходнасьць — наклад бюлетэняў будзе дадрукаваны.

Вызначаны ЦВК мэханізм галасаваньня цалкам адпавядае закону, гаворыць Віктар Ганчар.

(Ганчар:) «На працягу ўсіх дзесяці дзён — ад 6-га да 16-га — галасаваньне будзе ісьці ў рэжыме галасаваньня па месцы знаходжаньня грамадзянаў. Калі браць тэхнічны бок, дык гэта азначае, што пры згодзе — ці вуснай, ці пісьмовай — два сябры ўчастковай камісіі прыйдуць да гэтага грамадзяніна з скрынкай, і ён зможа прагаласаваць за таго або іншага кандыдата».

Паводле Віктара Ганчара, 19 траўня будуць падведзеныя вынікі галасаваньня. Працэдура падліку галасоў будзе традыцыйная. Рэпрэсіі супраць сяброў выбарчых камісіяў — калі скрыні зь бюлетэнямі будуць канфіскоўвацца — Ганчар ня выключыў. Але ўлічвацца будуць толькі наяўныя бюлетэні. Старшыня ЦВК зазначыў:

(Ганчар:) «У межах гэтай выбарчай кампаніі другога туру ня можа быць тэхналягічна, таму што ў нас толькі два кандыдаты, і гэта пры той умове, што выбары адбудуцца, і калі прымуць удзел у галасаваньні больш за 50% выбаршчыкаў, дык тады гэта скончыцца або перамогай аднаго з кандыдатаў, або — калі ніводзін з кандыдатаў не набярэ адпаведна 50% + 1 голас ад колькасьці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні — то на жаль, тады таксама выбары прызнаюцца неадбылымі і таксама зноў прызначаюцца паўторныя выбары. Калі ўзьнікне такая сытуацыя, то мы будзем прызначаць паўторныя выбары, зразумела — пасьля 20 ліпеня. І пасьля рэальнага веданьня рэальнай сытуацыі, якая складзецца пасьля сканчэньня тэрміну легітымных паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Віктар Ганчар паведаміў, што правесьці паўторнае галасаваньне будзе надзвычай цяжка. 1500 сяброў выбарчых камісіяў ужо былі пакараныя за сваю дзейнасьць. Усе сябры камісіяў зьведалі моцны і, як сказаў Ганчар, татальны ціск з боку афіцыйных уладаў.

Прысутнасьць міжнародных назіральнікаў павінна была стаць нейкай гарантыяй бясьпекі на працягу 10 дзён выбараў, але, як заявіў старшыня ЦВК...

(Ганчар:) «Мы не трымаем назіральнікаў з афіцыйным статусам. Што да назіральнікаў без афіцыйнага статусу — прадстаўнікоў адпаведных міжнародных арганізацыяў, палітычных партыяў, дэпутатаў адпаведных парлямэнтаў — то ў гэтым кірунку зроблена ўсё магчымае, і мы праявілі як сваю ініцыятыву, так і рэкамэндавалі падчас нашых кансультацыяў адпаведным суб'ектам беларускай палітыкі зрабіць адпаведныя захады».

Віктар Ганчар зазначыў, што беларускія палітычныя партыі шмат у чым занялі дзіўную пазыцыю назіральнікаў працэсу. Ва ўмовах, калі адзін кандыдат у прэзыдэнты знаходзіцца за кратамі, а другі — у эміграцыі, менавіта палітычныя партыі разам з штабамі кандыдатаў павінны былі зактывізаваць увагу выбаршчыкаў на працэсе выбараў прэзыдэнта. Сам ЦэнтарВыбарКам надрукаваў 120 тысячаў каляровых плякатаў з заклікам прыняць удзел у выбарах. Цяпер гэтыя плякаты распаўсюджваюцца па Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG