Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

У аўтакатастрофе загінуў адзін зь лідэраў беларускага прадпрымальніцкага руху, старшыня Аб'яднанага Камітэту Прафсаюзаў Прадпрымальнікаў Менску й Менскай вобласьці «Садружнасьць» Арнольд Пячэрскі.

24 красавіка Пячэрскі вяртаўся з Расеі на мікрааўтобусе. У машыне былі толькі Арнольд з сваім кіроўцам. Прыблізна а 5 гадзіне вечара на шашы каля Крупак мікрааўтобус сышоў на першую паласу і сутыкнуўся з машынай, якая рамантавала шашу. Кіроўца не пацярпеў, а Арнольд Пячэрскі памёр праз 2 хвіліны пасьля катастрофы. Паводле афіцыйнай вэрсіі прычынай здарэньня стала тое, што кіроўца заснуў за рулём. Пахаваньне Арнольда Пячэрскага адбудзеца заўтра.

Часам можна пачуць меркаваньне, што беларускі бізнэс заўсёды быў абыякавы да палітыкі. Таму, магчыма, Беларусь і апынулася ў сваім цяперашнім становішчы. Але Арнольда Пячэрскага гэта ня тычылася. Бізнэс ён меў сярэдні — дзьве гандлёвыя кропкі на менскім стадыёне «Дынама» і кропку на рынку ў Ждановічах. Але ён, як мала хто зь бізнэсоўцаў, разумеў, што адзіная гарантыя заможнасьці, вольнага бізнэсу — гэта свабода Беларусі.

Менавіта Арнольд Пячэрскі быў арганізатарам, душою акцыяў пратэсту беларускіх бізнэсоўцаў супраць несправядлівай і рабаўнічай палітыкі ўладаў, і часам гэтая барацьба прыводзіла да частковай перамогі, як тое было летась у лютым, калі пад ціскам страйкаў дробных гандляроў Аляксандар Лукашэнка адмяніў драконаўскі парадак падаткаабкладаньня прадпрымальнікаў. Знакам павагі з боку бізнэсоўцаў стала абраньне Пячэрскага летась старшынём Аб'яднанага Камітэту Прафсаюзаў Прадпрымальнікаў Менску й Менскай вобласьці «Садружнасьць». «Такога чалавека мы ўжо болей ня знойдзем», — кажуць сёньня ў смутку паплечнікі Пячэрскага па прафсаюзе.

Бізнэсовец, адданы змагар за эканамічную свабоду, за свабоду бізнэсу — даволі рэдкая постаць у Беларусі, але Арнольд Пячэрскі не абмяжоўваўся толькі прафсаюзнай працай. Ён лічыў, што ў краіне, дзе прэзыдэнт адкрыта называе прадпрымальнікаў «вшивыми блохами», перамога бізнэсоўцаў у барацьбе за свае правы можа быць толькі часовай і частковай. І таму ён імкнуўся да свабоды ўсяго беларускага народу, усёй Беларусі, і змагаўся за яе.

Пячэрскі быў сябрам Беларускага Народнага Фронту, з пачатку перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 1999 году стаў даверанай асобай Міхаіла Чыгіра, адным з найбольш эфэктыўных і энэргічных сяброў ягонага перадвыбарчага штабу. Ягоным выбарам была беларуская дэмакратыя, і таму ён не дзяліў апазыцыянераў, змагароў з дыктатурай на «чыстых» і «нячыстых». І вось, у найвастрэйшы момант палітычнай барацьбы — сьмерць. Раптоўная і загадкавая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG