Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 1999 г.


Мінулай ночы сілы НАТО працягвалі інтэнсіўныя налёты на розныя аб'екты ў шэрагу гарадоў Югаславіі. Адначасова працягваюцца дыпляматычныя спробы заканчэньня канфлікту, у выніку якога гіне ўсё больш нявінных людзей.

Не зважаючы на дрэннае надвор'е, мінулай ночы авіяцыя НАТО ўзмацніла ўдары па Югаславіі, у прыватнасьці па казармах элітных падразьдзяленьняў арміі. Выбухі былі чутныя ў сталічных прадмесьцях Топчыдар, Сэньяк і Раковіца.

Галоўнакамандуючы сіламі НАТО генэрал Кларк заявіў, што у выніку ваеннай апэрацыі ўзмацняецца дэмаралізацыя ў шэрагах югаслаўскай арміі уключна з выпадкамі дэзэртырства.

Тым часам шырока камэнтуецца ўчорашні інцыдэнт у горадзе Сурдуліца, дзе чарговы раз загінулі цывільныя жыхары. У часе сёньняшняга брыфінгу інцыдэнт пракамэнтаваў таксама міністар абароны Вялікабрытаніі Джордж Робэртсан:

(Робэртсан:) «Мы ня кажам, пра якія паветраныя сілы ідзе гутарка. Сёньня раніцай у размове зь сядзібай НАТО мы даведаліся, што адна ракета сыйшла з траекторыі, але ня ведаем, ці гэта быў адзінкавы выпадак. НАТО расьсьледуе інцыдэнт, і мы паведамім пра вынікі як мага хутчэй. Але я хачу падкрэсьліць, што мы не атакуем і ня маем намеру атакаваць цывільныя аб'екты, тым часам як Мілошавіч наумысна аддзяляе і забівае цывільных людзей».

Прадстаўнік НАТО Джэймі Шэй запярэчыў цьверджаньням Бялграду аб мэтанакіраваных атаках на цывільныя аб'екты. Ён адзначыў, што цэлі атакаў выбіраюцца надзвычай абачліва, каб пазьбегнуць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва. Паводле Джэймі Шэя, гэта Мілошавіч павінен саромецца за сваю палітыку этнічных чыстак. Аднак ён таксама прызнаў, што нацэленая на вайсковы аб'ект вельмі дакладная ракета памылкова упала за 200 мэтраў далей на цывільныя аб'екты.

Ад часу пачатку апэрацыі супраць Югаславіі, учарашні інцыдэнт быў ужо пятым выпадкам памылковага ўдару па цывільных аб'ектах. Сэрбскія СМІ назвалі збамбаваньне Сурдуліцы з насельніцтвам 15 тысячаў чалавек, за 320 кілямэтраў на поўдзень ад Бялграду «варварскай акцыяй». Яны паведамілі, што ў выніку атакі загінулі каля 20 цывільных жыхароў.

Разыходжаньне паміж паведамленьнямі двух бакоў відавочнае.

Як паведаміла наш бялградзкі карэспандэнт Ая Кугі, «інфармацыя пра тое, што дакладна адбылося ўчора ў горадзе Сурдуліца, паступае вельмі павольна. Радыё паведаміла, што загінула там ня менш за 10 чалавек, што адзін жыльлёвы раён разбураны. Іншыя, мясцовыя крыніцы ўдакладняюць, што забітых вельмі многа, сярод руінаў ужо знойдзеныя целы 15 чалавек. Ад двух прыватных дамоў засталіся толькі варонкі глыбінёю 10 мэтраў. Там загінулі цэлыя сем'і. Мясцовыя жыхары разказваюць, што было страшна, калі ўчора апоўдні самалёты НАТО збамбавалі больш за 200 аб'ектаў, пераважна жылых дамоў. Праз 6 гадзін, пад вечар, зноў зьявіліся самалёты, і ў горадзе выбухнула паніка. У той час вялікая колькасьць войска і паліцыі ўдзельнічалі ў ратаўнічых працах. Паведамляецца таксама, што найбліжэйшы, вайсковы абьект — казармы, знаходзіўся за 4 кілямэтры ад гораду, прычым дакладна вядома, што адтуль усе былі эвакуаваныя яшчэ перад першымі ударамі 12 красавіка. Тады бомбы трапілі ў пасажырскі цягнік. У выніку 22 чалавек загінулі, а трупы 12-ці зь іх дагэтуль не апазнаныя».

Між тым, пасьля сустрэчы ў Бэрліне з сакратаром ААН Кофі Ананам, намесьнік дзяржсакратара ЗША Тэлбат заявіў, што Бялград не зрабіў найменшага кроку ў напрамку пагадненьня зь міжнароднай супольнасьцю ў пытаньні Косава. Такую самую думку выказаў і міністар абароны ФРГ Шарпінг. У рамках дыпляматычных захадаў Кофі Анан накіроўваецца сёньня ў Маскву, а расейскі пасланьнік Чарнамырдзін прыбудзе заўтра ў Бон для перамоваў з канцлерам Шрэдэрам.

Затое пэўны аптымізм выказалі іншыя палітыкі. Міністар замежных справаў Расеі Іваноў сказаў у інтэрвію гішпанскай газэце El Mundo, што мірнае пагадненьне пад эгідай ААН паміж Югаславіяй і НАТО можа быць дасягнутае яшчэ гэтай вясны. У Бялградзе міністар без партфэля Горан Маціч заявіў газэце New York Times, што асноўны праект пагадненьня можа быць выпрацаваны ўжо праз тыдзень. Міністар прадстаўляе Аб'яднаную Партыю Левых Сілаў, узначальваную жонкай прэзыдэнта Мілошавіча Мір'янай Маркавіч. Раней аналягічную думку выказаў віцэ-прэм'ер Вук Драшкавіч.

XS
SM
MD
LG