Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Страсбур

Калі глядзець з фармальнага боку — слуханьні ў беларускім пытаньні ў Палітычным Камітэце Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры 27 красавіка, якія цягнуліся паўтары гадзіны, скончыліся, калі ў Менску была ўжо 10-тая гадзіна вечара.

Аднак, калі браць пад увагу тое, што пасьля гэтага абедзьве беларускія дэлегацыі — Вярхоўнага Савету і «нацыянальнага сходу» — накіраваліся на супольную вячэру, якую для іх падрыхтавалі супрацоўнікі Рады Эўропы, дык можна казаць, што перамовы завяршыліся практычна ўжо ў сераду, 28 красавіка. Аднак, на думку нашага карэспандэнта ў Страсбуры, перамовы ўвогуле ня скончыліся.

Што дае падставы для такіх высноваў? Кіраўнік Палітычнага Камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Віктор Руфі, які старшыняваў на паседжаньні, падсумаваў вынікі дэбатаў, што цягнуліся паўтары гадзіны, гэткім чынам: паколькі пазыцыі абодвух беларускіх бакоў высьветленыя, а яны карэнным чынам разыходзяцца, дык цяпер нам трэба ехаць у Менск, каб вывучаць становішча непасрэдна там. Такім чынам атрымваецца, што пакуль можна канстатаваць толькі завяршэньне першага этапу беларускіх слуханьняў.

Тут адразу трэба папярэдзіць слухачоў — усё, пра што я ўжо казаў і пра што яшчэ буду распавядаць, стала мне вядома непасрэдна ад удзельнікаў слуханьняў, як з абедзьвюх беларускіх дэлегацыяў, гэтак і ад замежнікаў. Рэч у тым, што слуханьні ад першай да апошняй хвіліны праходзілі за зачыненымі дзьвярыма і нікому з журналістаў не дазволілі зайсьці ў залу.

Сяргей Калякін лічыць, што на рашэньне Віктора Руфі наведаць Менск паўплывала нават атмасфэра, у якой вяліся слуханьні. Дыскусія была надзвычай вострая — абедзьве дэлегацыі зь вялікім імпэтам адстойвалі свае погляды, і фактычна спробы некаторых эўрапарлямэнтароў перавесьці размову ў рэчышча дыялёгу посьпеху ня мелі. Гэта прызнае, дарэчы, і дэлегацыя «нацыянальнага сходу». Фактычна ні яна, ні дэлегацыя Вярхоўнага Савету не зрабілі ніводнага кроку насустрач адна адной. Пры такім падыходзе робіцца зразумелым пытаньне расейскага парлямэнтара Сяргея Глотава, які палічыў, што было б значна лепш, калі б беларускія дэлегацыі высьветлілі дачыненьні паміж сабою дома, а не разводзілі дэбаты на міжнародных форумах. У адказ кіраўнік дэлегацыі Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька патлумачыў, што для гэтага неабходна, каб беларуская апазыцыя мела магчымасьць атрымаць хоць бы 30 хвілінаў часу на дзяржаўнай тэлевізіі — паколькі іншай у Беларусі проста не існуе — і давесьці да насельніцтва свае погляды.

Што да прыезду міжнародных парлямэнтароў у Беларусь, дык дэпутаты Вярхоўнага Савету з радасьцю з гэтым пагадзіліся. Больш таго, яны запрасілі ўсіх калегаў, якія прысутнічалі на слуханьнях, наведаць нашую краіну як мага хутчэй, паколькі неўзабаве тут пачынаюцца прэзыдэнцкія выбары. На гэта адрэагаваў лідэр польскай «Салідарнасьці» Мар'ян Кшаклеўскі, які зьяўляецца сябрам Парлямэнцкай Асамблеі. Ён нагадаў пра свой «славуты» візыт у Беларусь, калі пасьля сустрэчы з прафсаюзным актывам ён быў фактычна дэпартаваны з нашай краіны. Ці захочуць калегі Кшаклеўскага зь Нямеччыны, Чэхіі, Францыі, Швэйцарыі ды іншых краінаў, што прысутнічалі на слуханьнях, такім чынам спакушаць свой лёс?

Дарэчы, сярод тых, хто ўдзельнічаў у слуханьнях, быў і супрацоўнік апарату Рады Эўропы Іван Каержыкаў з Баўгарыі. Паколькі ён яшчэ два гады таму прыяжджаў у Менск у складзе той эўрапейскай дэлегацыі, што спрабавала, але на жаль безвынікова, наладзіць дыялёг паміж афіцыйнымі ўладамі і апазыцыяй, было надзвычай цікава даведацца пра ягоныя ўражаньні ад цяперашніх слуханьняў. У эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё сп. Каержыкаў шчыра распавёў, што: «сёньня я не пачуў для сябе нічога новага. Быццам і не прайшлі яшчэ два гады».

Безумоўна, далёка ня ўсе эўрапарлямэнтары маюць так шмат інфармацыі пра Беларусь, як Іван Каержыкаў. Але ж і тут я зноў спашлюся на яго — усе яны вопытныя людзі і ведаюць, як павінны адбывацца дэмакратычныя выбары, і яны параўноўваюць эўрапейскія стандарты з тым, як праходзілі выбары ў Беларусі.

Напрыканцы рэпартажу выкажу свае асабістыя назіраньні. Паўтары гадзіны ме — некалькі журналістаў зь Беларусі — бавілі час у чаканьні, калі завершыцца паседжаньне Палітычнага Камітэту. За гэты час у залу паседжаньня ўвайшлі чатыры асобы, якія прыпазьніліся да ягонага пачатку, а пакінулі залу, не дачакаўшыся заканчэньня дыскусіі — дзевятнаццаць. На мой погляд, гэтыя лічбы красамоўна адлюстроўваюць сёньняшнюю цікавасьць да падзеяў у Беларусі. У параўнаньні зь югаслаўскімі праблемамі яны адыходзяць зь пярэдняга пляну ўсё глыбей і глыбей назад.

XS
SM
MD
LG