Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Учора ў Вашынгтоне скончыўся трохдзённы саміт з нагоды 50-годзьдзя Паўночнаатлянтычнага альянсу кіраўнікоў краінаў НАТО і краінаў, якія супрацоўнічаюць зь ім. Ацэнка бальшыні сусьветных палітычных аглядальнікаў: саміт гэты прыняў гістарычныя пастановы.

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан наступным чынам падсумаваў іх:

(Клінтан:) «Галоўная задача будучыні для нас — гэта пабачыць непадзельную, дэмакратычную і мірную Эўропу. Гэта задача пераадолець нестабільнасьць і эканамічныя цяжкасьці на Балканах, перамагчы тых, хто карыстаецца этнічнай нянавісьцю для ўмацаваньня сваёй улады, задача уключыць дэмакратычную Расею ў працэсы эўрапейскай інтэграцыі, задача перадаолець разыходжаньні паміж Эўропай і ісламскім сьветам».

Можна сказаць, што мінулы дзень косаўскай вайны быў звычайны. НАТО, нягледзячы на дрэннае надвор'е працягвала ракетны абстрэл і бамбаваньне Югаславіі. 6 ракетаў трапілі ў нафтасховіча цэнтральнага сэрбскага гораду Валева. У каторы ўжо раз бамбаваўся ваенны аэрадром у Самборы, каля вугорскай мяжы, дзе, здавалася б, усё даўно зьнішчана. У паўночным горадзе Нові Сад натаўцы разбамбавалі апошні з трох тамтэйшых мастоў праз Дунай. І цяпер пераправы праз гэтую самую вялікую раку Эўропы ў раёне Новага Саду магчымыя толькі з дапамогай паромаў.

Разбамбілі таксама чарговы тэлерадыёрэтрансьлятар, і сэрбскае тэлебачаньне зьнікла з экранаў на некалькі гадзінаў. Але пазьней сэрбскія тэлеінжынеры аднавілі перадачы з дапамогай антэны. Тут трэба адзначыць, што НАТО пачало сапраўднае паляваньне на сэрбскі дзяржаўны тэлеканал. Прэсавы сакратар НАТО Джэймі Шэй заявіў: «Мы будзем засякаць сыгналы cэрбскага тэлебачаньня і атакаваць яго. Дзяржаўны сэрбскі тэлеканал распаўсюджвае хлусьлівую інфармацыю, ён стаў рупарам распаўсюджаньня нацыянальнай нянавісьці і варожасьці. І таму мы лічым гэтае тэлебачаньне ў якасьці легітымнай цэлі нашых налётаў».

Адзначым, праўда, што пасьля шырокіх міжнародных пратэстаў НАТО не атакуе больш самі тэлевізійныя студыі, а канцэнтруе свой агонь на перадатчыках.

Але галоўнай падзеяй мінулага дня было выступленьне віцэ-прэм'ера Югаславіі Вука Драшкавіча. Драшкавіч, хоць і ўваходзіць у склад югаслаўскага ўраду, выступіў з вострай крытыкай інфармацыйнай палітыкі. «Трэба скончыць з надзеямі на трэцюю сусьветную вайну, ніхто ня прыйдзе нам на дапамогу. Мы ў адзіноце». І гэтую праўду, падкрэсьліў Драшкавіч, урад хавае ад свайго народу. Пракамэнтаваць гэтыя словы югаслаўскага прэм'ера я папрасіў намесьніка галоўнага рэдактара Паўдзённаславянскай рэдакцыі нашага радыё Габара Бодзіша.

(Бодзіш:) «Мало хто ведае, што ў гэтых словах Вука Драшкавіча, які зьяўляецца віцэ-прэм'ерам фэдэральнага югаслаўскага ўраду, няма нічога новага. Упершыню ён выказаўся падобным чынам прыблізна 7 дзён таму. Зрабіў ён гэта ў інтэрвію нашай радыёстанцыі. Але тады гэта не было надрукавана, і мала хто зьвярнуў на гэта ўвагу. Дык вось тады ў нашай перадачы ён сказаў: мэта сэрбаў палягае ня ў тым, каб ваяваць з усім сьветам, а ў тым, каб захаваць за сабой Косава. І таму я лічу, што калі гэта ня частка нейкай вельмі спрытнай гульні самога Слабадана Мілошавіча, тады Драшкавіч зрабіў сьмелы ўчынак, прапануючы сябе Захаду. І ўчынак гэты ня толькі нявыгадны Слабадану Мілошавічу, але і Захад ня надта ведае, як на гэта рэагаваць».

