Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Страсбур

Учора на паседжаньні Палітычнага Камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы адбылося абмеркаваньне палітычнага становішча ў Беларусі з удзелам дэпутатаў асамблеі і дзьвюх парлямэнцкіх дэлегацыяў з нашай краіны.

Карыснай назвалі размову, што адбылася ўчора ў Палітычным Камітэце Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, прадстаўнікі абедзьвюх беларускіх дэлегацыяў — Вярхоўнага Савету XIII скліканьня і «нацыянальнага сходу Беларусі». Яны не хавалі, што гутарка атрымалася вострая, але віталі сам факт пачатку дыялёгу і выказвалі падзякі за тое, што Парлямэнцкая Асамблея стварыла ўмовы для такой сустрэчы.

У прыватнасьці сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Сяргей Калякін заявіў: «Дыскусія часам была вельмі вострая. У выніку старшыня Палітычнага Камітэту сп. Руфі сказаў, што яму зразумелыя нашыя пазыцыі, што гэта супярэчлівыя пазыцыі, і таму ўзьнікае неабходнасьць дадатковага вывучэньня сытуацыі на месцы. Думаю, Рада Эўропы будзе зараз больш інтэнсіўна займацца становішчам у нашай краіне. Гэта — галоўны вынік».

Дакладчык ад Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька таксама зрабіў выснову, што ўвага Рады Эўропы да Беларусі павялічыцца. «Не выключаю, што ў хуткім часе да нас можа прыехаць дэлегацыя прадстаўнікоў ПАРЭ», — сказаў Лябедзька. Ён згадаў, што дэпутатам Вярхоўнага Савету задалі шмат пытаньняў пра прэзыдэнцкія выбары 16 траўня. «Мы выкзалі ўпэўненасьць, што ўвага Эўропы да гэтых выбараў патрэбная куды большая, бо яна прывядзе да посьпеху выбараў і паспрыяе разьвіцьцю дэмакратыі ў краіне. Я не выключаю, што нас зразумелі і адкажуць станоўча ўжо ў найбліжэйшым часе», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Пасьля сустрэчы сьвяціліся ад гонару і задавальненьня таксама і прадстаўнікі «нацыянальнага сходу». Станоўчым фактам назваў кантакт з апазыцыяй намесьнік старшыні «палаты прадстаўнікоў» Уладзімер Канаплёў. «Нас выслухалі, чаго раней не было. Раней мы сядзелі толькі на бальконе, а апазыцыя зьдзеквалася з нас як хацела. А сёньня мы здолелі даць нармальныя адказы на пытаньні з залы», — кажа Ўкадзімер Канаплёў. Ён і далей не ўтрымаўся ад жорсткіх характарыстыкаў у бок апазыцыі, у чым быў актыўна падтрыманы калегамі з «палаты прадстаўнікоў». Гэтак. Леанід Глухоўскі назваў дадзеныя, што, прывёў у сваім дакладзе Анатоль Лябедзька, «адыёзнай інфармацыяй». Аляксандар Шпілеўскі заявіў пра Лябедзьку, што той учыніў у Страсбуры «палітычную правакацыю».

Між тым дэпутаты Лукашэнкавага «парлямэнту» ня сталі ўдакладняць, у чым канкрэтна яны ня згодныя з крытыкай Лябедзькі. «Фактычна я з усім дакладам ня згодны. Там што ні лічба, то Бог ведае адкуль», — сказаў за ўсіх Уладзімер Канаплёў. І ўсё ж ён задаволены вынікам сустрэчы. «Мы адназначна бачым сваю мэту ў тым, каб Беларусь была прынятая ў Раду Эўропы», — заявіў кіраўнік дэлегацыі «нацыянальнага сходу» і выказаў думку, што візыт у Страсбур наблізіў краіну да гэтай мэты.

Прадстаўнікі апазыцыі аднак лічаць, што другі бок сьпяшаецца ў аптымістычных прагнозах. Сяргей Калякін, у прыватнасьці, гэтак адгукнуўся на тэму ўступленьня Беларусі ў Раду Эўропы: «Мы таксама за тое, каб у рэшце рэшт Беларусь апынулася ў гэтай паважанай арганізацыі. Але не цяпер, калі становішча настолькі не адпавядае эўрапейскім стандартам. Мы нават ня раім эўрапейцам аднаўляць страчаны Беларусьсю статус афіцыйна запрошанай. Пакуль не ліквідаваныя парушэньні, якія прывялі да адмены гэтага статусу — пра вяртаньне лепш не казаць», — упэўнены Сяргей Калякін. Ён лічыць, што гэтая пазыцыя ў Страсбуры знайшла разуменьне.

«Настрой у Палітычным Камітэце падчас дыскусіі быў для нас вельмі спрыяльны. Гэта было бачна і з пытаньняў, якія былі зададзеныя беларускай дэлегацыі. Яны сьведчылі пра тое, што іх задавалі кампэтэнтныя людзі, людзі, якія разьбіраюцца ў нашых праблемах і зацікаўленыя ў іх сапраўдным вырашэньні», — гэтак падвёў рысу Анатоль Лябедзька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG