Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Расея гатовая пайсьці на стварэньне беларуска-расейскай канфэдэрацыі. Пра гэта пасьля закрытага паседжаньня Рады Бясьпекі Расеі паведаміў міністар справаў СНД Барыс Пастухоў. Разам з тым інфармацыйныя агенцтвы распаўсюджваюць зьвесткі, што беларускі бок мае намер запрапанаваць Расеі радыкальны плян інтэграцыі. Гэты плян можа быць абмеркаваны падчас сустрэчы Барыса Ельцына і Аляксандра Лукашэнкі, якая адбудзецца у Маскве 28 красавіка.

Сеньня Рада Бясьпекі Расеі сфармулявала афіцыйную пазыцыю расейскага боку да працэсу інтэграцыі зь Беларусьсю. Расейкі бок бачыць мэтай інтэграцыі стварэньне новага аб'яднаньня канфэдэрацыйнага тыпу. Да 1 чэрвеня плянуецца падрыхтаваць узгоднены праект новай саюзнай дамовы. Пра ўсё гэта пасьля паседжаньня Рады Бясьпекі паведаміў расейскі міністар справаў СНД Барыс Пастухоў. «Калі праект дамовы падтрымае палітычнае кіраўніцтва дзьвюх дзяржаваў, — заявіў Пастухоў, — ён будзе вынесены на агульнанароднае абмеркаваньне».

У сваю чаргу сакратар Рады Бясьпекі Уладзімер Пуцін заявіў журналістам: «Аб'яднаньне Расеі й Беларусі ў адзіную дзяржаву разглядаецца ўдзельнікамі паседжаньня Рады Бясьпекі як стратэгічная мэта».

Уладзімер Пуцін таксама заўважыў, што апошнія падзеі на Балканах яшчэ раз пацьвердзілі актуальнасьць паскарэньня інтэграцыі Беларусі й Расеі.

Разам з тым, ёсьць падставы меркаваць, што погляды беларускагай расейскага бакоў на мэту інтэграцыі не супадаюць цалкам. Сёньня агенцтва Інтэрфакс распаўсюдзіла паведамленьне. Там са спасылкай на неназваныя крыніцы ў Менску гаворыцца, што беларускі бок распрацаваў радыкальны плян інтэграцыі. Згодна з гэтай інфармацыяй, беларускі праект прадугледжвае стварэньне пасады прэзыдэнта саюзнае дзяржавы, фармаваньне агульнага ўраду і парлямэнту. Такім чынам размова ідзе пра адзіную дзяржаву з адзінай сыстэмай улады і органамі кіраваньня. Паводле непацьверджанай інфармацыі, гэты праект ужо накіраваны Барысу Ельцыну і той зь ім азнаёміўся.

У паведамленьні агенцтва гаворыцца, што прапановы беларускага боку мусяць быць разгледжаныя падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Барыса Ельцына, якая адбудзецца 28 красавіка ў Маскве.

Там таксама сьцьвярджаецца, што ня ўсе прадстаўнікі расейскага боку падтрымліваюць радыкальныя прапановы Менску. Быццам бы шэраг афіцыйных асобаў з расейскага боку выступаюць супраць стварэньня любых новых наднацыянальных структураў, акрамя тых, што існуюць цяпер.

Наколькі пляны беларускага кіраўніцтва супадаюць з той пазыцыяй, якую абмеркавала сёньня Рада Бясьпекі Расеі, стане зразумела самым бліжэйшым часам.

У любым выпадку відавочна, што стварэньне агульнае дзяржавы мусіць ажыцьцяўляцца толькі праьз зьмены Канстытуцыяў абедзьвюх краінаў. Але расейскі міністар Барыс Пастухоў гаварыў сёньня толькі пра нейкае агульнанароднае абмеркаваньне. Такая форма высьвятленьня грамадзкае думкі не прадугледжаная Канстытуцыяй і законамі Расеі. Такім чынам, можна вылучыць вэрсію, што расейскі бок пакуль ня вельмі жадае праводзіць рэфэрэндум па стварэньні саюзнае дзяржавы і ўнясеньні зьменаў у расейскую Канстытуцыю.

Ускосна гэта пацьвердзіў і сакратар Рады Бясьпекі Ўладзімер Пуцін. Ен заявіў, што Расея мусіць прапанаваць рэалістычную мадэль структуры ўлады ў новым дзяржаўным аб'яднаньні, якая будзе спалучацца з дзейнымі Канстытуцыямі і з палітыка-дзяржаўнымі сыстэмамі Беларусі і Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG