Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 красавіка 1999 г.


Заходнія СМІ ажыўлена абмяркоўваюць магчымыя наступствы учорашняй адстаўкі віцэ-прэм'ера Югаславіі Вука Драшкавіча. Фігура Драшкавіча, былога пісьменьніка, які стаў палітыкам у пачатку 80-ых, была чымсьці накшталт своеасаблівай лібэральнай шырмы для аўтарытарнай ўлады Слабадана Мілошавіча.

Вук Драшкавіч быў паінфармаваны пра сваё звальненьне прэм'ер-міністрам Мамірам Булатавічам усяго за 30 хвілінаў да таго, як гэта было абвешчана па дзяржаўным сэрбскім тэлебачаньні. Булатавіч, блізкі паплечнік сэрбскага прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча, патлумачыў выгнаньне Драшкавіча «ягонымі публічнымі заявамі супраць пазыцыі ўраду, і нанясеньнем шкоды прэстыжу ўраду».

Апошнімі днямі Драшкавіч заклікаў югаслаўскія ўлады спыніць хлусьню пра вайну і пачаць мірныя перамовы, пагадзіўшыся на прысутнасьць узброеных войскаў ААН. Але яшчэ больш небясьпечным, як лічаць югаслаўскія аналітыкі, быў няспынны крытыцызм Драшкавіча ў бок партыяў Мілошавіча і ягонай уплывовай жонкі, Мір'яны Маркавіч. Драшкавіч гаварыў, што гэтая пара выкарыстоўвае вайну для ўласных палітычных мэтаў.

Амэрыканскія і натаўскія высокапастаўленыя асобы разглядалі заявы Драшкавіча апошніх дзён як знак нязгоды сярод югаслаўскага кіраўніцтва, выкліканай авіяўдарамі альянсу. Прынамсі, пра раскол сярод югаслаўскай эліты гаварыў прэзыдэнт ЗША Клінтан. Але, відаць, спадзяваньні Захаду на раскол не апраўдваюцца. Як сьцьвярджае газэта New York Times, Драшкавіч ня быў вельмі ўплывовай фігурай і таму амаль няма сьведчаньняў таго, што ў кіраўнічых колах вакол Мілошавіча і ягонай жонкі ўзнікла нейкая расколіна. Дый сам Драшкавіч падчас кароткай прэсавай канфэрэнцыі адразу пасьля сваёй ганебнай адстаўкі не дазволіў сабе ніякага прамога выкліку Мілошавічу.

«Цяпер мая краіна — ахвяра агрэсіі. І я разам зь мільёнамі сэрбаў, салдатамі сваёй айчыны. У нас няма ніякіх расколаў і ня будзе ніводнага», — заявіў Драшкавіч. Ён сказаў, што падтрымлівае барацьбу сэрбскага народу супраць НАТО, але будзе працягваць заклікаць да мірнага ўрэгуляваньня ў Косаве. «Я спадзяюся, Мілошавіч жадае таго самага», — дадаў былы віцэ-прэм'ер югаслаўскага ўраду.

Тым часам Расея працягвае свае спробы паўплываць на ход косаўскага канфлікту. Сёньня ў Маскве генэральны сакратар ААН Кофі Анан абмяркоўваў сытуацыю ў Югаславіі з прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным. Вось што кажа пра пазыцыю Масквы міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Робін Кук:

(Кук:) «Цікава, што Расея пасунула сваю пазыцыю за апошнія два-тры тыдні, і цяпер кожны дзень яна становіцца бліжэй да нашых агульных мэтаў. Калі Ігар Іваноў сустрэўся з Мэдлін Олбрайт два тыдні таму, яны знайшлі шмат агульнай глебы, але ня здолелі дамагчыся згоды Расеі на неабходнасьць міжнароднай ваеннай прысутнасьці ў Косвае. Цяпер Расея ўжо прымае неабходнасьць менавіта ваеннай прысутнасьці, і цяпер дыскусія ўжо ідзе пра склад і характар гэтых ваенных сілаў. Ёcьць таксама іншая глеба для дыялёгу і дыскусіі, напрыклад, наконт вываду сэрбскіх войскаў, а таксама наконт характару міжнароднай адміністрацыі, якая будзе кіраваць Косавам у пераходны пэрыяд».

За апошнюю ноч авіяцыя НАТО нанесла ўдары па аэрапорце непадалёк ад сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы. Былі збамбаваныя таксама аб'екты вакол сталіцы Косава Прышціны і нафтаапрацоўчы завод у горадзе НовіСад.

Адначасова з гэтым сёньня прадстаўнікі альянсу прызналі, што ў сераду як мінімум адна бомба зь лязэрным кіраваньнем не патрапіла ў ваенную цэль, але выбухнула сярод жыльлёвых кварталаў у мястэчку Сурдуліца. Югаслаўскія ўлады, якія выкрылі гэты інцыдэнт, сьцьвярджаюць, што было забіта як мінімум 20 мірных жыхароў. У адрозьненьне ад папярэдніх падобных здарэньняў, гэтым разам НАТО адразу прызнала сваю віну і прынесла прабачэньні. Амэрыканскія журналісты, якім было дазволена наведаць месца выбуху, назіралі дзьве варонкі, якія даказваюць, што сюды патрапіла больш за адну бомбу. Рэпарцёры таксама засьведчылі, што каля 10 дамоў у Сурдуліцы былі разбураныя і каля 20 пашкоджаныя, а жыльлёвы раён знаходзіцца як мінімум за кілямэтар ад ваенных аб'ектаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG