Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 1999 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

27 красавіка ў Вашынгтоне ў камісіі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Кангрэсу Злучаных Штатаў Амэрыкі адбыліся слуханьні, прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі.

Прысутнічалі кангрэсмэны Гуэр і Браўнбэк, старшыняваў у слуханьнях старшыня камісіі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, які ў сваім звароце зазначыў, што Беларусь — краіна ў сэрцы Эўропы, якая мае багатую гісторыю, перажыла шмат трагічных момантаў, нарэшце ў 1991 годзе атрымала незалежнасьць, а цяпер вымушаная цярпець напады з боку ўласнага прэзыдэнта, які паступова пазбаўляе беларускіх людзей іхных правоў і свабодаў.

Выкананьне правоў чалавека ў Беларусі, дэмакратычныя пераўтварэньні, пабудова адкрытага грамадзтва, а таксама магчымыя наступствы беларуска-расейскага ці так званага «славянскага» саюзу для дэмакратычнай будучыні Беларусі і ейных суседзяў — гэтыя пытаньні вывучаліся найбольш падрабязна ў часе сьведчаньняў. Перад камісіяй выступілі: дараднік дзяржсакратара ЗША ў дачыненьнях з новымі незалежнымі краінамі Рос Ўілсан, кіраўнік назіральнай групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік, павераны ў справах прадстаўнік беларускай амбасады Аркадзь Чарапанскі, каардынатар «Хартыі-97» у міжнародных справах Андрэй Саньнікаў, выканаўчы дырэктар Міжнароднай Лігі Правоў Чалавека Кэці Фіцпатрык, дырэктар эўрапейскага аддзелу арганізацыі «Human Rights Watch» Рэйчэл Дэнвэр.

Злучаныя Штаты Амэрыкі прытрымваюцца прынцыповае пазыцыі ў дачыненьні да прэзыдэнта Лукашэнкі і ягонага ўраду. Як зазначыў у сваім выступленьні Рос Ўілсан, «нашая палітыка выбраных кантактаў адлюстроўвае нашае стаўленьне да прэзыдэнта Лукашэнкі і таго, што ён рэпрэзэнтуе». Паводле Роса Ўілсана, безадказныя злоўжываньні Лукашэнкі супраць уласнага народу паўтараюцца і ў ягоных паводзінах за межамі краіны. Ён парушыў Венскую канвэнцыю і дамову паміж ЗША і Беларусьсю падчас «драздоўскага крызысу», ён заблякаваў дзейнасьць амэрыканскіх спэцыялістаў у працэсе дэмантажу пляцовак для запуску ядзерных ракетаў.

Асобнаю тэмаю выступу стала праблема вяртаньня амбасадара ЗША ў Беларусь. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША зазначыў, што канфлікт ня вычарпаны, пазыцыя Злучаных Штатаў вядомая, і ЗША гатовыя да вядзеньня перамоваў, у тым ліку і наконт кампэнсацыі за страты рэзыдэнцыі.

З свайго боку Андрэй Саньнікаў і Кэці Фіцпатрык падкрэсьлілі неабходнасьць вяртаньня амбасадара ЗША ў Беларусь да 20 ліпеня. Гаворыць Кэці Фіцпатрык:

(Фіцпатрык:) «Перш за ўсё нам хацелася б, каб Злучаныя Штаты Амэрыкі вярнулі ў Беларусь амбасадара ЗША Дэніэла Спэкхарда, лепш за ўсё — да 16 траўня, але абавязкова — да 20 ліпеня».

Андрэй Саньнікаў і Кэці Фіцпатрык таксама зазначылі неабходнасьць актывізацыі супрацоўніцтва амбасадара ЗША на розных узроўнях адкрытасьці да беларускага грамадзтва, бо ў такі крытычны момант, у якім апынулася Беларусь, неабходны непасрэдны канал сувязі з дэмакратычнымі краінамі, і асабліва — з Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Патрэбныя таксама ўзгодненыя дзеяньні паміж ЗША і краінамі Эўрапейскага Зьвязу, бо разыходжаньні могуць быць скіраваныя Лукашэнкам на сваю карысьць — праз падзел краінаў на «добрыя» і «дрэнныя».

Трэба зазначыць, што акрамя прэзэнтацыі сьведчаньняў, кожны з выступоўцаў адказваў на пытаньні сяброў камісіі. Найбольш вострыя пытаньні прагучалі на адрас прадстаўніка беларускай амбасады Аркадзя Чарапанскага, выступ якога, як і чакалася, быў сьведчаньнем у абарону цяперашняй палітыкі беларускіх уладаў. Паводле сп. Чарапанскага, перасьлед прадстаўнікоў апазыцыі, арышты Ганчара і Чыгіра праводзяцца ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, у тым ліку і крымінальным кодэксам. Сп. Чарапанскі таксама запэўніў прысутных, што супраць прадстаўнікоў апазыцыі, а таксама недзяржаўных арганізацыяў, якія будуць працягваць сваю дзейнасьць нават у тым выпадку, калі ня будуць перарэгістраваныя, ня будуць ужытыя меры перасьледу, не прадугледжаныя беларускімі законамі. Такім чынам, лёс недзяржаўных арганізацыяў Беларусі, што не пажадаюць прызнаць легітымнасьць канстытуцыі 1996 году, будзе залежаць ад беларускага заканадаўства, нават калі яно не адпавядае, а часам і супярэчыць міжнародным стандартам і пагадненьнем, якія Беларусь падпісала добраахвотна.

У часе слуханьняў абмяркоўвалася таксама і дзейнасьць місіі АБСЭ ў Беларусі, на адрас якой было таксама выказана шмат крытыкі. Паводле кіраўніка групы АБСЭ ў Беларусі, які браў удзел у слуханьнях, Беларусь можа вярнуцца на шлях дэмакратыі і місія АБСЭ можа ёй у гэтым дапамагчы — праз забесьпячэньне дыялёгу паміж кіраўніцтвам краіны і прадстаўнікамі апазыцыі. Выступ сп. Віка быў доўгі і падрабязны. Ён выклаў сваё бачаньне разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі: пры спрыяньні групы АБСЭ праз дыялёг, прававую адукацыю — забесьпячэньне прыняцьця дэмакратычных законаў і вяртаньне ў Беларусь прынцыпаў кіраваньня закону, праз разьвіцьцё самакіраваньня і дэмакратычнай сьвядомасьці. Дарэчы, Ганс-Георг Вік назваў крытыку на свой адрас і на адрас групы АБСЭ неабгрунтаванай.

У выступах і падчас сэрыі пытаньняў і адказаў абмяркоўваліся розныя апсэкты палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Была асабліва зазначаная неабходнасьць разьвіцьця незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Свабода СМІ і доступ усіх партыяў і рухаў да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, аднаўленьне дзейнасьці «Радыё 101,2» павінны стаць асноўнай і нязьменнай перадумовай любога дыялёгу і кантактаў з рэжымам Лукашэнкі.

Выканаўчы дырэктар Лігі Правоў Чалавека Кэці Фіцпатрык падкрэсьліла неабходнасьць павелічэньня вяшчаньня Радыё Свабода ў Беларусі.

Найбольш вострымі і актуальнымі сталіся пытаньні будучыні трэцяга сэктару Беларусі, фільтраваньне недзяржаўных арганізацыяў праз «перарэгістрацыю», а таксама інтэграцыйныя намаганьні прэзыдэнта Лукашэнкі — што да легітымнасьці стварэньня беларуска-расейскага саюзу. Як зазначыў старшыня камісіі Крыстафэр Сьміт, які будзе браць удзел у чарговым паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Санкт-Пецярбургу, ён абавязкова запрапануе гэтыя пытаньні да ўвагі асамблеі, бо Злучаныя Штаты ды іншыя дэмакратычныя краіны жадаюць бачыць вольную, дэмакратычную і заможную Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG