Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ўначы была абрабаваная штаб-кватэра кандыдата ў прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра. Агульны кошт скрадзенай аргтэхнікі складае 1500 даляраў. Жонка Чыгіра Юлія назвала сытуацыю правакацыяй спэцслужбаў. Сьледчыя ворганы настойваюць на вэрсіі трывіяльнага абрабаваньня.

Пакуль што дакладна вядома, што невядомыя людзі сёньня ўначы здолелі патрапіць у перадвыбарчы штаб Чыгіра, у выніку чаго з кватэры зьніклі кампутар, факс і тэлевізар агульным коштам 1500 даляраў. Падчас майго зьяўленьня каля абеду ў штабе прыкметаў ператрусу не было, але жонка Міхаіла Чыгіра Юлія паведаміла, што зранку ў кватэры было ўсё перагорнута. Прыкметаў узлому дзьвярэй не назіралася. У маленькай палове закратаванага акна кватэры была выбітая шыбіна.

Начальнік сьледчага аддзелу Фрунзэнскага РАЎСу Анатоль Куляшоў заявіў нашаму радыё, што ў штаб-кватэры Чыгіра адбылося трывіяльнае абрабаваньне. Сусед з чацьвертага паверху выклікаў міліцыю ўначы, калі пабачыў, што ў кватэру спрабуюць улезьці рабаўнікі. Міліцыя зьявілася а палове шостай раніцы. Калі рабаўнікі ўцякалі, дык кінулі ў двары манітор ад кампутара.

Юлія Чыгір паведаміла нашаму радыё сваю вэрсію абрабаваньня. Паводле яе, а палове шостай раніцы двое міліцыянтаў пастукалі ў вокны суседняй з штабам кватэры, бо не маглі ўвайсьці ў кадаваны пад'езд. Суседка адчыніла міліцыянтам дзьверы. Далей, паводле вэрсіі сп-ні Чыгір, спэцслужбы пад выглядам міліцыянтаў здолелі патрапіць у кватэру пры дапамозе падробленых ключоў — таму няма сьведчаньняў узлому. Перш за ўсё іх цікавіла інфармацыя, таму быў скрадзены кампутар.

(Ю.Чыгір:) «У нас дома калі быў вобыск, то там таксама забралі наш асабісты кампутар — для таго, каб счытаць там інфармацыю. І ў тым кампутары заставалася інфармацыя пра групы падтрымкі Чыгіра. Можа, яны лічылі, што астатнія сьпісы захоўваюцца ў гэтым кампутары... Гэта таксама інфармацыя, якая мае для іх палітычнае значэньне».

Пры гэтым Юлія Чыгір заўважыла. што клявіятура і мыш ад кампутара скрадзеныя не былі. Сэйф, дзе маглі захоўвацца грошы, рабаўнікі таксама не ўзялі. Факс і тэлевізар узялі для імітацыі абрабаваньня. З той самай мэтай была выбітая шыбіна ў маленькім закратаваным акенцы. Самае сьмешнае — што акно выходзіць на апорны пункт міліцыі, а кватэра на вуліцы Танкавай месьціцца на першым паверсе.

Умоўныя «рабаўнікі» пакінулі цыдулку, у якой параілі пацярпелым зьвярнуцца па дапамогу ў Фрунзэнскі РАЎС Менску.

Як лічыць Юлія Чыгір, мэта абрабаваньня — прымусіць кіраўнікоў штабу зьвярнуцца ў сьледчыя ворганы, якія ў сваю чаргу атрымаюць цудоўную магчымасьць адсочваць усіх былых і будучых наведнікаў штаб-кватэры, а таксама выклікаць наведнікаў на допыты. Менавіта таму заяву аб абрабаваньні кіраўнікі штабу не складалі і ў праваахоўчыя ворганы не зьвярталіся, паведаміла Юлія Чыгір.

(Ю.Чыгір:) «Я лічу, што гэта толькі міліцыянты самі зрабілі ўсё гэта. Гэта і палітычная акцыя, і таксама акцыя запалохваньня — запалохваньня нашых суседзяў, запалохваньня членаў нашай каманды. Цяпер яны думаюць, што пасьля гэтай заявы будуць запрашаць абсалютна ўсіх людзей — хто сюды ходзіць — бо гэта ж ясна, што калі нехта прабраўся ў кватэру, дык тут могуць мець дачыненьне тыя, хто сюды ходзіць. Цяпер мы ўсіх павінны называць, хто ходзіць, і іх маюць права выклікаць да сябе для допыту і ставіць любыя пытаньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG