Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 красавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валер Садоха вылецеў з Масквы ў Багдад на самалёце разам з дэлегацыяй расейскай Думы на чале з Уладзімерам Жырыноўскім. Адной з мэтаў візыту дэпутатаў было сьвяткаваньне дня нараджэньня лідэра ірацкага рэжыму Садама Хусэйна. Сёньня прадстаўнік беларускага МЗС на брыфінгу ў Менску назваў факт удзелу афіцыйнай асобы зь Беларусі ў гэтым авіярэйсе «звычайным супадзеньнем».

У адказ на пытаньне Радыё Свабода адносна абставінаў згаданага візыту ў Ірак прэсавы сакратар міністра замежных справаў Беларусі Мікалай Барысевіч заявіў, што ён быў выкліканы «апэратыўнай неабходнасьцю». Паводле Барысевіча, цяпер у Багдадзе знаходзіцца дэлегацыя Менскага трактарнага заводу, якая вырашае пытаньне аб пастаўках трактароў зь Беларусі Іраку, і ў сувязі з гэтым узьнікла неабходнасьць у тэрміновым прыезьдзе прадстаўніка МЗС.

Між іншым, гэты візыт нідзе не афішаваўся і, верагодна, наогул застаўся б па-за ўвагай прэсы, калі б ня ўчорашняя нечаканая навіна з сталіцы Дагестану: у аэрапорце Махачкалы зрабіў вымушаную пасадку самалёт, які выконваў чартэрны рэйс з Масквы для дастаўкі, як было абвешчана, гуманітарнага грузу ў Ірак. Ужо ў палёце высьвятлілася, што Іран адмовіўся даць паветраны калідор, і пакуль гэтае пытаньне вырашалася, Жырыноўскі, які ляцеў на борце самалёта разам з сваімі паплечнікамі, правёў у аэрапорце прэсавую канфэрэнцыю. Тут і высьветлілася, што сярод пасажыраў самалёта ёсьць і намесьнік міністра замежных справаў Беларусі.

Расейская дэлегацыя не хавала, што адной з мэтаў ейнага візыту ў Багдад быў удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 62-й гадавіны народзінаў прэзыдэнта Іраку Садама Хусэйна. Праўда, дзеля затрымкі авіярэйсу дэпутаты спазьніліся на цэлы дзень, што выклікала абурэньне лідэра ЛДПР. Дарэчы, група іхных калегаў зь Беларусі — некалькі сяброў партыі на чале зь Сяргеем Гайдукевічам — таксама вылецела асобным рэйсам у Багдад на запрашэньне Садама Хусэйна, пра што ЛДП шырока паведамляла напярэдадні ў Менску.

Сёньня на брыфінгу было заяўлена, што ніякага дачыненьня да праграмы візыту расейскіх дэпутатаў паездка Валера Садохі ня мела. Як сказаў Мікалай Барысевіч...

(Барысевіч:) «... ён накіроўваўся ў гэтую краіну толькі па сваёй асабістай праграме, якая ніякім чынам не перакрыжоўваецца з праграмай расейскай дэлегацыі, і асноўнай мэтай было вырашэньне пытаньняў, якія тычыліся ўжо заключанага кантракту зь ірацкім бокам — можаце разглядаць гэта як супадзеньне...»

На пачатку брыфінгу Мікалай Барысевіч нагадаў пра тое, што Беларусь накіравала ў сераду ў Югаславію ўжо другую аўтакалёну з гуманітарным грузам. У сувязі з гэтым варта адзначыць адну дэталь, пра якую сёньня не гаварылася: днямі зь беларускага МЗС на адрас зьнешнепалітычнага ведамства Вугоршчыны паступіла падзяка беларускага боку за спрыяньне ў правозе гуманітарнай дапамогі праз тэрыторыю гэтай краіны. Нагадаем, што зусім нядаўна ў расейска-беларускага гуманітарнага канвою, які ехаў у Югаславію, на мяжы з Вугоршчынай узьніклі вялікія праблемы. Праўда, зьвязаныя яны былі выключна з расейскімі браніраванымі грузавікамі. Да беларускага аўтапоезду з вугорскага боку прэтэнзіяў не было. Расейскі бок пасьля гэтага нават адклікаў свайго амбасадара з Будапэшту.

Беларусь між тым толькі зьбіраецца адчыняць амбасаду ў Вугоршчыне. Яе адкрыцьцё заплянаванае на сёлетняе лета. Вугоршчына ня супраць, але адчыняць сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Менску не сьпяшаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG