Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 красавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня Цэнтральная Выбарчая Камісія распаўсюдзіла пастанову, у якой патлумачыла працэдуру, паводле якой будуць адбывацца прэзыдэнцкія выбары ў траўні.

За сем дзён да пачатку працэдуры галасаваньня Цэнтральная Выбарчая Камісія абвесьціла парадак галасаваньня. Прэзыдэнцкія выбары распачнуцца ў Беларусі 6 траўня і завершацца 16-га. На працягу 10 дзён сябры ўчастковых камісіяў будуць хадзіць па хатах і кватэрах з скрынямі, і хто пажадае здолее рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права. Стацыянарных участкаў для галасаваньня створана ня будзе.

Пра гэта нашаму радыё паведаміў сакратар Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Барыс Гюнтэр, чый подпіс побач з подпісам старшыні ЦВК Ганчара стаіць пад прынятай учора пастановай «Аб парадку галасаваньня». Пастанова пад №192 прынятая ўчора позна ўвечары ў экстрэмальных умовах — афіцыйныя ўлады адмовілі ЦВК у памяшканьні.

«Канстатуючы адмову дзяржаўных ворганаў даць у распараджэньне камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта неабходныя для выбараў памяшканьні і абсталяваньне, — гаворыцца ў тэксьце афіцыйнай пастановы, — улічваючы немагчымасьць арганізацыі галасаваньня ў адмыслова адведзеных памяшканьнях, а таксама сыходзячы зь неабходнасьці гарантаваньня канстытуцыйных правоў грамадзянаў на абраньне прэзыдэнта, ЦВК пастанавіла:

1. Участковым камісіям узгадніць з выбаршчыкамі, якія з паважных прычынаў ня здольныя прыбыць у памяшканьні для галасаваньня, магчымасьць арганізацыі галасаваньня ў месцы знаходжаньня выбаршчыкаў у дзень галасаваньня. Пры наяўнасьці пісьмовай або вуснай просьбы выбаршчыка забясьпечыць арганізацыю галасаваньня ў месцы знаходжаньня выбаршчыка.

2. Выбаршчыкі, якія ня маюць магчымасьці ў дзень выбараў знаходзіцца ў месцы свайго жыхарства, маюць права не раней, чым за 10 дзён да выбараў рэалізаваць свае правы...»

Расшыфроўваючы складаную мову юрыдычнага дакумэнту, сакратар ЦВК Барыс Гюнтэр патлумачыў нашаму радыё:

(Гюнтэр:) «Вы дакладна ведаеце, што дзяржава ня дасьць магчымасьці, ня дасьць памяшканьня, каб праводзіць выбары ў адзін дзень 16 траўня, і таму нашыя юрысты знайшлі «дзірку» ў нашым заканадаўстве. Артыкул 32 гаворыць так: «У выпадках, калі асобныя выбаршчыкі па стану здароўя альбо па іншых уважлівых прычынах ня могуць прыйсьці ў памяшканьне для галасаваньня, участковая камісія на іхную просьбу, выказаную ў вуснай альбо пісьмовай форме, даручае ня менш чым двум сябрам камісіі правесьці галасаваньне па месцы жыхарства». Сябры ўчастковай камісіі паспрабуюць абыйсьці ўсе кватэры, апытаць людзей — дзе яны будуць галасаваць, і правесьці на іхнае жаданьне, выказанае ў пісьмовай альбо вуснай форме, галасаваньне па месцы жыхарства. Пачатак галасаваньня — за 10 дзён да 16 траўня. У прынцыпе пастанова выкананая бездакорна паводле гэтага заканадаўства».

(Карманаў:) Але галоўнае пытаньне — як павінны выбаршчыкі даведацца дзе будзе знаходзіцца ўчастковая камісія. Інакш кажучы, куды яны павінны зьвярнуцца, каб зрэалізаваць сваё права?

(Гюнтэр:) «Участковыя камісіі павінны абыйсьці жыхароў па месцы іх жыхарства і даведацца — дзе яны будуць галасаваць і ці ня хочуць яны прагаласаваць з тых або іншых прычынаў у хаце».

(Карманаў:) Вы фактычна гаворыце пра тое, што стацыянарнага месца для галасаваньня ня будзе?

(Гюнтэр:) «Стацыянарнага месца ня будзе. Хто адмовіцца — той адмовіцца, калі ласка».

Чакайце, і да вас прыйдуць.

XS
SM
MD
LG