Драшкавіч у сваёй прамове непасрэдна абвінаваціў самога Слабадана Мілошавіча, хоць і не назваў ягонага імя, у хлусьні: «Тыя, хто кіруюць краінай, хлусяць свайму народу». Сэрбскія сродкі масавай інфармацыі гавораць, што Расея пойдзе на трэцюю сусьветную вайну, каб уратаваць Югаславію. Ня спраўдзіліся надзеі на тое, што на сустрэчы НАТО ў Вашынгтоне разыходжаньні паміж паасобнымі краінамі НАТО могуць прывесьці да расколу і распаду антыюгаслаўскай кааліцыі. Наадварот, сустрэча ў Вашынгтоне узмацніла рашучасьць НАТО перамагчы Югаславію.

Паводле словаў Драшкавіча, хоць сэрбскі народ пасьля першага месяца бамбаваньняў і атрымаў маральную перамогу над НАТО, але сусветная грамадзкая думка настроеная супроць сэрбаў.

У гэтых словах адного зь першых людзей у югаслаўскай палітычнай эліце прагучала практычна ўпершыню з сэрбскага тэлеэкрану прызнаньне, што ў ваенным сэнсе Югаславія прайграе вайну. Што ж рухала Вукам Драшкавічам? Магчыма ў паразе сваёй краіны ён пабачыў для сябе магчымасьць працягу сваёй палітычнай кар'еры? Габар Бодзіш камэнтуе:

(Бодзіш:) «Я не магу згадзіцца зь цьверджаньнем, што Сэрбія ці Югаславія ўжо прайгралі гэтую вайну. Я ня вельмі ведаю, якія канчатковыя мэты НАТО, але я ня бачу, каб яны атрымалі нейкую перамогу. НАТО сапраўды зьнішчае інфраструктуру краіны, але калі НАТО хоча скінуць Слабадана Мілошавіча, дык яно гэтай мэты выразна не дасягнула, і ці дасягне — невядома. Мілошавіч на месцы, і пазыцыі ягоныя ўзмацніліся. І таму, калі Вук Драшкавіч зрабіў сваю заяву бяз згоды Мілошавіча, гэта вельмі сьмелы ўчынак».

Хто ж ён такі, Вук Драшкавіч, ці здольны ён узяць у свае рукі рычагі вываду сваёй краіны з вайны? Ці гэта той самы чалавек, зь якім мог бы размаўляць Захад? Ці мае ён адпаведныя кваліфікацыі, каб стаць на чале народу ў гэты складаны час? Габар Бодзіш даў Драшкавічу наступныя характэрыстыкі.

(Бодзіш:) «Вук Драшкавіч пачаў сваю палітычную кар'еру пад канец 80-х гадоў. Ён пачынаў як сэрбскі нацыяналістычны дзяяч. У той час ён змагаўся супроць камуністычнага рэжыму, які ўвасабляў сабой Слабадан Мілошавіч. Дарэчы, ён пачынаў у адной партыі з Воіславам Шэшэлем, лідэрам сэрбскіх нацыяналістаў. Падчас вайны ў Босьніі ён перайшоў у іншы лягер. Ён выступаў у якасьці прыхільніка міру. Ён стаў як бы часткай югаслаўскай палітычнай сцэны. Падчас масавых маніфэстацый ў Бялградзе яго арыштавалі. Яго разам з жонкаю катавалі ў турме. І безь перабольшаньня можна сьцьвердзіць, што ён быў найбольш папулярным у масах ворагам рэжыму прэзыдэнта Мілошавча. Але калі ён зразумеў, што ў яго няма шанцаў перамагчы гэты рэжым, ён вырашыў перайсьці ў лягер сваіх палітычных праціўнікаў. Ён увайшоў у склад ураду Мілошавіча. Магчыма, што Драшкавічам рухае толькі прага ўлады, толькі жаданьне быць часткаю ўрадавай эліты».

Прыгадаем, што Вук Драшкавіч зрабіў сваю заяву ў тэлеперадачы незалежнай тэлестанцыі, якая належыць ягонай партыі. Дарэчы, НАТО не бамбавала і, праўдападобна, не зьбіраецца бамбаваць гэты рупар сэрбскіх палітыкаў. Магчыма, гэта знак таго, што Захад мог бы размаўляць аб пеэрспэктывах мірнага ўрэгуляваньня ў Югаславіі з Вукам Драшкавічам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG