Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора ў Беларусь прыехалі прадстаўнікі кіраўніцтва Эўразьвязу. У аўторак яны правялі перамовы з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Міхаілам Мясьніковічам і міністрам замежных справаў Уралам Латыпавым. Сёньня адбылася сустрэча з прадстаўнікамі апазыцыі.

У склад дэлегацыі ўваходзяць кіраўнікі рэгіянальных палітычных дэпартамэнтаў МЗС Нямеччыны — Кляўс Нойбэрт, Аўстрыі — Ёзэф Мітшаўэр і Фінляндыі — Рэнэ Нюбэрг. Нямеччына старшынявала ў ЭЗ летась, цяпер пасаду старшыні займае міністар замежных справаў Аўстрыі, у будучым годзе кіраўніцтва пераходзіць да Фінляндыі.

Як паведаміў прэсавы сакратар беларускага МЗС Мікалай Барысевіч, госьці абмяркоўвалі зь міністрам Латыпавым магчымасьці нармалізацыі дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЭЗ, у прыватнасьці пэрспэктывы ратыфікацыі часовага пагадненьня аб гандлі і дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве.

Нагадаем, што дамова аб гандлі была падпісаная яшчэ некалькі гадоў таму, але пасьля «канстытуцыйнага рэфэрэндуму» працэс яе ратыфікацыі быў прыпынены. Эўразьвяз істотна абмежаваў свае эканамічныя стасункі зь Беларусьсю.

Паводле сп. Барысевіча, бакі вырашылі рухацца да мэты невялічкімі крокамі. Ён адмовіўся паведаміць нейкія дэталі перамоваў, у прыватнасьці адказаць на пытаньне — якія крокі насустрач гатовы зрабіць афіцыйны Менск.

Сёньня прадстаўнікі ЭЗ сустрэліся зь лідэрамі апазыцыі. У размове, якая доўжылася дзьве гадзіны, бралі ўдзел Сямён Шарэцкі, Станіслаў Багданкевіч, Мікалай Статкевіч, Лявон Баршчэўскі і Генадзь Быкаў. Пра вынікі перамоваў паведаміў у інтэрвію для Радыё Свабода лідэр АГП сп. Багданкевіч.

Прадстаўнікі ЭЗ з трох эўрапейскіх краінаў заявілі, што ініцыятыва прыезду дэлегацыі сыходзіла ад ЭЗ. Яе мэта — удакладненьне пазыцыяў улады і апазыцыі ў Беларусі. Паводле Багданкевіча, госьці пераконвалі апазыцыйных лідэраў, што трэба распачаць дыялёг з уладамі, прычым без усялякіх умоваў. Адзін зь сяброў дэлегацыі патлумачыў, што дыялёг — гэта ня тое, што перамовы. Гэта — папярэдні этап.

Паводле прадстаўнікоў дэлегацыі ЭЗ, міністар Латыпаў ім сказаў, што ўлада на такі дыялёг гатовая, хоць і лічыць, што ніякага канстытуцыйнага крызысу ў дзяржаве няма. Кіраўнік дэлегацыі ЭЗ сказаў апазыцыянерам, што ён асабіста як юрыст лічыць меркаваньні апазыцыі цалкам абгрунтаванымі. Але, на ягоную думку, варта быць прагматыкамі, аб чым сьведчыць усясьветны досьвед перамоваў з дыктатарамі.

З размовы з дыпляматамі стала вядома, што па лініі ТАСІС Эўразьвяз вядзе перамовы з афіцыйным Менскам наконт парадку перарэгістрацыі палітычных партыяў. ЭЗ дамагаецца адмены патрабаваньня, згодна зь якім партыі павінны запісаць у свой статут прызнаньне канстытуцыі 1996 году.

Сябры дэлегацыі ЭЗ таксама паведамілі сп. Латыпаву, што дачыненьні Эўразьвязу зь Беларусьсю будуць у значнай ступені залежаць ад таго, ці будуць улады ўжываць рэпрэсіі супраць удзельнікаў прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня. Але ад адказу на пытаньне — ці будзе Захад прызнаваць вынікі гэтых выбараў — дыпляматы ветліва ўхіліліся.

Цяжка сказаць, ці азначае візыт дэлегацыі ЭЗ зьмену пазыцыі ў дачыненьні да Беларусі, ці гэта проста палітычная выведка. ЭЗ ужо мае горкі досьвед арганізацыі перамоваў паміж беларускай уладай і апазыцыяй, але, як бачым, высілкі ў гэтым кірунку працягваюцца. Прычым апазыцыі недвухсэнсоўна кажуць, у чым яна павінна саступіць.

Пазыцыя ЭЗ зьяўляецца даволі жорсткай у пытаньнях, якія маюць практычны праваабарончы характар — свабода асацыяцыяў, як тое ёсьць з рэгістрацыяй, і свабода самавыяўленьня — як тое ёсьць з прэзыдэнцкімі выбарамі. Але менавіта ў палітычных пытаньнях падыходы значна больш мяккія — маўляў, сядайце, беларусы, за стол перамоваў, аб чым дамовіцеся — тое й добра будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG